Чыж выпырхнуў з клеткі
Вядомаму беларускаму бізнесоўцу Юрыю Чыжу, заснавальніку групы кампаній «Трайпл», які ў мінулым лічыўся галоўным «кашальком» Лукашэнкі і абвінавачваўся ў махлярстве і адмыванні грошай, 13 лютага вынеслі прысуд: 3,5 гады пазбаўлення волі. Па некаторых абвінавачаннях ён быў памілаваны, а за кошт амністыі і залічанага тэрміну пад вартай вызвалены ад калоніі.
![Юрый Чыж. Фота: «Трыбун*» Юрый Чыж. Фота: «Трыбун*»](/img/v1/images/czyz2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Юрый Чыж. Фота: «Трыбун*»
Падрабязнасцей працэсу няшмат, бо ён праходзіў у закрытым рэжыме. Па некаторых прад'яўленых раней абвінавачаннях Чыж «найвышэйшай літасцю» быў памілаваны.
Як вынікае з прысуду, які зачытаў суддзя Валерый Есьман, ад адбывання пакарання ў калоніі Чыжа вызвалілі — да яго ўжылі амністыю і залічылі ў тэрмін пакарання час знаходжання пад вартай. Без змен пакінулі забарону на выезд з краіны — да ўступлення судовага рашэння ў законную сілу.
Акрамя таго, у судзе прагучала, што грошы Чыжа, забраныя падчас ператрусаў, захоўваліся на дэпазітным рахунку ў КДБ, але зараз іх можна будзе забраць. Размова не пра мільёны долараў — сумы называліся невялікія. Маёмасць бізнесмена таксама вызвалілі ад арышту.
Юрый Чыж пракаментаваў прысуд «Народнай Волі».
— Калі адным словам выказаць, той час пройдзе — разбяромся, — заявіў ён. — Гэтае рашэнне — толькі адпраўны пункт для мяне. Магчымасць далей займацца сваімі справамі. А наперадзе яшчэ чакае нямала, аднаўляць шмат чаго давядзецца.
![Як Чыж і яго тайны літоўскі партнёр зарабілі мільярды на хітрай нафтавай схеме Як Чыж і яго тайны літоўскі партнёр зарабілі мільярды на хітрай нафтавай схеме](/img/v1/images/chizh_lukashenko.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагадаем, бізнесоўца абвінавачвалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») і ч. 4 арт. 209 («Махлярства»). Раней у абвінавачанні таксама фігуравалі артыкулы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, аднак па іх Чыж кампенсаваў шкоду і быў памілаваны.
Нагадаем, у сакавіку 2016 года КДБ затрымаў набліжанага да Лукашэнкі бізнесмена, уладальніка групы кампаній «Трайпл» Юрыя Чыжа. Яго падазравалі ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Ведамства заяўляла, што Чыж хаваў грошы праз маскоўскую фірму, а шкоду ацэньвалі ў 12 млн долараў. На той момант ён быў адным з самых вядомых бізнесменаў Беларусі і займаў 12-е месца ў бізнес-рэйтынгу «Штодзённіка».
Гэта было другое затрыманне бізнесмена, а першы раз сілавікі ім зацікавіліся ў 2007 годзе па справе генеральнага дырэктара «Белнафтахіма» Бароўскага. Аб першым затрыманні практычна нічога не паведамлялася. Вядома, што Юрыя Чыжа неўзабаве адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Пасля другога арышту ў 2016-м Чыж утрымліваўся ў СІЗА КДБ, а ў верасні быў пераведзены пад хатні арышт. Па словах блізкіх да яго людзей, тады бізнесмену далі шэсць месяцаў на зварот прад'яўленай неабходнай сумы. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Чыжу налічылі «ці то 12, ці то 13 мільёнаў долараў» шкоды.
З гэтай справы пачалося крушэнне бізнес-імперыі Чыжа. У той год яго кампанія зафіксавала каля 20 млн долараў страт. Пасля «Трайпл» змог паправіць сваё эканамічнае становішча, але бізнесмену прыйшлося пазбавіцца некаторых актываў. Частка з іх перайшла яго бізнес-партнёру і іншаму набліжанаму да Аляксандра Лукашэнкі бізнесмену Аляксею Алексіну. У 2020 годзе «Трайпл» усё ж падаў у суд заяву аб эканамічнай неплацежаздольнасці.
У сакавіку 2021 года з'явілася інфармацыя аб чарговым затрыманні Юрыя Чыжа. Гэта пацвердзілі ягоныя сваякі, але ніяк не каментаваў КДБ. Праз тры месяцы яго, паводле непацверджанай інфармацыі, перавялі пад хатні арышт. У верасні 2022-га стала вядома аб ягоным памілаванні і вызваленні.