Экскурсаводка ў Варшаве: Трэба, каб у беларусаў было асэнсаванне сваёй уласнай гісторыі

«Усе палітычныя зняволеныя заслугоўваюць занатаванай біяграфіі — таму нас чакае шматтомная энцыклапедыя». «Салідарнасць» паразмаўляла з беларускай, якая ўжо больш за дзесяць гадоў жыве ў Польшчы і праводзіць экскурсіі па музеях Варшавы і самім горадзе.

_belarus_minsk_zyccjo_horad_fota_novy_czas_logo.jpg

Беларуская экскурсаводка — пра ўлюбёныя месцы Беларусі, важнасць улічвання памылак мінулага і жыцця сучаснасцю, пра тое, колькі тамоў будзе ў энцыклапедыі новай Беларусі.

— Да 2020 года для мяне было больш роспачы, чым зараз. Здавалася, гэта незабівальная шэрасць і людзі не могуць нічога зразумець, — кажа Алена Буніна (імя зменена па просьбе гераіні), якая пераехала ў Польшчу адзінаццаць гадоў таму. — Калі ты працуеш экскурсаводам у Беларусі, існуе навязванне пэўных палітычных рэчаў. Напрыклад, калісьці мы арганізоўвалі ў Гародні фэст экскурсаводаў. Тады маёр міліцыі прыйшоў у маю хату і сказаў бацькам, што іх дачка арганізоўвае нелегальнае мерапрыемства.

У Гародні жанчына атрымала гістарычную адукацыю і працавала экскурсаводам па Беларусі. Потым паехала ў Варшаву на стажыроўку і засталася тут працаваць. Зараз Алена праводзіць руска- і беларускамоўныя экскурсіі па польскай сталiцы.

— Мне вельмі спадабалася, як у Польшчы быў арганізаваны працэс навучання на экскурсавода. Ты даведваешся пра горад вельмі глыбока. Ёсць нават цэлы аддзел ведаў пра Варшаву. Людзі прыходзяць вучыцца на экскурсавода ў пэўным узросце, частка з іх былі замежнікі, якія не планавалі працаваць па гэтай спецыяльнасці, а проста хацелі даведацца пра горад.

Здзівіла, як хутка тут людзі пераходзяць у размове паміж сабой на «ты». У Беларусі, дзе б чалавек ні працаваў, «вы» — гэта абавязковая форма звароту, а тут дзядуля мяне пытае: «Чаму ты мне кажаш пан?». Таксама ёсць цікавая рэч: экскурсавод можа праводзіць экскурсіі ў некаторых музеях, не з’яўляючыся іх працаўніком.

Суразмоўніца «Салідарнасці» прызнаецца, што за гады эміграцыі яна крыху адарвалася ад радзімы: магчыма, ужо наўрад ці правядзе экскурсію, маршрут якой раней ведала вельмі добра. Тым не менш, дзякуючы досведу працы, Алена можа з цяплом успомніць улюбёныя беларускія мясціны.

— Канешне, гэта Гародня. Дарэчы, у эмігранцкім коле была даволі смешная дыскусія на гэты конт. Людзі, якія нядаўна пераехалі, распавялі: калі замежнік пытае ў беларуса, куды паехаць, то часцей за ўсё яму адказваюць — у Мінск. І толькі гарадзенцы кажуць пра Гродна. Мы гэта потым папрактыкавалі, і гэта аказалася праўдай.

Чаму Гародня — у топе месцаў Беларусі? Ды па ўсіх параметрах. Пачынаючы з таго, што гэта адзіны каралеўскі горад Беларусі — ён быў рэзідэнцыяй каралёў Рэчы Паспалітай. Па-другое, яго гісторыя звязана з ВКЛ, з Вітаўтам.

Гародня — гэта горад, які захаваўся, нягледзячы ні на што. Вялікая колькасць помнікаў у параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі — дакладна.

Зараз, як лічыць жанчына, беларускі турыст пачаў адкрываць для сябе Беларусь:

— Калі я была ўлетку ў Гародні, звярнула ўвагу на вялікую колькасць беларусаў, якія прыехалі паглядзець на горад. Мая сяброўка-экскурсавод кажа, што не сядзіць там без працы. Таму я лічу, што зараз беларусы шмат падарожнічаюць па сваёй краіне, бо выехаць для большасці магчымасці амаль няма.

Калі казаць пра месцы, якія я магла б параіць для падарожжаў па Беларусі, то, па-першае, гэта ўсе абласныя цэнтры. У кожным з гарадоў мяне нешта ўразіла па-свойму: у Берасці — чацвёрты форт, у Мінску — тэатры, у Магілёве — мастацкі музей, у Гомелі — палац, парк, драўляныя аканіцы, у Віцебску — сам дух, бо гэта горад Марка Шагала.

Таксама кожны беларус павінен пабываць у самым старым горадзе сваёй краіны — Полацку.

— Час ад часу з'яўляюцца навіны аб зносе старажытных будынкаў у Беларусі. З апошняга, напрыклад, знос старога корпуса бальніцы ў Бабруйску, а разам з тым і першай бабруйскай мазаікі. Захаванне спадчыны — балючае пытанне для Беларусі?

— У свой час і ў Гародні шмат якія будынкі былі страчаны, прыкра пра гэта згадваць. Нават тыя, якія былі для нас часткай асяроддзя. Калі гэта яшчэ было магчыма, мы збіралі подпісы супраць зносу таго ці іншага старажытнага будынка. Напрыклад, быў знакаміты будынак у стылі канструктывізму — крама «гарачы хлеб». Пра спробы захавання гэтага дома нават быў сюжэт па тэлебачанні, але, на жаль, гэта не выратавала будынак.

Да гэтага моманту на тым месцы нічога і не пабудавалі. Знесці — гэта так проста. Шмат з якіх прычын гэта робяць, у тым лiку — ад адсутнасці адукацыі.

Але захаванне спадчыны — праблема многiх краін, нават для Польшчы. Але тут шмат чаго звязана з камерцыялізацыяй, а ў Беларусi часцей за ўсё будынкі належаць дзяржаве, таму яна і вырашае, што з імі рабіць.

За час жыцця і працы ў Варшаве Алена заўважыла, што тут шмат мясцін, так ці інакш звязаных з беларускай гісторыяй ці яе героямі. Яно і зразумела, пэўны час мы былі ў складзе адной дзяржавы.

— Асабліва ў музеях можна знайсці адсылкі да гісторыі. У нацыянальным музеі Варшавы, напрыклад, вісіць вельмі важнае палатно: там паказана бітва пад Оршай — пра яе вельмі шмат кажуць. Ёсць таксама працы мастакоў, якія натхняліся Беларуссю, могілкі ў Варшаве, дзе пахаваны людзі, якія былі звязаны з Беларуссю творча або біяграфічна.

Дарэчы, за ўвесь час працы ў Варшаве жанчына ніводнага разу не спрачалася з палякамі ў прафесійным сэнсе. Адзінае, як адзначае Алена, яна заўсёды акцэнтуе ўвагу на тое, што Рэч Паспалітая была дзяржаўным утварэннем не адной краіны, а важнай часткай гісторыі для многіх.

— У цэлым, галоўнае, каб мы самі разумелі, што для нас з’яўляецца нашым. Тут, мне падаецца, не трэба аніякіх доказаў для суседзяў — у іх свая ўласная гісторыя, яны будуюць сваю ідэнтычнасць. І мы таксама павінны яе будаваць, нягледзячы ні на што.

Калі мы лічым, што нейкі герой — наш, мы маем на гэта права. Мы лічым кагосьці антыгероем, а для гісторыі іншай краіны ён герой — гэта нармальна. Калі мы ўзгадваем паўстанне 1863 года і нам важна ўдакладніць, што гэта паўстанне Кастуся Каліноўскага, то мы і будзем гэта рабіць.

У Польшчы не важна гэта акцэнтаваць, яны называюць яго «powstanie styczniowe» (студзеньскае паўстанне — С.). Я лічу, што тут няма праблемы, каб дыскутаваць, а проста трэба, каб у беларусаў было асэнсаванне сваёй уласнай гісторыі.

— Калі беларус прыходзіць у музеі розных краін свету, у яго няма магчымасці ўзяць аўдыягід на беларускай мове. Ці трэба неяк вырашаць гэта?

— Гэта, насамрэч, справа саміх беларусаў. У Варшаве, напрыклад, ёсць адзін музей з аўдыягідам на беларускай мове — гэта музей гісторыі польскіх яўрэяў, і, наколькі мне вядома, гэта была беларуская ініцыятыва. Мы скідваемся на шмат рэчаў, мне здаецца, калі б хтосьці ініцыяваў запіс аўдыягіда на беларускай мове, грошы сабраліся б.

Паўтаруся: я лічу, што гэта павінна быць ініцыятыва беларусаў, бо калі мы жывём ў той ці іншай краіне і неабыякавыя, то трэба браць ініцыятыву ў свае рукі. Я ўпэўнена, што большасць музеяў пазітыўна на гэта адрэагуе. Гэта павінна быць важна нам, а не Польшчы ці іншай краіне.

— Вы ўжо больш за дзесяць год у Польшчы, але імкняцеся шмат размаўляць на беларускай мове. Гэта складана?

— Захаваць мову — нескладана. Сваю мову трэба ведаць, і файна, што зараз беларусы гэта зразумелі, з’явілася шмат ініцыятыў. У эміграцыі больш усведамляеш, наколькі важная родная мова.

Іншая справа, што хтосьці ставіць мэту поўнай інтэграцыі з краінай, у якой жыве. Але ж я лічу, што чым больш моў ведае чалавек, тым лепш. Я сустракала палякаў, якія спецыяльна вывучалі беларускую мову, бо гэта дазваляла ім болей даведацца і пра сваю мову.

— Нядаўна на вашу экскурсію на рускай мове па старым горадзе прыйшло каля 100 чалавек. Ці заўсёды так?

— Не, так бывае не заўсёды. Стары горад — так, ён цікавы ўсім. Але калі прыйдзе два чалавекі, я правяду экскурсію і для іх. Мне падабаецца працаваць з эмігрантамі, бо гэта людзі, якім цікава даведацца пра горад, дзе яны апынуліся, няхай і воляй лёсу.

Стары горад Варшавы. Фота Кацярыны Батлейкі

Стары горад Варшавы. Фота Кацярыны Батлейкі

У 2020 годзе мая праца цалкам змянілася. Калі раней я працавала толькі з турыстамі, то зараз — у асноўным з эмігрантамі. Працэс эміграцыі досыць няпросты, бо з табой жыве шмат знаёмых, якія пераехалі, і ёсць пытанне, навошта выходзіць за кола камфорту, знаёміцца з кімсьці новым.

Таксама шмат хто працуе на англійскай мове, таму вучыць польскую прычын няшмат. Мне здаецца, мова — таксама адна з прычын, чаму да мяне прыходзяць людзі, бо польскамоўных экскурсій па Варшаве вельмі шмат, а я праводжу на рускай ці беларускай мове.

Я заўсёды кажу, што я з Беларусі, час ад часу падсвятляю пэўныя моманты. Калі экскурсіі ў нейкім канкрэтным раёне, людзі прыходзяць, бо яны ў ім жывуць і ім цікава, які будынак яны праходзяць кожны дзень.

Палац у Вілянуве, Варшава. Фота гераіні

Палац у Вілянуве, Варшава. Фота гераіні

Дарэчы, у 2022 годзе экскурсіі былі нібыта псіхатэрапіяй і для мяне, і для тых, хто прыходзіў. Бо дзве гадзіны можна было не даставаць тэлефон і не чытаць навін. Гэта было істотна.

— Як чалавеку з гістарычнай адукацыяй жывецца ў 2023 годзе?

— На жаль, мы бачым, што людзі не вучацца на памылках гісторыі, і гэта вельмі змрочна. Аднак мы ж не такія, мы не хочам вайны, і няхай перад чалавецтвам будзе яшчэ не адно стагоддзе, каб усё выправіць, нам трэба ўжо зараз уплываць на сябе і сваё асяроддзе.

Мая калега распавядала, што на пачатку вайны, калі яна праводзіла экскурсію, частка якой была прысвечана халакосту, яна расплакалася. Маўляў, столькі разоў распавядаеш людзям, а яно ўсё зноў паўтараецца. Ад гэтага вельмі прыкра, але ж нельга жыць з думкай, што нічога не выправіцца.

Калі мы не можам паўплываць на ход гісторыі, трэба хаця б уплываць на думкі людзей, каб усё гэта не паўтаралася.

Пасля падзей 2020 года ў Беларусі ў мяне няма нейкай роспачы. Тады для мяне не было нечага новага, але адкрыццём было тое, што самі беларусы не засталіся ўбаку і нарэшце нам стала важна змена палітыкі. І я лічу, што ніхто не шкадуе.

Гэта ўспышка, якая будзе яшчэ доўга свяціць. І нам ёсць цяпер на што гістарычна глядзець. Так, у нас было паўстанне Каліноўскага, але гэта было вельмі даўно. Сучасныя падзеі маюць для нас нават большую значнасць.

— Ці мог бы які-небудзь беларускі нацыянальны герой адыграць сваю ролю ў сучаснай Беларусі?

— Я лічу, што ўсе героі 2020 года павінны заставацца нашымі героямі і зараз. Хто сядзіць у турме, хто на волі, хто выехаў — трэба на іх глядзець і не губляць надзеі. Я не хачу тут праводзіць гістарычную паралель, таму што гэта было даўно. А зараз мы ўсе жывём у гістарычнай кнізе.

Лічу, што ўсе палітычныя зняволеныя заслугоўваюць занатаванай біяграфіі, таму нас чакае шматтомная энцыклапедыя. Спадзяюся, усё гэта знойдзе свой адбітак у літаратуры. Пакуль што гэта рана, якая баліць, але я ўпэўнена, пра гэта напішацца. Не можа быць так, каб нешта бясследна знікла.