«Ад дзеянняў суддзі ванітавала». Гісторыя палітвязня-пчаляра

Міхаіла і Святлану Волчак затрымалі супрацоўнікі АМАП з аўтаматамі каля іх дома ў вёсцы на Палессі восенню 2022 года. Пасля правядзення вобшуку, выняцця кніг, грошай і тэхнікі, сям’ю адвезлі ў Іванаўскае РАУС, дзе арыштавалі за непадпарадкаванне міліцыі. Міхаіл распавёў праваабаронцам аб сваім затрыманні, пра асаблівасці раённых ізалятараў і псіхалогію сілавікоў.

Міхаіл Волчак даглядае пчол. Фота з прыватнага архіва Міхаіла

Міхаіл Волчак даглядае пчол. Фота з прыватнага архіва Міхаіла

ЗАТРЫМАННЕ І ВОБШУК

Ты наш палонны
Міхаіла затрымалі 19 кастрычніка 2022 года за 150 метраў ад іх вясковага дома. Яны разам з суседам везлі будматэрыялы.
Па іх прыехалі ўчастковы і каля 8 супрацоўнікаў мінскага АМАПа і прадстаўнікоў РАУСа. Большасць ва ўзросце да 25 гадоў і адзін старэйшы, каля 40 гадоў. Міхаіл выкладае анлайн англійскую мову. Яго затрымалі акурат за 10 хвілін да пачатку заняткаў.
«Нам насустрач едзе іншы бусік. Я падумаў, што нехта п’яны, бо машына рухалася па нашай паласе. Я пачаў скіроўваць на ўзбочыну, каб не сутыкнуцца. З буса насупраць адразу вылецелі «маскі-шоу» з аўтаматамі. Але само затрыманне было троху сюрэалістычным. З аднаго боку, яны ляцяць на цябе з аўтаматамі. Але пры гэтым далікатна грукаюць у шкло, каб ты адкрыў дзверцу. Калі б на маім месцы быў злачынца, яны б так не грукалі ў шкло».
Перад тым, як мужчына выйшаў з машыны, участковы, які прысутнічаў пры затрыманні, паказаў санкцыю пракурора. Але сілавікі прыспешвалі Міхаіла зброяй, і ён не паспеў азнаёміцца з дакументам.
Адзін з амапаўцаў здымаў затрыманне на камеру, якой звычайна карыстаюцца «ціхары». На ўчастковым быў нагрудны відэарэгістратар, які адмыслова быў адключаны. Аб гэтым Міхаіл даведаўся на судзе, калі яго адвакат папрасіў далучыць да справы відэазапіс затрымання.
«Яны былі вельмі незадаволеныя, што не змаглі самарэалізавацца, як у сталіцы: эфектна выбітыя дзверы, сілавікі са шчытамі. А тут вёска, я ў працоўным адзенні».
«Мне вельмі моцна сціснулі рукі кайданкамі. Я аб гэтым не стаў казаць сілавікам, бо іх рэакцыя магла б быць непрадказальнай. Яшчэ некалькі дзён у мяне заставаліся сляды на руках. Амапаўцы надзелі мне кайданкі і сказалі: “Ты наш палонны”».
Гэта ўжо трэцяе затрыманне Міхаіла. Мінулыя былі ў 2020 і 2021 гадах. Усе разы нагоды для затрыманняў былі дзіўнымі:
«Першы раз прыходзілі шукаць нейкі самагонны апарат. Другі раз, думаю, мяне затрымлівалі прэвентыўна па невядомай крымінальнай справе. А зараз — з-за пафарбаванага паліва».
У калгасах фарбуюць паліва для сельгастэхнікі, каб рабочыя яго не кралі. Кожнаму калгасу дадзены адпаведны колер. Міхаіла затрымалі за «непадпарадкаванне», а нагодай для вобшуку стала крымінальная справа аб крадзяжы калгаснага паліва.
Пасля затрымання Міхаіла ў кайданках павялі ў хату на вобшук, дзе сілавікі патрабавалі ў яго пароль ад тэлефона. На працягу ўсяго вобшуку мужчыну не патлумачылі яго статусу ў справе і не згадалі пра права на адваката. У доме сілавікі таксама затрымалі Святлану.

Фота з прыватнага архіва Міхаіла

Фота з прыватнага архіва Міхаіла

«Яны настойвалі, каб я назваў пароль. Настойвалі — гэта мякка кажучы. Фізічна не ціснулі, але было псіхалагічнае запужванне. Амапаўцы называлі мяне здраднікам, пыталі, чаму я яшчэ ў Беларусі і што зрабіў для радзімы, абвінавачвалі ва ўдзеле ў «плане Перамога».
Мужчына кажа, што сілавікі дэманстравалі сваё фізічнае дамінаванне перад чалавекам, які знаходзіцца ў кайданках і залежнай пазіцыі.
«Увесь час вобшуку яны ціснулі, каб я назваў пароль ад тэлефона. Пагражалі разбіць ваконную шыбу ў доме. Казалі, што мая жонка ім ужо ўсё пра мяне расказала. Пасля вызвалення Света мне паведаміла, што ёй сілавікі казалі тое ж самае».
Затым мужчыну адвялі ў амапаўскі бусік і пасадзілі на халодную падлогу.
«Каля пяці гадзін я прасядзеў там на каленях, з рукамі ў кайданках за спінаю і тварам у падлогу. Ногі моцна зацякалі. Позу, у якой сядзіш, можна было мяняць, толькі калі ў сілавікоў быў добры настрой. На просьбу змяніць позу амапавец адказваў спачатку адмоўна,але праз хвіліну ўжо пагаджаўся».
У Міхаіла на запясцях яшчэ некалькі дзён заставаліся сляды ад кайданкоў.
«Паводле маіх назіранняў, сілавікам важна разбурыць тваё «гняздо». Каб у доме было або нязручна жыць, або не было адчування бяспекі. Яны сказалі, што яшчэ добрыя, бо не падымалі нам падлогі».
Пасля вобшуку ў сям’і вынялі ўсе грошы, якія былі адкладзены на новы плот. Таксама забралі кнігі. Іх пазначылі як «літаратура рознай накіраванасці». Сярод іх былі кнігі па сацыялогіі, паліталогіі. Таксама ў мужчыны забралі скураны гаманец з выявай герба «Пагоня».
Сілавікі адшукалі ў альбоме для малявання Святланы малюнак балкона кватэры, на якім вывесілі бчб-сцяг падчас пратэстаў. Яго таксама забралі.
«Самае прыкрае, што забралі карціну з бчб-сцягам, напісаную алеем, якую Святлана стварыла паводле фотаздымка студэнцкіх пратэстаў. Амапаўцы пыталі, што жонка хацела сказаць гэтай карцінай. Калі яны прыходзілі да нас другі раз (29 студзеня 2021 года — заўв. рэд.), карціну не забралі, бо тады на ёй яшчэ не высахла фарба.
Ужо другі раз сілавікі забіраюць у нас рэчы з дому і затым не вяртаюць іх. Гэта падобна на нейкі лутынг (з англійскай мовы loot — нарабаванае, трафей. — заўв. рэд)».
Затым Святлану і Міхаіла павезлі ў раённы ізалятар. Сілавікі ў бусіку слухалі песні Цоя. Мужчына распавядае, што ў іх ёсць інструкцыя — затрымліваць людзей у поўнай амуніцыі:
«Яны храбрыліся, што маглі прыехаць улегцы і выцягнуць мяне за шкірку. Але мусяць ездзіць з аўтаматамі, у бронекамізэльках і кулямётам у салоне іх буса».

СУД

Шчыры амапавец, беларускамоўны адвакат і навадныя пытанні суддзі
У ІЧУ Іванаўскага раёна мужчына нібы за непадпарадкаванне праваахоўнікам адсядзеў 15 сутак, а яго жонка — 13.
«Мой выхад з бусіка, калі ўчастковы паказаў мне санкцыю пракурора, палічылі як непадпарадкаванне. Не разумею, як можна не падпарадкоўвацца, калі перад табою стаяць мужыкі з аўтаматамі».
Суд над Міхаілам і Святланай адбыўся 21 кастрычніка. Сваякі паспелі скласці дамову з адвакатам, таму ў Міхаіла на працэсе быў абаронца. Але саміх сваякоў на пасяджэнне не пусцілі.
Міхаіл распавядае, як па-рознаму сябе паводзілі на судзе сілавікі:
«Адзін амапавец паводзіў сябе шчыра. Калі на судзе яго апытвалі як сведку, ён адказваў, што не бачыў таго, што адбывалася, бо быў заняты маім суседам. А вось участковы, якога ведае ўвесь раён, хлусіў, прычым шчыраваў напоўніцу. І гэта малады чалавек, які толькі пачаў сваю кар’еру ў гэтай дзіўнай установе (міліцыі). Не разумею, як ён будзе пасля глядзець людзям у вочы».
Мужчына хадайнічаў, каб працэс вёўся на беларускай мове, але яму адмовілі, матываваўшы гэта тым, што «ўсе паперы ў судзе складзены па-руску». Затое адвакат быў беларускамоўны.
Таксама суддзя задаваў сведкам навадныя пытанні:
«У таго шчырага амапаўца, які казаў, што нічога не бачыў, суддзя, можа, разоў дзесяць запытаў, ці казаў яго калега, што я павінен выйсці з машыны. Калі амапавец адказваў, што нічога не чуў, суддзя наўпрост перапытваў: "Дык было ці не?”. То-бок суддзя адмыслова ціснуў на сведку, каб той даў патрэбныя сведчанні. Тым болей што два іншыя так званыя сведкі ўжо далі паказанні супраць мяне. Ад дзеянняў суддзі папросту ванітавала».  
Міхаіл кажа, што суддзя, узяўшы яго папярэднюю адміністрацыйную справу за 2020 год, якая знаходзілася ў тым жа судзе, улічваў даныя з яе пры вынясенні прысуду.
Суддзя своеасабліва тлумачыў паказанні сведак. Напрыклад, адмову называць сілавікам пароль ад тэлефона ён каментаваў наступным чынам: «Калі яны прасілі пароль, значыць у вас было што ад іх хаваць».

ІЗАЛЯТАР І ЎМОВЫ ЎТРЫМАННЯ

Асаблівасці рэгіянальнага ізалятара
«У камеры народу было няшмат. Калі памяшканне разлічана, скажам, на тры чалавекі, то максімум у ім было чатыры асобы, але «лішнія» там больш за дзень не затрымліваліся. Акрамя мяне, палітычных у камеры не было. Затое нам ладзілі начныя праверкі: спачатку было дзве праверкі на ноч, а 24 і 4 гадзіне, затым адну адмянілі. Гэта было падобна на дрэсіроўку сабак. Цябе будзяць, патрабуюць падысці да дзвярэй, але зусім нічога не пытаюць і не глядзяць.
Ложак у камеры быў драўляны. На ім можна было сядзець і ляжаць. Першыя пару дзён днём матрацы забіралі. Пазней перасталі. Напэўна, надакучыла.
Расклад падачы ежы наступны. А 8-й раніцай даюць сняданак, каля 14 гадзіны — абед і  а 18-й прыносяць вячэру. З 18 вечара да 8 раніцы ўвогуле не было ежы. Хіба што можна было папрасіць кіпню.
Раніцай давалі хлеб з гарбатай. Абед быў сытны. Але яго давалі ў самым канцы абедзеннага часу. То-бок ты мусіш вельмі хутка ўсё з’есці. Вячэра была вельмі сумнеўная. Пасля вячэры тры дні нічога не еў, бо ад ежы пачаліся праблемы са страўнікам».
Напрыканцы тэрміну да Міхаіла ў камеру прыйшлі рамантаваць вадаправодны кран, які ўвесь час працякаў.
«Падчас адбывання арышту да нас у камеру прыходзіў пракурор і пытаў пра ўмовы ўтрымання. Я паведаміў, што працякае кран і ў камеры няма кніг. У апошні дзень арышту да нас прыйшоў сам кіраўнік ізалятара і вырашыў праблему. А ў жаночай камеры адрамантавалі туалет».
Міхаіл параўноўвае адбыванне арышту ў раённым ізалятары з досведам у ІЧУ на Акрэсціна.
«У рэгіёнах супрацоўнікі ізалятараў вельмі неахвотна, няякасна, але выконваюць правілы ўтрымання вязняў. Цяпер у кожнай камеры ўсталяваны камеры відэаназірання. Таму супрацоўнікі імітуюць бурную дзейнасць».
«Са мною ў камеры быў дасведчаны сядзелец, які, з яго слоў, адсядзеў 16 гадоў у турме. Ён мне дапамог з адаптацыяй у камеры і распавёў, як праектаваліся савецкія турмы. З яго слоў, раней ва ўнутраную аддзелку камер прымешвалі соль, каб яна нацягвала вільгаць і такім чынам пагаршаліся ўмовы для вязняў (мы не правяралі праўдзівасць гэтага факта. — заўв. рэд.). "Усё, што табе падаецца ў турэмным побыце няправільным, насамрэч такім і ёсць, і гэта адмыслова спланавана сістэмай", — казаў мой сусед».
Міхаіл распавёў, што лісты ад блізкіх яму выдалі толькі ў дзень вызвалення. Таксама супрацоўнікі ізалятара не аддалі яму папер, якія тычыліся абскарджвання прысуду.
«Я падаў скаргу ў Брэсцкі абласны суд на свой прысуд. У адказ мне ў камеру даслалі апавяшчэнне аб яе атрыманні. Супрацоўнікі ізалятара прынеслі апавяшчэнне на подпіс і папрасілі мяне даць ім яго, каб зрабіць копію. Канешне, бярыце, хіба ў мяне ёсць выбар? Вы ж у любым выпадку забераце. Калі будзеш супраціўляцца, яны там цябе проста закатуюць. У выніку дакумент мне так і не аддалі».  
Скаргі Міхаіла абласны суд не задаволіў і рашэнне раённага суда пакінуў без змен.