Хронікі рэпрэсій. Паўтары гады за антываенныя выказванні ў чаце на тры чалавекі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 10 лютага.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


Пракурор запрасіў 8 гадоў калоніі для 57-гадовага медыка са Смаргоні Яўгена Бужынскага за каментары ў інтэрнэце. Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да яго быў пачаты 30 студзеня ў Гродзенскім абласным судзе. Лекара абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады; абразе прэзідэнта; распальванні варожасці; закліках да санкцый і гвалту альбо пагрозе гвалту ў дачыненні да службовай асобы.

Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Абвяшчэнне прысуду прызначанае на 13 лютага.

Яўген Бужынскі быў затрыманы 9 чэрвеня 2022 года. 23 снежня КДБ унёс лекара ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

* * *

15-гадовага брата адміністратара каналу «С*польнасць чыгуначнікаў» трымаюць у СІЗА. Яму прад'яўлена абвінавачанне па крымінальнай справе, магчымы тэрмін зняволення па абвінавачванні — ад 3 да 10 гадоў!, піша тэлеграм-канал. Згодна іх звесткам, дзіця падвяргаецца жорсткаму ціску з боку сілавікоў, з яго выбіваюць прызнальныя паказанні. Адвакаты доўгі час не дапускаліся, бацькам адмаўлялі ў сустрэчы.

* * *

Стала вядома, што нядаўна адміністрацыя Гарадзенскай калоніі №1 адправіла палітвязня Мікалая Дзядка ў ШІЗА на 7 дзён. Апошні раз ён адседзеў 7 сутак у ШІЗА ў студзені. Прычыны невядомыя.

Мікалая затрымалі 11 лістапада 2020 года, пасля чаго жорстка збілі і катавалі. Яго прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі. 28 чэрвеня палітвязню пакаранне было ўзмоцнена і ён пераведзены на турэмны рэжым. На яго ўвесь час аказваецца ціск у турме — толькі летам яго пратрымалі ў ШІЗА 44 дні без перапынку па надуманых прычынах.


* * *

Спявачка Аляксандра Захарык была пераведзеная з Акрэсціна ў СІЗА на Валадарскага. Дзяўчыну затрымалі 30 студзеня ва ўласнай кватэры пасля ператрусу. Ёй інкрымінуюць артыкул 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

* * *

10 лютага Магілёўскі абласны суд вынес прысуд тром «рэйкавым партызанам» Дзмітрыю Клімаву, Уладзіміру Аўрамцаву і Яўгену Мінкевічу з Бабруйска. Першыя двое былі прысуджаныя да 22 гадоў пазбаўлення волі, а апошні — да 1,5 гадоў пазбаўлення волі. Адзначаецца, што Мінкевіч быў вызвалены ад пакарання на няпоўны тэрмін у адзін год паводле закона «аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». З улікам часу, праведзенага пад вартай, пакаранне лічыцца адбытым.

Паводле абвінавачання, мужчыны датычныя да знішчэння двух рэлейных шаф сігнальнай устаноўкі пад Асіповічамі. Дзмітрый Клімаў быў паранены сілавікамі пры затрыманні.

Дзмітрыя Клімава і Уладзіміра Аврамцева судзілі па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «тэракт», «дзяржаўная здрада» і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі». Суддзя Ігар Шведаў два тыдні разглядаў справу за зачыненымі дзвярыма.

* * *

10 лютага МУС у чарговы раз абнавіла «спіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Ён папоўніўся яшчэ на 28 чалавек. Цяпер у ім 2416 чалавек. Сярод новых «экстрэмістаў» — актывістка Свабоднага прафсаюза м*талістаў Яніна Малаш, сёстры Інга і Карына Рэйдальф, спявачка Мерыем Герасіменка, сябры АГП Артур Смалякоў, Дзіяна Чарнушына і Андрусь Асмалоўскі, а таксама гомельскі актывіст Ілля Міронаў.

* * *

Судовыя спрэчкі па «справе «Вясны» завершаныя — у панядзелак праваабаронцы выступяць з апошнім словам. Прысуд будзе абвешчаны ў пачатку сакавіка.


* * *

Журналіста-расследавальніка Сяргея Сацука адправяць у турму на 8 гадоў —Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд першай інстанцыі, паведамляе БАЖ. Судовае паседжанне па справе журналіста адбылося 10 лютага ў закрытым рэжыме.

* * *

Суд Ленінскага раёна Магілёва 2 лютага прызнаў 41-гадовага Міхаіла Карпешку вінаватым у абразе Лукашэнкі. Паводле матэрыялаў абвінавачвання, Міхаіл, пасля пачатку поўнамаштабнага вайсковага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну, у сакавіку 2022 года пакінуў паведамленне ў «публічным чаце ў мэсэнджары Telegram», у якім выказваліся перажыванні аб магчымым пачатку вайны на тэрыторыі Беларусі.

Пры гэтым па даных праваабаронцаў, у Карпешкі і двух яго сяброў быў чат на трох чалавек, прычым закрыты. Крымінальная справа была ўзбуджана праз 9 месяцаў пасля публікацыі паведамлення — у лістападзе 2022 года. Сведкамі на судзе выступілі двое іншых удзельнікаў чата — сябры Карпешкі, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт.19.11 КаАП РБ.

Суд пастанавіў прызнаць Карпешку вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў ва ўмовах агульнага рэжыму.

* * *

Супраць затрыманага ў пачатку лютага праграміста Андрэя Філіпчыка распачалі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Пасля затрымання сілавікі паведамлялі, што 32-гадовы мужчына ўдзельнічаў у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», а таксама адміністраваў тэлеграм-канал «Па-беларуску», які публікаваў жарты і мемы на беларускай мове.

ГУБАЗіК пісаў, што на канале прасоўваліся «лацінка і нянавісць да рускамоўнай сацыякультурнай прасторы».

* * *

43-гадовы псіхолаг з Оршы Андрэй Рускіх, якога сілавікі затрымалі ў Санкт-Пецярбургу, чакае суда ў СІЗА №2 горада Віцебска. Мужчыну ставяць у віну абразу Лукашэнкі (артыкул 368 КК Беларусі) і «распальванне варожасці» (артыкул 130 КК Беларусі).

Затрымалі Рускіх 28 траўня ў Санкт-Пецярбургу. 20 снежня Санкт-Пецярбургскі гарадскі суд пастанавіў экстрадаваць псіхолага ў Беларусь. Цяпер ён знаходзіцца ў віцебскім СІЗА.

Андрэй Рускіх — псіхолаг-сэксолаг, псіхатэрапеўт, аўтар кнігі «Дакучлівыя думкі, страхі і ВСД. Як вярнуць паўнавартаснае жыццё». Да снежня 2021-га ён жыў у Оршы, а пасля пераехаў у расійскі Уладзімір.