Пётр Рудкоўскі: Гэта «жэст дохлай молі». Рэжыму востра патрэбны спецыялісты і таленты
Беларускаму рэжыму патрэбна таксама гарантыя, што па вяртанні гэтыя людзі не зладзяць паўтарэнне 2020 года. Аўтарам умоў «вяртання на радзіму», хутчэй за ўсё, з'яўляецца сам «гарант».
Акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі падзяліўся з «Новым Часам» сваім бачаннем спецаперацыі па вяртанні «беглых».
— Лукашэнка
падпісаў указ аб стварэнні камісіі па працы з жадаючымі вярнуцца на радзіму. Што
насамрэч прапануе Лукашэнка эмігрантам: прымірэнне ці здачу ў палон?
— Ані першае, ані другое. У многіх краінах ёсць дзяржаўныя праграмы па садзейнічанні вяртанню суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Вось і ў Беларусі паўстала такая праграма! (У гэтым месцы вы павінны або скрывіцца, або горка ўсміхнуцца.) Так, паўстала ў вычварэнскай версіі, але водле функцыі і водле чаканага эфекту гэту камісію можна разглядаць вось такім чынам. Як своеасаблівую праграму па вяртанні суайчыннікаў. Ключавое слова тут — «своеасаблівую».
— Як вы расцэньваеце ўмовы, якія неабходна выканаць для вяртання ў Беларусь?
— Я яшчэ не вынайшаў метафару, каб выразіць сутнасць гэтых «умоў». Але добра разумею матывы іх выстаўлення і, можа быць, ведаю, хто іх аўтар. «Раскаяцца», «перапрасіць», «кампенсаваць шкоду» (чытай: адкупіцца), (...) «выконваць грамадзянскі доўг» —- тут усё ясна: ім патрэбны таленты-эмігранты, але патрэбна таксама гарантыя, што па вяртанні гэтыя людзі не зладзяць паўтарэнне 2020-га. Аўтарам гэтых умоў, хутчэй за ўсё, з'яўляецца сам «гарант».
Але ёсць тут яшчэ адзін немалаважны нюанс. Улады ўзялі таксама і на сябе нейкае абавязацельства: прыбыўшых у такім парадку грамадзян нельга будзе пераследаваць без дазволу генпракурора. Наўрад ці гэта каго-кольвечы супакоіць, але пытанне эфектыўнасці пакідаем убаку. Важна тут тое, што за гэтай клаўзулай праглядвае імкненне ўлад прадэманстраваць гарантыі «беглым»: маўляў, не будзе так, што любы міліцыянт ці гэбэшнік раптам пачне вас цягаць на допыты.
— Працэдура вяртання эмігрантаў наскрозь прыніжальная. Але не толькі. Сам факт звароту ў спецкамісію будзе разглядацца як прызнанне Лукашэнкі легітымным, ягонага рэжыму — законнай уладай. Што дае гэта Лукашэнку?
— Чаму адразу «прыніжальная»? Гляньма, як пазіцыянуецца склад гэтай камісіі. Швед на «АНТ» кажа вось так: «У яе склад увойдуць... айцішнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дэпутацкага корпуса, навуковай супольнасці і спартовай сферы». Ніякага намёку на карпянковых, церцеляў або каго-кольвечы з сілавікоў. Склад камісіі рэкламуецца такім чынам, каб «беглыя» падумалі: ох, дык там свае людзі, чаму б не паспрабаваць?!
Ну а калі падыходзіць да справы больш сур'ёзна, то безумоўна, так. Працэдура прыніжальная, і на яе могуць пайсці толькі тыя, хто (а) пакінуў у краіне салідны маёнтак або салідную працу і не знайшоў магчымасцей самарэалізацыі за мяжой; (б) мае асцярогі за сваіх родных, што засталіся ў краіне. Але гэта будзе мізэрны адсотак.
— Якія задачы спрабуе вырашыць рэжым такой сумнеўнай прапановай?
— Пра матывы гэтых геніяльных ініцыятыў мы размаўлялі ўжо раней. Але калі коратка: рэжым робіць гэта не ад лёгкага жыцця. Нагадаю, што адных толькі айцішнікаў за апошнія два гады з’ехала ад 16 да 23 тысяч, і гэты трэнд працягваецца. Апроч іх, з'ехалі тысячы дактароў, артыстаў, вучоных, спартоўцаў і рознага роду спецыялістаў. А гэта не проста страта падаткавых паступленняў. Гэта таксама сур'ёзная рызыка для стабільнасці сістэмы. Так што да гэтай акцыі рэжыму таксама пасуе славуты выраз «жэст дохлай молі»: рэжыму востра патрэбны спецыялісты і таленты, а ён прыкідваецца, што робіць «жэст добрай волі», дазваляючы гэтым спецыялістам вярнуцца ў краіну.