Хронікі рэпрэсій: новыя прысуды, анархіст у ПКТ
У Беларусі пануе беззаконне і людзі працягваюць станавіцца ахвярамі рэпрэсій. Што адбылося за апошні дзень — у нашай падборцы.

Ілюстрацыйны здымак: В*сна
Аляксею Кірэеву прысудзілі два гады калоніі за ўдзел у некалькіх акцыях пратэсту ў 2020 годзе
Суд Савецкага раёна Мінска 10 лютага вынес прысуд 50-гадоваму палітзняволенаму Аляксею Кірэеву, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Воўк.
На той час актывіста Народнай Грамады Аляксея Кірэева затрымалі 28 кастрычніка 2022 года і пасля 10 сутак у ізалятары перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага па крымінальнай справе за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Вядома, што Аляксей удзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, адна з іх адбывалася 27 верасня, затрымліваўся ад пачатку выбарчай кампаніі каля дзесяці разоў, тройчы быў пакараны адміністрацыйнымі арыштамі на тэрміны ад 5 да 15 сутак. Суд прызнаў Кірэева вінаватым і прысудзіў актывісту пазбаўленне волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму.
Палітвязня Яўгена Рубашку на месяц змясцілі ў ПКТ

Фота: В*сна
Анархіста Яўгена Рубашку, асуджанага да пяці гадоў пазбаўлення волі, адміністрацыя папраўчай калоніі № 2 змясціла ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на месяц. Як паведамляюць праваабаронцы, перад гэтым яго тройчы змяшчалі ў ШІЗА агулам на 24 дні па надуманых прычынах.
Нагадаем, 22 красавіка 2022 года суд прызнаў чатырох анархістаў вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і ч. 3 арт. 361-1 КК і прызначыў Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў калоніі, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года калоніі.
Прызначана дата апеляцыі на прысуд «рэйкаваму партызану» Віталю Мельніку
Віталя абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў. 22 снежня Мельніку прысудзілі 13 гадоў калоніі асаблівага рэжыму.
Згодна з матэрыяламі справы, у ноч з 24 на 25 сакавіка 2022 года на перагоне Навасады - Барысаў Мельнік падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнага блакавання, чым прывёў у непрыдатны для эксплуатацыі стан яго прыборы і элементы. У выніку гэтага адбылася затрымка 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. Пры затрыманні беларусу прастрэлілі каленныя суставы.
Дагэтуль ён перасоўваецца на мыліцах. Нядаўна ён даслаў вестачку з-за кратаў, у якой паведаміў, што разгляд апеляцыйнай скаргі адбудзецца 3 сакавіка. Да гэтага часу вы можаце падтрымаць яго пасылкамі і медыцынскім бандэролькамі.