Выратаваць з палону Лукашэнкі. Як розныя дзяржавы вызваляюць сваіх грамадзян з беларускіх турмаў

Днямі лукашэнкаўскі суд вынес людажэрны вырак журналісту польскага паходжання Анджэю Пачобуту. Адказ Варшавы быў імгненным: ужо назаўтра пасля прысуду было абвешчана аб закрыцці памежнага пункту Баброўнікі — Бераставіца. Узгадалі, як замежныя ўрады ратуюць сваіх грамадзян, якія патрапілі пад рэпрэсіі ў Беларусі.

Ілюстрацыйная выява, створана з дапамогай Midjourney

Ілюстрацыйная выява, створана з дапамогай Midjourney

Чаму Лукашэнка маўчыць пра Баброўнікі?

8 лютага Анджэю Пачобуту прысудзілі восем гадоў калоніі, абвінаваціўшы яго ў «закліках да санкцый» і «ў ажыццяўленні дзеянняў для рэабілітацыі нацызму». Што менавіта інкрымінавалі журналісту, невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Закрыты рэжым — слушная прыкмета таго, што справа пашыта белымі ніткамі і мае палітычны характар. А ў дадатак — сведчанне нязломнасці палітвязня, які спачатку адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні, а потым, хутчэй за ўсё, не прызнаў і прыдуманую яму віну.

grodnoplustv.by

grodnoplustv.by

Варшава адказала на прысуд закрыццём памежнага перахода Баброўнікі — Бераставіца. Цяпер паміж дзвюма краінамі засталіся толькі два аўтамабільныя злучэнні — Цярэспаль (для легкавікоў) і Казловічы (для грузавікоў).
Многія чухаюць рэпу: маўляў, а як гэта паўплывае на вызваленне Пачобута? Сапраўды, адказ невідавочны, але варта памятаць, што ў 2021 годзе менавіта закрыццё перахода ў Брузгах у значнай ступені паўплывала на вырашэнне мігранцкага крызісу. Лукашэнка ўключыў заднюю — і мігрантаў перасталі завозіць на мяжу і кідаць на яе штурм.
Наконт Баброўнікаў Лукашэнка маўчыць, што можа сведчыць аб тым, што тэма для яго некамфортная і балючая. Такія тэмы ён не каментуе — успомніце ўкраінскую ракету, якая ўпала ў Іванаўскім раёне. А тут яшчэ Польшча абяцае не спыняцца — і закрыць два астатнія пераходы. І Літва з Латвіяй паглядаюць на прэцэдэнт з відавочнай думкай: можа, узяць з палякаў прыклад?
Гэта ультыматыўна-канфрантацыйны спосаб ціску на Лукашэнку ў сувязі з ягоным тэрорам супраць суайчынніка. Паглядзім, як ён спрацуе і ці спрацуе ўвогуле. Але варта згадаць, што раней Польшча дзейнічала і дыпламатычна.

Польшча: Вызваленне вязняў СПБ

spb_prezydent.pl.jpg

prezydent.pl
Анджэй Пачобут быў затрыманы на Дзень Волі 25 сакавіка ў 2021 годзе. Тады ж схапілі чатырох жанчын — Анжаліку Борыс з Гродна, Ірэну Бярнацкую з Ліды, Марыю Цішкоўскую з Ваўкавыска і Ганну Панішаву з Брэста. Іх абвінавацілі ў «распальванні варожасці», вязням пагражала да 12 гадоў турмы.
Усе гэтыя людзі з’яўляюцца чальцамі незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі. Скаардынаваная атака на СПБ стала адной з першых антыпольскіх акцый рэжыму Лукашэнкі пасля выбараў 2020 года.
Праз два месяцы Бярнацкую, Цішкоўскую і Панішаву нечакана вызвалілі. Іх адразу вывезлі на мяжу і перадалі ў Польшчу. Там яны цяпер і жывуць, не каментуючы сваё зняволенне.
Год за кратамі правяла Анжаліка Борыс — кіраўніца СПБ. Потым яе вызвалілі пад падпіску ад нявыездзе і адвезлі ў вёску пад Гродна, дзе жыве маці жанчыны. Пра лёс крымінальнай справы Борыс нічога невядома.Тры вывезеныя з Беларусі жанчыны, апынуўшыся ў Польшчы, сабралі адмысловую прэс-канферэнцыю. Яны падзякавалі за сваё вызваленне польскім уладам — прэзідэнту Анджэю Дуду і Міністэрству замежных спраў. Таксама распавялі пра жудасныя ўмовы ўтрымання — з пастаяннымі шмонамі, падчас якіх іх прымушалі распранацца, і іншымі здзекамі. Ганна Панішава пасля турмы нейкі час перасоўвалася на мыліцах.
Узамен на якія сустрэчныя крокі лукашэнкаўскі рэжым выпусціў чальцоў СПБ, дагэтуль невядома. Дый хутка гэта стала неактуальна: неўзабаве пасля вывазу жанчын у Польшчу здарылася гісторыя з прымусовай пасадкай у Мінску «Боінга» Ryanair, а пасля распачаўся міграцыйны крызіс. Апошнія масты паміж Польшчай і Беларуссю былі спаленыя.

ЗША: Ратаванне Шклярава па тэлефоне



Фота Еўр*радыё

Фота Еўр*радыё

Паліттэхнолаг Віталь Шкляраў з’яўляецца ўраджэнцам Гомеля, але мае грамадзянства Злучаных Штатаў Амерыкі. Яго схапілі яшчэ да выбараў, у ліпені 2020 года, калі мужчына прыехаў да бацькоў.
Шклярава абвінавацілі ў сувязях з Сяргеем Ціханоўскім. Вязень гэтыя сувязі рашуча адмаўляў, але рэжыму, відаць, хапіла двух дэталяў, каб зрабіць «пераканаўчыя» высновы. Па-першае, як і Ціханоўскі, Віталь з Гомеля, па-другое, займаецца палітычнымі тэхналогіямі. Дадаўшы да гэтага амерыканскае грамадзянства, рэжым склаў карціну маслам: ну, канечне, прыехаў адшчапенец з метадычкай, каб здзейсніць у стабільнай Беларусі дзяржаўны пераварот.
Беларускі амерыканец сядзеў не ў «Амерыканцы», а на Валадарцы. Яго абвінавацілі паводле крымінальнага артыкула 342, які ў хуткай будучыні пачнуць называць «народным». Але зняволенне Шклярава не зацягнулася: ужо ў кастрычніку 2020-га ён быў вызвалены і адразу пакінуў Беларусь.
Паказальна, што ён вярнуўся ў Амерыку ў суправаджэнні спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па справах закладнікаў. Вызваленне адбылося пасля тэлефоннай размовы тагачаснага кіраўніка Дзярждэпартамента Майка Пампеа з Лукашэнкам.
Адносна зместу дыялогу амерыканскі чыноўнік тады выказаўся так: «Мы з прэзідэнтам [Трампам] далі ясна зразумець, што не пацерпім, каб замежныя ўлады неправамерна затрымлівалі нашых грамадзян». Лукашэнка, усцешаны ўвагай да сябе кіраўніка Дзярждэпа, сказаў, што ў яго з Пампеа нібыта «вельмі добрыя адносіны» і што падчас «цёплай размовы» той нічога ад яго не патрабаваў.

Швейцарыя: Дэпартацыя Хершэ праз саступкі



hershe_tk_media.jpg

TK_Media
Наталля Хершэ мае два грамадзянствы — беларускае і швейцарскае. Менавіта наяўнасць пашпарта заможнай еўрапейскай краіны дапамагла вызваленню палітзняволенай з лукашэнкаўскай турмы ў лютым 2022 года.
Наталлю затрымалі падчас жаночага марша ў верасні 2020-га. За тое, што яна сарвала балаклаву з амапаўца, ёй прысудзілі 2,5 года зняволення. У калоніі Хершэ не скарылася, за што падвяргалася катаванням. На волю праз 17 месяцаў жанчына выйшла схуднелая і ссівелая, але ўсё з тым жа светлым поглядам свабоднага чалавека.
Яе адразу, наўпрост у турэмнай робе, адвезлі ў мінскі аэрапорт, адкуль у суправаджэнні швейцарскіх дыпламатаў яна адправілася на сваю другую радзіму.

Фота: сацсеткі

Фота: сацсеткі

Вызваленне стала магчымым праз высілкі афіцыйнага Берна. Што Лукашэнка атрымаў наўзамен? Выглядае, што больш стрыманую пазіцыю Швейцарыі ў стаўленні да беларускіх уладаў. Уключна з уручэннем яму даверчых грамат амбасадарам. Зрэшты, той сімвалічны жэст не сведчыў аб прызнанні Лукашэнкі легітымным кіраўніком, пра што адразу заявілі ў Берне. У дадатак Швейцарыя захоўвае паслядоўнасць у санкцыйнай палітыцы, салідарна з ЕС уводзячы ўсё новыя абмежаванні супраць беларускай дыктатуры.

Ізраіль: Справа адвакаткі без палітыкі



izrail_fota_s_siameinaga_arhiva.jpg

Фота з сямейнага архіву Маі Райтэн-Столь
Гісторыя адвакаткі Маі Райтэн-Столь аніяк не звязаная з палітыкай, і ўжо гэта спрасціла яе вызваленне з беларускай вязніцы. Грамадзянка Ізраіля прыляцела ў Мінск у лістападзе 2021 года. У аэрапорце пры праходжанні мытнага дагляду ў яе знайшлі 2,5 грама канабісу. Нягледзячы на медыцынскі дазвол на ўжыванне гэтага рэчыва, яе затрымалі і змясцілі за краты.
У няволі Райтэн-Столь правяла крыху больш за месяц, але гэтага хапіла, каб назваць лукашэнкаўскую турму пеклам, дзе немагчыма «працягнуць доўга». Напрыканцы снежня яна ўжо садзілася ў самалёт, каб вяртацца на радзіму. Фармальна яе вызвалілі паводле рашэння суда, які прызначыў замежніцы штраф у 2500 долараў.
Вызваленню паспрыялі намаганні ізраільскіх уладаў. У прыватнасці, тэлефонная размова прэзідэнта Іцхака Герцага з Лукашэнкам, падчас якой абмяркоўваліся «гуманітарныя пытанні». Дапамагло і паблажлівае стаўленне рэжыму да Ізраіля, які не далучыўся да заходніх санкцый супраць Беларусі і ўвогуле ўзаемадзейнічае з афіцыйным Мінскам.

Расія: Сядзяць — і хай сядзяць



sapeha_satssetki.jpg

Фота з сацсетак
У цывілізаваным свеце краіны прынцыпова ставяцца да ратавання сваіх грамадзян, якіх напаткалі непрыемнасці на чужыне. У Расіі таксама пыхліва кажуць «сваіх не кідаем», але на справе часта адбываецца роўна наадварот.
Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі падтрымалі многія расійцы, якія стала жылі ў нашай краіне. Некаторыя ў вынікі трапілі пад рэпрэсіі. Нароўні з беларусамі іх кідалі ў турмы, выносілі крымінальныя прысуды, а пасля вызвалення неадкладна дэпартавалі, пазбавіўшы ВНЖ. І не было выпадкаў, каб чыйсьці лёс усхваляваў расійскія ўлады.
Нават самы рэзанансны кейс — затрыманне пры пасадцы «Боінга» Соф'і Сапега — не прымусіў Маскву моцна паварушыцца дзеля вызвалення сваёй грамадзянкі. Так, нейкі варушняк ёсць, але гэта хутчэй імітацыя. Паводле сваёй прыроды крамлёўскі рэжым роднасны лукашэнкаўскаму — з палітвязнямі і там, і там, з адпаведным стаўленнем да народнага пратэсту і яго ўдзельнікаў. То калі пратэстоўцы апынаюцца за кратамі, гэта добра ўкладваецца ў расійскую ідэалагічную парадыгму. Дык ці варта аднаму Бармалею клапаціцца аб правах чалавека і вызваляць вязняў у другога Бармалея?
Адносна Соф'і Сапега, асуджанай на шэсць гадоў, Крэмль дагэтуль абмяжоўваецца беззмястоўнымі і хлуслівымі каментарамі. Апошні прагучаў 31 студзеня ад пуцінскага прэс-сакратара Пяскова: «Былі прыняты ўсе намаганні, але іх аказалася недастаткова». Ну, сапраўды: няма ўплыву ў Масквы на свайго хаўрусніка, якога яна корміць ужо амаль трыццаць гадоў, ратуе ад санкцый і дапамагае ўтрымацца ва ўладзе. Што тут зробіш. Не тыя магчымасці, што ў Швейцарыі ды Ізраіля.