Асобная думка. Міграцыйны крызіс наадварот: у чаканні «збеглых»

Усе памятаюць натоўпы азіяцка-афрыканскіх мігрантаў на межах Беларусі з «варожымі» дзяржавамі Захаду. Абсалютна індыферэнтныя памежнікі, міліцыянты і разбураючыя памежную інфраструктуру мігранты. Цягам апошніх дзён беларускія ўлады самааддана гатуюцца да іншага памежнага крызісу — чакаюць натоўпы «збеглых». Але ж тут напагатове ўсе!

belarus_border.png


Літаральна ўчора чалавек, які лічыць сябе прэзідэнтам шматпакутнай Беларусі, абвясціў пра чарговы лёсавызначальны дакумент — аб стварэнні камісіі па разгляду пытанняў грамадзян і гэтак далей, якая павінна вызначаць далейшы лёс «збеглага», але «раскаяўшагася» небаракі, што звернецца ў яе, і ласкава дазволіць валацугу вярнуцца ў найлепшую краіну ў свеце. Чамусьці гэта «эпахальнае» рашэнне не выклікала аніякага энтузіязму сярод сваёй «мэтавай аўдыторыі», нават у сацсетках водгукаў было значна менш, чым пра «плашч Пазняка» і «кубак Ціханоўскай». Ну вось зусім ніяк ніхто не адрэагаваў! Можа ўпотай валізкі збіраюць?
Насамрэч, пачытаўшы тэкст указу і склад вяршыцеляў лёсаў беларусаў, у мяне ёсць пэўныя сумневы, што хтосьці ў прытомнасці і цвярозым стане хоць на хвіліну дапусціць думку звярнуцца ў гэтую камісію каб «спакойна вярнуцца дадому». Але зваротаў будзе шмат! Ну, хто ж адмовіцца мець у сямейным архіве паперку з любым адказам ад такога пацешна-важнага кагалу за подпісам самога генеральнага пракурора? Я прадказваю камісіі вельмі напружаныя дні і месяцы. Каб яны яшчэ і копіі пратаколаў дасылалі, вось гэта было б зусім крута! Мець адмысловы дакумент, што з’яўляешся «ворагам народу» за подпісам Азаронка і Мукавозчыка, Кубракова і Лянчэўскай? Гэта ж як ордэн! Ну, не менш за медаль дакладна. Да амаль усе гатовыя за гэта грошы плаціць. Тут вось «крэпкія хазяйственнікі» трошкі памыліліся — гэткую «залатую жылу» міма прапусцілі, хаця што ім каштуе папраўкі выдаць.
Склад камісіі — асобная гутарка. Такое ўражанне, што чакаюцца масавыя звароты амаль усіх катэгорыяў грамадзян — ад «піянераў» да навукоўцаў, айцішнікаў і адвакатаў. Лекараў зноў пакрыўдзілі — іх разглядаць будзе «ўсяго» старшыня камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама. Напэўна, іх не хапае менш за іншых. Цікава і паказальна, што ў спісе ажно 7 (!) прапагандыстаў — гэта 25 %! То-бок, тыя, хто штодзённа лье бруд на вымушаных з’ехаць беларусаў, будуць у вельмі значнай частцы вырашаць іх лёс? Можна шмат разважаць, што можа аб’ядноўваць старшыню дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і генеральнага дырэктара «Інфапарка» ці міністра ўнутраных спраў і старшыню «Беларускага саюза жанчын», але відавочна адно — хутчэй за ўсё, гэта такі своеасаблівы «эвакуацыйны спіс». Магчыма, бронь на «той самы самалёт». Можа і грузавы, якім некалі карыстаўся Уладзімір Макей, хто ведае...
Прадказанні — рэч такая сабе, але мне здаецца, што гэтую камісію чакаюць вельмі цікавыя і прыемныя часы. Глядзіце самі — ва ўказе нідзе і ніяк не пазначана, каму і як камісія не тое што падпарадкоўваецца, а нават не справаздачыцца. Рабі, што хачу, калі хачу і як хачу! Але, як я ўжо казаў вышэй, гэты цудоўны кагал чакаюць не вельмі лёгкія часы — вельмі шмат адказаў на шматлікія запыты часова з’ехаўшых грамадзян. Але ж і тут будзе профіт усім — людзі атрымаюць гістарычны дакумент, камісія адсправаздачыцца, што тысячы людзей звярнуліся і атрымалі адказы. Колькі з іх атрымалі адказы з дазволам вярнуцца і колькі з іх вернуцца насамрэч — зусім не істотна. Бо ў гэтай краіне вынік якой бы то ні было працы не мае ніякага значэння. Мае значэнне толькі факт наяўнасці працы. А працу гэтай камісіі людзі забяспечаць — я на гэтае вельмі спадзяюся!
Так пакуль і будзе — мы ім запыты, яны нам адказы, ім ад дзяржавы грошы за самааданую працу, мяжа на замку. І ўсе задаволеныя.