Мірныя людзі? Да якой менавіта вайны не рыхтуецца Беларусь?

Пытанне да ўлады: Чаму ўтрыманне войскаў РФ у Беларусі аплачваюць беларусы?  

marsz_adzinstva_6__14__logo_3.jpg

Святлана Ціханоўская была надзвычай уражана, як моцна вырас бюджэт Мінабароны — усё гэта аплачваецца з падаткаў беларусаў.

— Вы бачылі бюджэт Беларусі на 2023 год? На Мінабароны вылучаюць 2,7 мільярда рублёў, на МУС — яшчэ амаль 1,5 мільярда. Агулам на сілавыя структуры, суды і праваахоўную дзейнасць выдаткуюць 6,8 мільярдаў рублёў. Проста параўнайце гэтую лічбу з бюджэтам на міністэрства ЖКГ — 6,7 мільёнаў рублёў. Няцяжка палічыць, што розніца фактычна ў тысячу разоў. У тысячу разоў больш грошай рэжым траціць на свой рэпрэсіўны апарат, чым на рашэнне праблем людзей у Беларусі. Пры гэтым цэны на паслугі ЖКГ на працягу 2023 года вырастуць у два разы.

Яшчэ адна страшная знаходка апошніх дзён — гэта апублікаваны дакумент, з якога вынікае, што ўтрыманне расійскіх войскаў у Беларусі таксама аплачваюць беларусы. Так, у дакуменце пагаднення паміж РФ і РБ аб сумеснай падрыхтоўцы вайскоўцаў так і напісана: знаходжанне расійскіх войскаў у Беларусі ажыццяўляецца «на бязвыплатнай аснове» для Расіі. А дзяржава пры гэтым пераконвае, што Беларусь ні ў якой вайне не ўдзельнічае і не плануе.

Не трэба быць экспертам, каб зразумець: бюджэт дзяржавы складаецца з падаткаў грамадзян. А значыць, бюджэты на міністэрства абароны, якія жахліва растуць, — гэта грошы беларусаў, што трацяцца на ваенізацыю і ўтрыманне чужога войска.

Таму ў мяне застаецца адно пытанне, якое народ Беларусі мае права задаць тым, хто лічыць сябе ўладай: дык да якой менавіта вайны не рыхтуецца Беларусь?