354-ты дзень вайны. «Нябачны наступ» у Расіі не атрымліваецца

Паводле экспертаў і назіральнікаў, Расія ўжо распачала той самы наступ на Украіну, які ўсе доўга чакалі. Аднак гэтыя ваенныя дзеянні ў яе не атрымліваюцца з-за страты ваеннага патэнцыялу «другой арміі свету».

Фота АFP

Фота АFP


Паводле ранішняй зводкі Генштаба УСУ, украінскія абаронцы за 11 лютага адбілі 11 атак ворага ў Луганскай і Данецкай абласцях. «Праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на наступальных дзеяннях на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім напрамках. Актыўна прымяняе аператыўна-тактычную і армейскую авіяцыю для нанясення ўдараў па пазыцыях нашых войскаў», — адзначылі ў Генштабе.

Пры гэтым украінскія ваенныя праводзяць эфектыўныя контрнаступальныя аперацыі. Па звестках Інстытута вывучэння вайны (ISW), Узброеным сілам Украіны ўдалося адбіць страчаныя пазіцыі ў Данецкай вобласці, а вакол Вуглядара працягваюцца жорсткія баі.

Паведамляецца, што расійскія сілы працягвалі наступальныя аперацыі на паўночны захад ад Сватава на фоне супярэчлівых сцвярджэнняў аб прасоўванні расійцаў 11 лютага. Расійскі вайсковы блогер сцвярджаў, што баі ля Гранікаўкі (53 км на паўночны захад ад Сватавага) працягваюцца, а таксама, што расійскія войскі здзейснілі няўдалы штурм Стэльмахоўкі (15 км на захад ад Сватава).

Паводле ISW, расійцы рыхтуюцца ўзмацніць свае атакі на ўсходзе Украіны ў бліжэйшыя некалькі тыдняў, аднак вораг не мае рэсурсаў, неабходных для пачатку шырокамаштабнай наступальнай аперацыі.

Усё вайсковыя фарміраванні РФ, якія існавалі, сталі небаяздольнымі на папярэдніх этапах вайны і, хутчэй за ўсё, былі адноўленыя за кошт мабілізаванага асабовага складу. Аднак эксперты мяркуюць, што расійскія вайскоўцы не змаглі падрыхтаваць мабілізаваны асабовы склад да правядзення эфектыўных механізаваных наступальных аперацый за кароткі прамежак часу з моманту іх прызыву.

Апроч таго, прычынай неэфектыўнасці расійскай тактыкі механізаваных манеўраў на сёння з’яўляецца і недахоп транспартных сродкаў, боепрыпасаў і іншых матэрыяльных рэсурсаў.

Таму, на думку аналітыкаў, расійскія вайскоўцы наўрад ці змогуць пашырыць свой наступ з раёна Бахмута на больш шырокую тэрыторыю ваенных дзеянняў, паколькі тактыка, якую яны ўжываюць у Бахмуце, больш падыходзіць для шчыльнага гарадскога асяроддзя, а таксама таму, што расійскім войскам не хапае элітных фармаванняў, неабходных для правядзення больш маштабнага наступу на ўсходзе Украіны такім жа чынам.

Аналітыкі адзначаюць, што расійскія ваенныя блогеры выглядаюць дэмаралізаванымі перспектывамі Крамля ажыццявіць вялікі наступ і абвінавачваюць чыноўнікаў адміністрацыі прэзідэнта РФ у стварэнні недасяжных чаканняў.

«Інфармацыя аб тактычных няўдачах акупантаў вакол Вуглядара Данецкай вобласці яшчэ больш аслабіла веру расійцаў у тое, што іх войскі здольныя прыступіць да рашучай наступальнай аперацыі», — гаворыцца ў справаздачы.

Адзін з ваенных блогераў адрэагаваў на вірусныя кадры, на якіх УСУ знішчаюць бязладную калону расійскіх механізаваных войскаў у раёне Вуглядара, выказаўшы здагадку, што наступ там завяршыўся.


Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Украінй Аляксей Данілаў заявіў, што расійцы ўжо пачалі свой «вялікі наступ», але з ім у захопнікаў «вялікія праблемы».

«З вялікім наступам у іх вялікія праблемы. Яны ўжо пачалі свой наступ, яны проста не кажуць, што яны яго пачалі, а нашы войскі яго вельмі магутна адбіваюць. Тое наступленне, якое яны планавалі, ужо паступова ідзе. Але не той наступ, на які яны разлічвалі», — сказаў ён.

Паводле УСУ, з боку Беларусі — на Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках — без істотных змен, прыкмет фарміравання наступальных груповак не выяўлена.

Тым не менш украінскія СМІ са спасылкай на тэлеграм-канал, які адсочвае вайсковую актыўнасць у Беларусі, паведамляюць, што ў Гомельскай вобласці плануюць пабудаваць новы ваенны палігон і ваенны гарадок.

Як паведамляецца, гэтае будаўніцтва прадугледжана дзяржаўнай інвестпраграмай на 2023 год. На гэта плануюць патраціць 11 мільёнаў долараў.

Раней паведамлялася, што ў канцы траўня 2022 года было абвешчана стварэнне новага (трэцяга) аператыўнага камандавання УС РБ — Паўднёвага (ПАК). Будаўніцтва палігона на Гомельшчыне, хутчэй за ўсё, звязана з фарміраваннем новых воінскіх часцей для гэтага ПАК.

Паводле Украінская праўда, Карэспандэнт, ВВС, РБК-Украіна