Пастухоў: Няпраўда, што мы не ведаем будучыні...

Як барацьба ліберальных і рэліктавых бальшавікоў прывяла да ізаляцыі ад свету? Найбольш яркія «лібералы» ўзначаляць патрыятычны рух, пісаў палітолаг Уладзімір Пастухоў 30 гадоў таму.

fota_aljaksandr_libertad__novy_czas6.jpg

«Няпраўда, што мы не ведаем будучыні — праўда палягае ў тым, што мы ад сваіх ведаў імкнёмся ўцячы далей, замяніўшы іх надзеямі», — піша расійскі гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў, прыгадваючы свой артыкул 1994 года ў часопісе «Полис», напісаны амаль 30 гадоў таму, у эпоху вялікіх ілюзій.

«Новая бальшавізацыя асноўнай часткі інтэлігенцыі выклікае рэакцыю адпрэчвання ў тых яе невялікіх груп, якія за апошнія гады наблізіліся паводле ўмоў свайго жыцця і, адпаведна, па поглядзе на свет і на сваё месца ў ім да еўрапейскага сярэдняга класа...

Неабходнасць вырашаць палітычныя і эканамічныя задачы вылучыць на першы план праблемы дзяржаўнасці і адзінства Расіі. Такім чынам, наша грамадства плаўна падышло да той мяжы, калі фарміраванне ідэалогіі з крытычнай стадыі пераходзіць у стадыю апалогіі нацыі ў дзяржаве. Расійская інтэлігенцыя і новы кампанент грамадства — сярэдні клас — адрэагуюць на змены, хутчэй за ўсё, па-рознаму.


Сярэдні клас будзе імкнуцца выбудаваць рацыянальную канцэпцыю новай дзяржаўнасці. Ідэалагічна ён будзе спачатку праяўляць сябе ў пасіўнай форме — праз непрыманне «ліберальнага бальшавізму». Ён будзе ўстрымлівацца да часу ад палітыкі. Менавіта таму лінія сапраўды магчымага ў блізкай будучыні ідэалагічнага супрацьстаяння — паміж інтэлектуаламі з сярэдняга класа і групамі (асколкамі) былой савецкай інтэлігенцыі — як бы намечана пункцірам на фоне тэатральнай барацьбы ліберальных і рэліктавых бальшавікоў.

Не трэба быць прарокам, каб сказаць: менавіта гэтая непрыкметная сёння лінія стане з часам ледзь ці не галоўным водападзелам у ідэалогіі, калі тыя бальшавікі, што цяпер варагуюць, апынуцца разам па адзін бок барыкад, пабудаваных імі супраць сярэдняга класа.

Дэградаваная савецкая інтэлігенцыя паспрабуе мімікрыраваць пад умовы, якія дыктуюцца палітыкай і эканомікай, і возьме на ўзбраенне не ліберальную, а нацыяналістычную (можа быць, шавіністычную) рыторыку.

Тая самая асноўная маса інтэлігентаў, якая зачаравана выкрывала «чырвона-белыя» (ярлык, па ідэалагічнай сутнасці няправільны) лозунгі «нацыянальных бальшавікоў», пачне дбайна вызнаваць светапогляд нацыянал-патрыётаў. Прычым калі лёс праявіць уласцівую яму іронію, цяперашнія «патрыёты» так і застануцца маргіналамі вялікай палітыкі, а найбольш яркія «лібералы» ўзначаляць патрыятычны рух.


Нічога нечаканага ў такім павароце не будзе, бо яго перадумовы закладзены ў самім ліберальным бальшавізме.

Антыімперскія арыентацыі сённяшніх радыкальных дэмакратаў — чарговая пераўтвораная форма рускага праваслаўнага месіянства. У пачатку мінулага стагоддзя камунізм стаў формай, у якой рускае месіянства здзяйсняла сусветную экспансію; у пачатку цяперашняга яно можа выяўляцца і як ізаляцыянізм».