УСУ расстралялі рускіх «як у ціры». Крытыка войскаў РФ узмацнілася пасля Вуглядара
Расійскія войскі з 155-й брыгады марской пяхоты страцілі больш за 30 адзінак бранятэхнікі.
Расійскі наступ каля горада Вуглядар у Данецкай вобласці пацярпеў ганебную паразу. А апублікаваныя кадры няўдалага штурму выклікалі новую хвалю крытыкі вайсковага камандавання РФ. Пра гэта гаворыцца і ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
«Блогеры ўхапіліся за гэтыя кадры, каб пачаць крытыкаваць расійскае вайсковае кіраўніцтва. Расійскія блогеры сцвярджаюць, што камандзіры, якія кіравалі нападамі 155-й марской пяхотнай брыгады на Паўлаўку ў лістападзе 2022 года, цяпер адказныя за штурм Вуглядара. Яны заяўляюць, што камандзіры працягваюць дапускаць тыя ж памылкі, якія дорага абыходзяцца войску. Адзін расійскі блогер заявіў, што камандуючы Усходняй групоўкі войскаў генерал-лейтэнант Рустам Мурадаў нясе адказнасць за расійскія тактычныя няўдачы вакол Вуглядару», – гаворыцца ў справаздачы ISW.
Аналітыкі інстытута, праўда, лічаць, што «расійскія войскі ўжываюць вельмі дысфункцыянальную тактыку, якая сведчыць аб тым, што 155-я брыгада марской пяхоты, хутчэй за ўсё, складаецца з дрэнна падрыхтаваных мабілізаваных, а не аб дрэнным камандаванні».
«Расійскія блогеры, верагодна, абвінавацілі расійскіх камандзіраў, каб зменшыць той факт, што дрэнная сістэмная падрыхтоўка мабілізаваных расіян, хутчэй за ўсё, і ў далейшым будзе прыводзіць да падобных тактычных няўдач па ўсёй тэрыторыі Украіны. Верагодна, блогеры рэгулярна абвінавачваюць камандзіраў у адказнасці за тактычныя няўдачы, каб агульную адказнасць за ваенныя няўдачы ва Украіне перакласці з расійскіх узброеных сіл як інстытута на канкрэтных асоб», — лічыць ISW.
Разгром расійскіх войскаў пад Вуглядарам пацвердзіў Ігар Гіркін (Стралкоў), былы «міністр абароны ДНР»: «Страчана больш за 30 адзінак бранятэхнікі (разбіўку па відах даваць не буду), страты «двухсотымі» толькі ў танкістаў — многія дзясяткі. Марпехаў, спецназаўцаў і мотастралкоў загінула яшчэ больш», — напісаў Гіркін у сацсетках.Больш за ўсё ён шкадуе, што ўсе гэтыя страты акупацыйных войскаў аказаліся «аднабаковымі», таму што УСУ расстралялі рускіх «як у ціры» і зноў «без асаблівых складанасцяў утрымалі свае пазіцыі ва ўкрэпраёне, які да таго ўжо спрабавалі вясной і летам мінулага года (таксама «у лоб») узяць неаднаразова».
Паводле korrespondent.net