Эксперт: Рэжым кажа, маўляў, напішыце самі пра склад злачынства, а то мы не ведаем, за што вас судзіць
Навошта ўлады клічуць беларусаў вярнуцца ў краіну і ці варта разлічваць на масавую рэпатрыяцыю?
6 лютага Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні камісіі для
працы з беларусамі, якія жадаюць вярнуцца на радзіму. Для чаго ён зазывае «збеглых» назад і ў прынцыпе чаму надае столькі часу гэтай тэме,
разважае эксперт у сферы адукацыі, прадстаўнік грамадскай платформы «Рэфармуем сістэму
адукацыі разам!» Андрэй Лаўрухін.
— Відавочна, гэта інструмент легітымізацыі ягонай улады, — цытуе Лаўрухіна «Салідарнасць» са спасылкай на «6TV Bie*aruś». — Гаворка ідзе пра тое, што палітычныя тэарэтыкі,
эканамісты называюць сацыяльным кантрактам або грамадскай дамовай. Калі ўлада
ўтрымліваецца надзейна, забяспечвае свае кантралявальныя і іншыя функцыі? Калі
ёсць кансэнсус у грамадстве, ёсць хаця б базавы давер.
Вядома, ніхто гэты грамадскі дагавор не падпісвае — ён
дзейнічае па змоўчанні, ёсць нейкія няпісаныя правілы гульні.
Напрыклад, ёсць, з аднаго боку, дзяржаўная ўлада, якая кажа:
я вам забяспечу, грамадзяне, як мінімум, бяспеку. І ў некаторых, досыць бедных,
краінах грамадзяне згодныя ўжо на гэта. Хай жыццё не вельмі багатае і не
вельмі высокай якасці, затое дзяржава забяспечвае гэты базавы ўзровень: няма
грамадзянскай вайны і іншых пагроз.
Для нейкіх іншых дзяржаў гэтага недастаткова, і неабходны
таксама камфортны ўзровень жыцця, якасная адукацыя, медыцына і гэтак далей — у
залежнасці ад патрэб, развітых у грамадзян.
У нашай сітуацыі самае цікавае ў тым, што прапануе гэты
сацыяльны кантракт тая дзяржава, якая і ўяўляе самую вялікую пагрозу для
грамадзян. Яна не проста так кажа, а працягвае паперку, якую «збеглыя» павінны
падпісаць — фактычна, данос на самога сябе.
А ўзамен што атрымаць? Гаворка не ідзе нават пра бяспеку. Гэта,
скажам так, запрашэнне на пакаранне смерцю. Дзяржава цынічна і ляніва
прапануе: «Напішыце, калі ласка, самі пра склад злачынства, а то мы не ведаем, за
што вас судзіць».
Зрэшты, адзначае эксперт, ёсць і іншы бок медаля — яго Лукашэнка і чыноўнікі падаюць як жэст добрай волі і гатоўнасць ісці на
кампраміс, прапаноўваючы «перагарнуць старонку».
Ці маглі стаць прычынамі з'яўлення ўказа іншыя
фактары — кадравы голад, адток спецыялістаў, пагаршэнне сітуацыі ў эканоміцы і г. д.?
— Эканамічныя прычыны — збольшага, — лічыць Андрэй Лаўрухін. — Як мы ведаем, сур'ёзна агалілася сфера IT, не выключаю, што і ў сферы медыцыны
не хапае менавіта тых лекараў, якія лечаць хваробы «вярхушкі». Але гэта не
вызначальныя фактары. Першасны ўсё ж момант аднаўлення легітымнасці і хаця б
ілюзіі грамадскай згоды.
На думку Лаўрухіна, павесціся на аб'юзіўную
ініцыятыву могуць дзве катэгорыі людзей, якія з'ехалі з краіны: тыя, хто трапіў
у адчайнае становішча і адчувае сур'ёзныя цяжкасці з легалізацыяй,
працаўладкаваннем, адаптацыяй да ўмоў жыцця ў чужой краіне. А таксама тыя, хто,
магчыма, з'ехаў прэвентыўна, больш з боязі, чым праз рэальны пераслед за
грамадзянскую пазіцыю, і хто дастаткова наіўны, каб усё ж паверыць беларускім
уладам.
— Я ўпэўнены, што жадаючых вярнуцца па новым указе будзе
невялікая колькасць, — кажа эксперт, — усё ж такі беларусы ўжо даўно зразумелі,
з кім і з чым яны маюць справу.
Ацэньваючы верагоднасць змякчэння рэпрэсій і ў дачыненні да
тых апанентаў улады, якія знаходзяцца ў Беларусі, у прыватнасці, палітвязняў,
Андрэй Лаўрухін нагадвае, што паказальныя «пакаянныя» акцыі, кампанію з
памілаваннем і амністыяй улады ўжо праводзілі, але на волі ў выніку аказваліся
адзінкі.
А калі так адразу пачаць быць добрымі, ёсць рызыка, што
грамадзяне палічаць гэта слабасцю — і могуць адкрыцца шлюзы новай хвалі
пратэстаў. Таму ўлада калі і будзе рабіць паслабленні, то піпетачнымі,
аптэчнымі дозамі: крок наперад — два назад. На вялікі жаль, на масавыя
вызваленні не даводзіцца разлічваць.
Больш за тое, перакананы Лаўрухін, нават пасля змены ўлады
не варта разлічваць на масавую хвалю вяртання палітэмігрантаў.
— Калі людзі кажуць, што вернуцца адразу ж, як толькі
сітуацыя ў краіне зменіцца, яны зыходзяць з ідэальнай карціны, намаляванай
уяўленнем і падсілкаванай нашымі жаданнямі. Я цалкам разумею гэтыя жаданні і
нават гатовы ўзяць валізкі і зняцца з месца. Але — мы павінны рэальна
ацэньваць сітуацыю.
Каб усё адным махам, адразу перайшло ў дэмакратыю — такога
няма і быць не можа.
Мы залежныя ад вонкавага фактару, ад таго, што будзе
адбывацца ў Расіі. А там, прабачце, яшчэ конь не валяўся. Там грамадства, наадварот,
мілітарызуецца, кансалідуецца вакол правадыра. Для мяне па-ранейшаму
незразумела, як перамога Украіны можа разбурыць палітычны рэжым і кансерватыўны
альянс, які склаўся ў Расіі. А гэта ключавы фактар.
Да таго ж унутры Беларусі не менш за 30% прыхільнікаў
Лукашэнкі. Зноў круціцца старая думка ў новай абгортцы: маўляў, які малайчына,
выратаваў нас ад вайны, а інакш «была б у нас цяпер Украіна». І гэтыя людзі
нікуды не падзенуцца, і многія з іх знаходзяцца ва ўладзе.
І нават калі ўявіць сабе цудоўны момант, што раптоўна — няма ні Пуціна, ні Лукашэнкі, як вы думаеце, што будзе адбывацца ў адной і другой краіне? Хутчэй за ўсё, сілавікі, якія маюць дачыненне да злачынстваў, будуць старацца ўтрымаць уладу ўсімі спосабамі, уключаючы ваенную дыктатуру. Таму што ім няма куды дзявацца з падводнай лодкі.
Адпаведна, узнікае пытанне: у Беларусі цяпер ёсць сілы, якія
гатовыя абараніць сваё права на дэмакратыю? Акрамя палка Каліноўскага, які
ваюе ў іншай краіне, і запэўненняў Зянона Пазняка, што ў Беларусі ўжо ўсе
гатовыя, вілы хаваюць пад ложкамі, ніякіх іншых гарантый або магчымасцей ніхто
не ведае.
І яшчэ адзін вельмі важны момант: калі мы вяртаемся,
то нас чакае вельмі жорсткая пасадка эканамічнага характару. Санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі, так хутка не знікнуць, нават калі іх заўтра
адменяць. А пакуль ідзе вайна, дамоклаў меч таго, што рэжым уляпаецца ў яе яшчэ
больш і краіна атрымае новыя санкцыі і рэпарацыі, вісіць над усімі намі.
Акрамя таго, падкрэслівае Андрэй Лаўрухін, на дапамогу
звонку ў аднаўленні эканомікі разлічваць асабліва не даводзіцца:
— Трэба будзе ўсім светам падымаць з руін Украіну, а гэта
сотні мільярдаў долараў. І Беларусь калі і зможа разлічваць на дапамогу,
напрыклад, ЕС, то толькі ў нейкай чарзе — далёка не першай.
І ў гэтай сітуацыі якая матывацыя будзе вяртацца ў тых, хто
з'ехаў? Безумоўна, будуць патрыёты, і яны прыедуць, каб дапамагаць. Але шмат
хто будзе разважаць проста як абывацелі: выдаткаваць столькі гадоў на
пераадоленне цяжкасцей, наладжванне побыту, забеспячэнне бяспекі, а цяпер гэта
мяняць — патрэбен нейкі раўнацэнны абмен.
А Беларусь будзе ўяўляць сабой раскіданы мурашнік. І
трэба гэта цвяроза ацэньваць, прымаць узважаныя рашэнні на аснове не дэкларатыўных лозунгаў, а ацэнкі рэальных рызык.