У акупаваную РФ украінскую Кірылаўку заехалі беларускія вайскоўцы?
У акупаванае арміяй РФ мястэчка ў Запарожскай вобласці заехалі беларускія вайскоўцы. Прынамсі, пра гэта заявіў мэр Мелітопаля.

Расійскія захопнікі працягваюць нарошчваць сваю прысутнасць ва Украіне. Мелітопальскі гарадскі галава Іван Фёдараў напісаў пра беларускіх вайскоўцаў, што вырашылі дапамагаць арміі РФ утрымліваць захопленыя ўкраінскія тэрыторыі. Пра гэта ж ён казаў і ў эфіры марафону. «У іх шаўроны віцебскіх падраздзяленняў — нейкай часткі ці брыгады». Можа, беларускія вайскоўцы будуць казаць, што гэта ўдзельнікі прыватных вайсковых кампаній, дапусціў мэр Мелітопаля.
«Акупанты Запарожскай вобласці распаўсюджваюць "папярэджанне аб абстрэлах" у прапагандысцкіх сацсетках», — заявіў мэр горада.
Фёдараў расказаў, што ў Мелітопалі праз кожныя 100 метраў расставілі ваенных, спыняюць аўто і мінакоў, правяраюць дакументы і тэлефоны, папярэджваюць аб «пагрозе» з боку УСУ. У пасёлку Мірны Мелітопальскага раёна закрылі школу да 30 студзеня — гэта патлумачылі «абаронай дзяцей ад удараў УСУ».
Мэр Мелітопаля распавёў пра мэты арміі РФ на захопленай тэрыторыі:
прымусіць жыхароў не чакаць УСУ, а баяцца ўкраінскага войска;
апраўдаць любы тэрор у акупацыі «абаронай» цывільных людзей;
абстрэльваць цывільную інфраструктуру і перакласці віну на УСУ;
нарошчваць вайсковыя сілы на акупаваных тэрыторыях.
«Так, учора і сёння ў Кірылаўку заехалі беларускія вайскоўцы», — дадаў Фёдараў.