Адказ на прысуд Пачобуту? Польшча закрывае пункт пропуску «Баброўнікі»
У Гродзенскай вобласці не застаецца пагранпераходаў з Польшчай. Сваё рашэнне Варшава прыняла праз дзень пасля прысуду Андрэю Пачобуту.

Фота rgazeta.by
Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі.
«З-за важных інтарэсаў дзяржаўнай бяспекі я вырашыў прыпыніць … з 12:00 10 лютага гэтага года рух на польска-беларускім пагранпераходзе ў Баброўніках», — паведаміў ён.
З беларускага боку на гэтым пераходзе знаходзіцца пункт пропуску «Бераставіца».
Апроч таго Камінскі паведаміў, што ўлады Польшчы маюць намер увесці новыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў у адказ на прысуд Пачобуту. «Я даручыў сваім службам падрыхтаваць заяўкі на ўключэнне ў санкцыйны спіс чарговых асоб, звязаных з рэжымам Лукашэнкі, адказных за рэпрэсіі супраць палякаў у Беларусі», — напісаў ён.
Нагадаем, што з лістапада 2021 года праз мігранцкі крызіс не працуе і пераход «Брузгі — Кузніца». Такім чынам, у Гродзенскай вобласці не застаецца пагранпераходаў з Польшчай. Каб трапіць з Гродзенскай вобласці ў суседнюю краіну, цяпер трэба ехаць або праз Брэст, або праз пераходы на мяжы Беларусі і Літвы (Беняконі, Прывалка). Гэта моцны ўдар па эканоміцы рэгіёна і прыватных кантактах.
Учора, 8 лютага,
быў абвешчаны прысуд журналісту і актывісту польскай нацыянальнай меншасці
Андрэю Пачобуту — 8 гадоў узмоцненага рэжыму. Яго судзілі ў закрытым рэжыме. Пачобут прызнаны палітвязнем.
