Эканаміст: Самыя смачныя кавалкі беларускай уласнасці могуць аказацца пад кантролем расійскіх банкаў

Вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук у інтэрв’ю «Салідарнасці» разважае, што стаіць за заявамі Лукашэнкі па вырашэнні крызісу плацяжоў і якія небяспекі нясе збліжэнне банкаўскага заканадаўства Беларусі і Расіі, пра што казалася на нарадзе.

_belarus_minsk_horad_veczar_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__12__logo.jpg


Нагадаем, што на нарадзе аб планаваных зменах законаў у банкаўскай сферы 7 лютага Лукашэнка адначасова сказаў, што праблемы праходжання плацяжоў з іншымі краінамі «няма», і ў той жа час запатрабаваў ад урада і банкаў яе вырашыць. Узнікла гэтая праблема з-за ўведзеных у дачыненні да Беларусі заходніх санкцый.

«Гэтай праблемы быць не павінна. Яе няма: мы проста агідна працуем. І асобныя нашы прыватнікі паказваюць, як трэба працаваць», — заявіў Лукашэнка, параіўшы ў чарговы раз усім «упірацца і працаваць».

— Лукашэнка разумее той рэжым, у які загнаў краіну, таму і дае зразумець: не звяртайце ўвагі на нейкія фармальныя забароны і заканадаўчыя абмежаванні, проста працуйце і забяспечвайце, — адзначае Раманчук. — Хоць валізкамі вазіце, хоць праз нефармальныя схемы — але зрабіце, каб плацяжы праходзілі.

Ідзе перавод эканомікі на ручное кіраванне. А паколькі ўся банкаўская сістэма, так ці інакш — гэта дэпартамент забеспячэння фінансавых аперацый Лукашэнкі, то так і будзе працаваць у логіцы ваеннага камунізму. Калі разглядаць банкаўскі сектар як нешта незалежнае, прыватнае, была б іншая размова. Але ў нашых умовах не мае значэння, на асабістым рахунку грошы або на дзяржаўных — усё роўна ўсе яны жорстка кантралююцца і размяркоўваюцца з цэнтра.

— На нарадзе, дарэчы, прагучала, што «ні ў якім разе нельга ісці шляхам рэкамендацый, якія дадзены, вобразна кажучы, у мінулым стагоддзі, напрыклад, пра тое, што банкі нібыта павінны быць дзяржавай у дзяржаве, абсалютна незалежнымі»…

— Банкі ў Беларусі і так ніколі не былі незалежнымі. Я так разумею, гэта прагучала ў адрас цэнтральнага, Нацбанка — той ужо «паплыў», хоць і спрабуе стрымліваць працэс, рабіць выгляд, што кіруе сітуацыяй.

Гэта значыць, гаворка не пра тое, што банкі былі незалежнымі, а стануць залежнымі — гаворка пра тое, што нават прыкідвацца не трэба, што ўсе яны звёны аднаго ланцуга ваеннага камунізму, дзе кожны робіць сваю справу.

Не хапае ў банкаў ліквіднасці — дадрукуйце, не можаце перавесці грошы за мяжу — сядайце на паравоз і так вязіце. У такім рэжыме будзе цяпер працаваць беларуская эканоміка, і такіх выпадкаў будзе ўсё больш.

Мяне ўражваюць у гэтай сітуацыі легкаверныя беларускія ўкладчыкі: па свежых даных, на больш чым на адным мільёне рахункаў у эквіваленце знаходзіцца амаль $9 мільярдаў. Гэтыя людзі, напэўна, думаюць, што яны вельмі добра ўклаліся, а па сутнасці ідзе банальнае праяданне.

На думку эканаміста, чыноўнікі даручэнне вырашыць праблему з плацяжамі за мяжу ўспрымуць з радасцю.

— Сядуць колькі чалавек у аўтамабіль, возьмуць з сабой чамаданчыкі. А дзе чамаданчыкі — там мафія, злачынныя групоўкі, зрошчванне сілавікоў са злачынным светам. І вось мы маем схематоз, выбухны рост чорнага рынку, па сутнасці, яшчэ большае зрошчванне арганізаванай злачыннасці з дзяржавай.

— Лукашэнка на нарадзе заявіў: яму, маўляў, здаецца, што ў свеце «найбліжэйшым часам з'явяцца новыя магутныя валютныя саюзы з новай рэзервовай валютай». На што намёк?

— Гэта ж далёка не ў першы раз — раней яму здавалася, што ў Беларусі ёсць золата, ёсць нафта. Ён лічыць сябе вялікім кіраўніком, які прыносіць нейкую карысць, але на самой справе агучвае міфы.

Ці мог быць рэверанс у бок расійскага рубля ці юаня? Ні той, ні другі не маюць ніякіх падстаў, каб стаць «новай магутнай рэзервовай валютай».

У лепшыя часы, задоўга да вайны, ішлі размовы аб стварэнні нейкай зоны вакол кітайскай нацыянальнай валюты, вось цяпер Бразілія і Аргенціна спрабуюць стварыць нешта агульнае, але абедзве эканомікі знаходзяцца ў вельмі дрэнным стане, і што песа, што рэал — смеццевыя валюты. Як і расійскі рубель.

Таму, калі нешта новае з'явіцца, то на іншай базе. Была цікавая навіна ў канцы 2022 года, што нацыянальныя банкі купілі рэкордную колькасць золата. Дык вось, калі нешта будзе, гэта хутчэй будзе вяртаннем да стандарту, які мае выразную матэрыяльную базу. Пакуль яшчэ, думаю, пра гэта рана казаць: Еўропа, ЗША, Англія, Японія да гэтага не гатовыя.

Хоць старая сістэма знаходзіцца ў крызісе, і гэта нядзіўна: краіны «Вялікай сямёркі» ў канцы 2000-х, заліўшы кэшам стары крызіс, праз 13 гадоў атрымалі новы.

Збліжэнне банкаўскага заканадаўства Беларусі і Расіі, пра якое таксама казаў кіраўнік на нарадзе, па словах Яраслава Раманчука — трывожны званок для нашай банкаўскай сістэмы.

— Гэта дрэнны сігнал для незалежнасці Беларусі, для яе эканамічнай сістэмы.Таму што татальны кантроль расійскай банкаўскай сістэмы, дзе дамінуе дзяржава і дзе відавочна не дзейнічаюць чыстыя, цывілізаваныя нормы, пагражае татальным распродажам і кантролем расійскіх арганізаваных злачынных груповак і алігархаў у Беларусі.

Праз банкі могуць быць ажыццёўлены працэсы «прыхватызацыі», і расійцы скупяць прагных палкоўнікаў, генералаў, чыноўнікаў вышэйшага ўзроўню — за капейкі самыя смачныя кавалкі беларускай уласнасці могуць апынуцца пад кантролем расійскіх банкаў і тых, хто імі валодае. Так што гэта сапраўды вельмі небяспечная схема па рэальным паглынанні Расіяй беларускай эканомікі.