«Нікому няма справы, ці беларусы — нашчадкі паўстанцаў-1863, Каліноўскага, ВКЛ, Вітаўта, Астрожскага»

Алесь Кіркевіч разважае на budzma.me пра тое, адкуль такая ўвага да паўстання Каліноўскага і чаму Зяленскі ў сваёй прамове не ўзгадаў беларусаў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Угодкі Студзеньскага паўстання прайшлі ў рэжыме разборак: «м*скалі» або «чужая ўлада», што там нагаварылі Зяленскі і Ціханоўская, дзе ў шэрагах інсургентаў месца беларусаў, а дзе — украінцаў? Прайшло 160 гадоў, але нават да больш-менш адзінага бачання тых падзей — далёка.

Паўстанне-1863 як гістарычны сюжэт актуалізавалася. Зараз да яго прынята дадаваць «антырасійскае» — удалы маркетынгавы ход, каб прадаць што-кольвек на палітычным і культурным рынку. І гэта правільна. А як яшчэ дастаць з шуфляды і зацікавіць некага падзеямі 160-гадовай даўніны?


Паўстанне-1863, якое раней цікавіла як гістарычная веха адно палякаў і ў меншай ступені беларусаў з літоўцамі, зараз патрэбнае ўсім. Нават тым, хто гістарычна быў менш за ўсё да яго датычным. Пачытайце цудоўнага аўтара ўкраінскай гістарычнай прозы Рамана Іванычука: у яго паўстанцы паказаныя акурат палякамі, прычым, даволі гратэскна — фанабэрыстыя аматары балоў, выпівохі і пустаплёты. Але бог з ім.

Фіны і каўказцы ў 1863-м таксама не далучыліся

Хай гісторыкі, канешне, разбяруцца, ці ўкраінцы ўдзельнічалі ў тым паўстанні. Калі ўдзельнічалі, то як. Але з таго, што я памятаю — ніяк. Удзельнічалі палякі, якія жылі і валодалі зямлёй на Валыні і Падоллі. У палякаў з украінцамі тады былі складаныя адносіны, а Уманская разня была яшчэ свежай у памяці. Узаемных крыўдаў было зашмат, таму Арханёл Міхаіл на траістым гербе паўстанцаў так і застаўся... прыгожым гербам і марай.

На той момант было так. Украінцам яшчэ ніхто не паведаміў, як яно будзе з расіянамі ў ХХ і ХХІ ст., а вось «цёркі» з палякамі былі зусім блізка, навідавоку. Нагадаю, да Паўстання-1863 не далучыліся таксама фіны і нават каўказцы, хоць Нацыянальны Урад інсургентаў у Варшаве моцна на іх разлічваў. Гэта была рацыя стану і рашэнне нацыянальных эліт: далучацца ці не. Фіны дакладна не пашкадавалі: спакойна дажылі да 1917-га ды — вырваліся з імперыі.

Што такое ULB?

Чаму тое паўстанне зараз стала мэйнстрымам — зразумела. Гэта яшчэ адно гістарычнае сведчанне еднасці народаў між Балтыкай і Чорным морам у супрацьстаянні з Расіяй. Ёсць бітва пад Оршай-1514, хай будзе і Паўстанне-1863. Чым больш, тым лепш. Акцэнтавацца трэба на тым, што аб'ядноўвае.


Жыў сабе некалі Ежы Гедройць, польскі эмігрант у Парыжы, у гонар якога пазней назвалі літаратурную прэмію для беларусаў. Але палякі яго ведаюць праз іншае: канцэпцыю ULB (Украіна, Літва, Беларусь). Згодна з Гедройцем, палякі маюць сябраваць з гэтымі суседнімі народамі, дапамагаць адно аднаму і не акцэнтавацца на гістарычных крыўдах. Бо гэтак прасцей жыць і развівацца.

Раней тое самае казаў (але не рабіў) Пілсудскі. У 1990-я пра гэта шматкроць казалі аматары Балта-Чарнаморскага звязу. Зараз, урэшце, палітычная рэальнасць сама падказвае такую канфігурацыю: Польшча + Літва + Украіна + Беларусь як усходнееўрапейскі саюз на памежжы двух сусветаў — Захаду і Усходу. Паўстанне-1863 тут — бліскучая манетка ў капілку.

Ну і што вы хочаце ад Зяленскага?

Дык чаму Зяленскі не ўзгадаў беларусаў, гаворачы пра тое Паўстанне? Ясна, кан'юнктура і гульня з электаратам. Як патлумачыць сярэднестатыстычнаму ўкраінцу, што краіна, з якой ляцяць ракеты на Кіеў, таксама спадчынніца антырасійскага паўстання? Шызафрэнія.

Тым больш, калі нават прадстаўніца «альтэрнатыўнай Беларусі» Ціханоўская падмяняе слова «м*скалі» на «чужая ўлада» ў вядомай цытаце Каліноўскага. Калі гэта не кан'юнктура і не гульні з патэнцыйным электаратам — то што?


А вось цытата з фэйсбуку аднаго з топавых інтэлектуалаў ад гісторыі, шаноўнага Валера Булгакава: «У ФБ такі цяпер настрой, нібыта беларусы як нацыя — нашчадкі паўстанцаў 1863 г. Але суровая праўда палягае ў тым, што цяперашнія беларусы — у абсалютнай большасці нашчадкі тых, хто да паўстання не далучыўся».

Ну і што вы хочаце ад Зяленскага? Каб ён тлумачыў беларусам нейкую гістарычную праўду па тэме, па якой няма згоды сярод саміх беларусаў?..

У сучасным свеце няма ніякай розніцы, хто чый нашчадак. Важна тое, кім ты ёсць сёння. Наколькі адпавядаеш той спадчыне, ад якой публічна выводзіш свой радавод.

Нашчадкі Аляксандра Македонскага, атлантаў і пастухоў...

Ёсць кейс Македоніі: македонцы ўсім даводзяць, што яны нашчадкі Аляксандра Македонскага. З іх пасмейваюцца нават грэкі, якія лічаць сябе нашчадкамі Платона і Арыстоцеля. З іх смяюцца італьянцы, якія, у сваю чаргу, лічаць сябе нашчадкамі Рыма, хоць ніколі не будуць мець і дзясятай часткі таго ўплыву ані ў свеце, ані ў Еўрасаюзе. Такіх гісторый толькі ў Еўропе — безліч. Не кажучы пра «нашчадкаў» Старадаўняй Персіі, Міжрэчча ці імперыі Майя...

Да пары смяяліся нават з яўрэяў. Дзе ж ён, народ Майсея і Абрама, сярод гандляроў селядцом з Чарнаўцоў ці Пінска?.. Пасля яўрэі давялі — вось ён, гэты народ. Вось нашчадкі Давіда, якія перамагаюць Галіяфа: сярод той самай пустыні, але ўжо на танках. Вось цвярдыня Масад ажывае ў назве легендарнай ізраільскай спецслужбы. І ўсе супакоіліся. І ніхто нічога не скажа. Так яно і працуе.

Скажу страшную рэч: нікому няма справы, ці беларусы — нашчадкі паўстанцаў-1863, Каліноўскага, ВКЛ, Вітаўта, Астрожскага. Ані фізічна, ані духоўна. Кожны верыць у тое, ува што верыць. Хоць ты нашчадак атлантаў, хоць пастухоў з берагоў Іардана — без розніцы. Кожны ёсць тым, кім ён ёсць. Але каб твая гістарычная генеалогія, якую ты абараняеш публічна, не выклікала ўсмешак, трэба ёй адпавядаць.

Усё проста.