Дзіўны мы народ: «Україна понад усе» такой рэакцыі ў нас не выклікае, як «Беларусь перадусім»

«Беларусь перадусім», нагадаю — надпіс на новым медалі, зацверджаным протакабінетам Святланы Ціханоўскай.

zyve_1_logo.png

І пачалося: гэта нацыяналізм, гэта нацызм, гэта яшчэ чорт ведае што. Таму нельга ні ў якім выпадку пісаць пра Беларусь перадусім, а калі ўсё ж даводзіцца — то ніяк не на першым месцы.

А яшчэ, калі спалучаць два слоганы — беларускі і ўкраінскі, як здаралася часта ў першыя паўгода ад расійскага ўварвання ва Украіну, то абавязкова трэба пачынаць з украінскага. Слава Україні! — Жыве Беларусь! Чаму не са свайго? 

Ну, бо нам не так цяжка, мы можам і пацярпець. Прам анекдот пра той цвік у крэсле. Толькі вось суседзі чамусьці не спяшаюцца ставіць нашыя інтарэсы ці нашыя слоганы на першае месца ў сваёй публічнай камунікацыі.

Насамрэч, што «Україна понад усе», што «Беларусь перадусім», што «Deutschland über alles» — проста фразы з зусім іншых эпох. Яны спрадвечна не былі пра тое, што чыясьці канкрэтная нацыя вышэйшая за ўсе. Яны паходзяць з часоў, калі адпаведныя дзяржавы спрабавалі ўнікнуць заняпаду. «Deutschland über alles», прыкладам — гэта не нацысцкі заклік, а адозва аўтарства фон Фалерслебена, напісаная ў 1841 годзе, да дробных нямецкіх феадалаў адкласці свае амбіцыі і аб'яднацца ў адну, свабодную і ліберальную Германію.

Ягоны верш, які стаўся нямецкім гімнам у 1922 годзе, дагэтуль такім і застаецца — хоць афіцыйна выкарыстоўваецца толькі трэці станс, які пачынаецца са слоў «Einigkeit, und Recht, und Freiheit». Рэпутацыю першага станса, уласна вось той «Deutschland über alles», папсавалі нацысты, калі замест закліку паставіць інтарэсы народа ў аб’яднанай ліберальнай краіне над інтарэсамі дробных феадалаў (тое, што і меў на ўвазе аўтар) пачалі яе інтэпрэтаваць як сцвярджэнне вышэйшасці немцаў над унтэрменшамі.

Гофман фон Фалерслебен ніколі не меў гэтага на ўвазе. І настолькі ясны быў гэты кантэкст, што нават пасля вайны, калі ФРГ прыняла ў якасці гімна трэці куплет гэтай песні, першыя два куплеты ніхто не забараняў як нацысцкую прапаганду, як памылкова лічыць шырокая грамадскасць. Бо ў дзевятнаццатым стагоддзі гэта быў заклік да аб’яднанай ліберальнай дзяржавы, дзе правы маюць грамадзяне, а не дробныя феадалы.

«Беларусь перадусім» — спокліч з часоў, калі Беларусі не было на мапе, бо яна была папілавана іншымі дзяржавамі, якія не тое што не бачылі суверэннасці для беларускага народа — спрабавалі яго асіміляваць. Як і той нямецкі, ён заклікаў да аднаўлення дзяржаўнасці, а не сцвярджаў, што ёсць беларусы, а ёсць горшыя за іх людзі.

Праблема з'яўляецца, калі такія заклікі паўстаюць у краінах з устойлівай дзяржаўнасцю, чыйго існавання ніхто не ставіць пад сумнеў. Беларусь, Украіна, Германія 19-га стагоддзя такімі не былі.

Я нават пахаджу па мінным полі і нагадаю знакамітае выказванне, падаецца, Ламаносава, за невывучэнне якога мне калісьці ў школе паставілі двойку. Ну, тое, дзе ён сцвярджаў, што нямецкая мова добрая для вайны, французская для кахання (далей поўны спіс спецыялізацый моў), а руская — для ўсяго. Мне падаецца, што на той момант гэта выказванне несла не столькі імперскі наратыў, колькі заклік пашырыць выкарыстанне рускасці ў краіне, дзе арыстакратыя размаўляла на французскай ды нямецкай, марскія экспедыцыі ладзіліся скандынавамі, а па-руску гаварыў толькі просты народ. Але вось цяпер так: калі рускай мове нічога не пагражае, то гэта выказванне становіцца часткай паўнавартаснага імперскага наратыву, пад якім забіваюць украінцаў.

Што да «Беларусі перадусім» — я б у гэтай сітуацыі не напружваўся. Напружвацца трэба пачынаць, калі яе на ўзбраенне возьме беларускі дыктатар.

Калі ўжо нікому не свярбяць украінскія слоганы, то і беларускія мусяць нарэшце перастаць свярбець. А то мы ўвесь час захапляемся суседзямі, а яны — самі ведаеце, дзе бачаць нас.