Уладзімір Янчук: «Цягу да свабоднага жыцця і дабрабыту ў бетон не закатаеш»
Прафесар псіхалогіі Уладзімір Янчук у рамках спецпраекта «Будучыня» ў «Салідарнасці» распавёў пра пазітыўны і песімістычны сцэнары для Беларусі. Апошняга, па яго меркаванні, у краіне проста не будзе.
— Да чаго імкнецца цяперашняе кіраўніцтва краіны?
— Да ўтрымання ўлады ўсімі магчымымі сродкамі. Тым больш што грахоў у яго назапасілася столькі, што страхі за магчымую адплату турбуюць усё больш і больш. А калі пагроза асабістай бяспецы становіцца ўсё больш верагоднай, маральны бок пытання адразу ж адыходзіць на задні план.
Перафразую Фрэйда: культура, мараль — гэта толькі тонкая плёнка на свядомасці трагладыта. І як толькі яна прарываецца, ён адразу ж хапаецца за дубіну і разбурае ўсё, што трапляецца пад руку.
Прычым у гэтым сэнсе ў яе шмат прыхільнікаў пенсійнага ўзросту, якія настальгуюць па сваёй маладосці і забываюцца на складанасці працы і побыту тых часоў.
Так ужо ўстроена чалавечая памяць: станоўчае з часам становіцца ўсё больш ідэалізаваным, а негатыўнае выцясняецца ў закуткі падсвядомасці. Толькі вяртанне да мінулага немагчымае ў прынцыпе — час іншы, дый вы ўжо не тыя, што ў маладосці.
Таму ўлада атэмпаральная — выжывай тут і цяпер, а заўтра як Бог пашле. Зрэшты, я не зусім карэктны: у дачыненні да прадухілення патэнцыйных пратэстаў улада рыхтуецца загадзя, вельмі старанна выкарчоўваючы ўсе парасткі жывога.
У гэтым пытанні спецыялістаў больш чым дастаткова. Ды і сусед дапамагае. Толькі жыццё паказвае, што трава прабіваецца і праз асфальт. Цягу да свабоднага жыцця і дабрабыту ў бетон не закатаеш. Тым больш што ў адрозненне ад расійцаў, рассеяных у тэрытарыяльным бязмежжы, у беларусаў прыцягальны Захад знаходзіцца па суседстве. І многія з іх на сваім уласным вопыце бачылі розніцу ў якасці жыцця.
— З пункту гледжання псіхалогіі, ці могуць спробы ўлад, выкліканыя страхам перад новым пакаленнем, ледзь што не павярнуць час назад?
— У гэтым кантэксце цікавыя вынікі даследавання адносін да былых імперый (Вялікабрытанія, Галандыя, Партугалія, Францыя), якія паказалі іх ідэалізацыю ў трэцім пакаленні: дзяды змагаліся за вызваленне, бацькі выжывалі ў цяжкіх умовах станаўлення здабытай дзяржаўнасці, а іх дзеці пачалі фетышызаваць былыя імперыі.
Для выкарыстання сучасных метадаў і тэхналогій не хапае ні інтэлекту, ні адукацыі. Да таго ж улада занадта разумных пабойваецца, аддаючы перавагу надзейным і лаяльным.
— Ці ёсць у цяперашняга кіруючага рэжыму час і рэсурсы выхаваць «пад сябе» новае пакаленне беларусаў? Ці ж, як сцвярджае Павел Данейка, змяненне каштоўнаснай сістэмы моладзі працягнецца незалежна ад планаў і жаданняў улад?
— Выхаваць «пад сябе» новае пакаленне беларусаў не атрымаецца пры ўсім жаданні. Свет стаў адкрытым, грамадства — інфармацыйным. Час тэлевізара як вакна ў свет сыходзіць у мінулае. Актыўнае ж прадстаўніцтва ў інфармацыйнай прасторы патрабуе высокай кваліфікацыі і ўнутранай матывацыі, з чым ва ўлады вялікая праблема.
За акном час сусветнага Інтэрнэту. Перамагае імкненне да лепшай якасці жыцця. І гэта натуральна. Прыцягнуць увагу і зацікавіць можна толькі відавочна лепшым.
Забяспечце высокую якасць жыцця і ўмовы для далейшага развіцця — і да вас пацягнуцца. У адваротным выпадку імкнуцца да чаго? Да ідэі, якой няма? Да патэнцыйнага замагільнага раю ў імя чагосьці? А ў імя чаго? Жыць хочацца тут і цяпер.
Гэта яшчэ можа працаваць на аўдыторыі расійцаў, чые мазгі запудраны прапагандай былой імперскай велічы. А як павесці беларусаў, пазбаўленых вялікадзяржаўнага шавінізму?
Так што моладзь асуджана на выбар лепшага, а не ідэалагічна навязанага.
— А ў цэлым, якой вам бачыцца трансфармацыя каштоўнасцей беларускага грамадства ў агляднай будучыні?
— Мне ўсё ж такі верыцца ва ўрачыстасць ідэалаў дабра і гуманізму як цывілізацыйных прыярытэтаў, якія паказалі сваю безальтэрнатыўнасць у доўгатэрміновай перспектыве. І хай зло часам перамагае ў перспектыве кароткатэрміновай, але гэта заўсёды пірава перамога. На гвалце і эксплуатацыі страхаў дарогі наперад проста няма.
А дарога назад — гэта заўсёды дарога на могілкі. А могілкі нічога не нараджаюць, а толькі паглынаюць.
— Кіраўнік Беларусі дае парады па ўтрыманні ўлады сваім аўтарытарным калегам. Як гэта было, напрыклад, падчас нядаўняга візіту ў Зімбабвэ. Ці ёсць будучыня ў падобных рэжымаў у нашым рэгіёне, на постсавецкай прасторы? І якім вам бачыцца будучыня самога Лукашэнкі?
— Ведаеце, у гэтым плане ў аўтарытарызму і ў Зімбабвэ няма будучыні. Афрыка не такая кансерватыўная, як можа здацца. Працэсы ірадыяцыі там даволі сур'ёзныя. І прэцэдэнты ёсць дастаткова цікавыя.
Напрыклад, Ангола ўвесь час змагалася, увесь час жабравала, нягледзячы на тое, што гэта багатая рэсурсамі краіна. А калі вы паглядзіце на яе цяперашні эканамічны стан, то ўбачыце нешта цікавае. Капіталы ідуць, інвестыцыі. Краіна квітнее, Ангола стала зусім іншай.
Гэта якраз прыклад дзвюх цывілізацый. Адна звязана з развіццём, з росквітам. Другая — з заходам і пошукам таго мінулага, да якога імкнецца некаторая частка людзей, настальгуючы па гэтым мінулым.
Карэі, Паўночная і Паўднёвая: вось вам, калі ласка — росквіт і могілкі. Калі б вы пабывалі ў Паўднёвай Карэі, то ўбачылі б там наогул нейкую фантастыку: тэхналагічную, міжасобасную. А могілкі ўсім добрыя для дыктатара: яны спакойныя, яны не шумяць.
Але на могілках нічога не вырабляецца, яны толькі паглынаюць.
Што тычыцца парад па ўтрыманні ўлады. Я б параіў паклапаціцца пра будучыню. Не краіны, а пра асабістую будучыню. І я на сваім прыкладзе паказваю: сыходзіць на пенсію трэба своечасова. Жыць у сваё задавальненне, а не мучыцца да канца дзён сваіх пад пагрозай не вельмі добрага завяршэння.
Таму я б рэкамендаваў псіхалагічна, з пункту гледжання тэмпаральнай перспектывы: паклапаціцеся пра будучыню. Шанцы для гэтага ёсць. Можна сысці прыгожа, а можна і непрыгожа.
— Як доўга беларусы будуць адчуваць на сабе двайны груз: памяць рэпрэсій і адказнасць за суагрэсію? Пісьменніца Святлана Курс перакананая, што памяць аб гэтым у нас будзе жыць доўга. А вы як лічыце?
— Я не настолькі песімістычны. Бо гэта ўлада распавядае пра зачасаную памяць народную, выбіраючы ў ёй тое, што яе задавальняе. Час паказаў, што чалавек — істота адаптыўная, валодае патэнцыялам змены. Прайшоўшы ж кропку біфуркацыі, гэтыя змены набываюць характар якасных і незваротных. Тым больш што суагрэсія — справа рук асобных кіраўнікоў, а далёка не ўсяго народа, міралюбнасць якога відавочная.
Чаго, уласна кажучы, і баіцца ўлада, старанна вылічваючы «нядобранадзейных» і падвяргаючы іх «перавыхаванню». Толькі іх занадта шмат, і ўсіх перасаджаць не атрымаецца. Гэтак жа сама, як не атрымаецца выкарчаваць пратэсны дух, які абавязкова вырвецца з бутэлькі, падобна джыну, у зручны час.
— Рэпрэсіі загартоўваюць беларусаў, робяць іх мацнейшымі ці, наадварот, ператвараюць у пакорлівую масу?
— Хутчэй, становяцца крытэрам праверкі на жыццеўстойлівасць і ўрокам на будучыню. Яны наглядна паказваюць, хто ёсць хто і што ёсць што. Таму гэты непрывабны этап у развіцці нашага грамадства стаў своеасаблівай падставай для пераасэнсавання шмат чаго, пакуль неўсвядомленага.
Я ўжо казаў, што закатаць у асфальт цягу да свабоднага жыцця не атрымаецца. І кветкі жыцця абавязкова праб'юцца.
— Эксперты сцвярджаюць, што большасць з тых беларусаў, хто з'ехаў, ужо не вернуцца. Па розных прычынах: адаптацыя ў новай краіне, адсутнасць перспектыў на радзіме. Больш за тое, ёсць меркаванне, што адток грамадзян не спыніцца нават у выпадку ўстанаўлення адноснай дэмакратыі — краіне спатрэбяцца дзесяцігоддзі на аднаўленне. Ці бачыце вы ў гэтай гісторыі нейкі кампраміс, прасвет?
— Хтосьці вернецца, а хтосьці не. Працэс адаптацыі да іншай культуры не такі просты, як здаецца. У гасцях вы заўсёды будзеце адчуваць сябе госцем, а не гаспадаром. Гасцямі будуць і вашы дзеці, а мясцовымі могуць стаць толькі ўнукі.
Для таго, каб твая радзіма стала лепшай, гэты вопыт дорага каштуе. Перасоўванне ў прасторы — працэс натуральны, і спыняць яго не мае сэнсу.
Бо людзі заўсёды імкнуцца да лепшай долі. Іншая справа, што выдатна было б зрабіць дома, як у лепшым замежжы, выкарыстаўшы здабыты вопыт і веды.
А аднаўленне — справа рук уласных. На тое яно і грамадства, каб дамаўляцца адзін з адным з дапамогай дыялогу і накіроўваць намаганні на пабудову агульнага дома, у якім камфортна жывецца ўсім. Толькі гэты дом трэба будаваць з улікам назапашанага вопыту памылак цяжкіх.
Так што святло ў канцы тунэля мне бачнае. І я стараюся на сваёй старонцы ў Фэйсбуку «Дыялогі з прафесарам Янчуком» дзяліцца яго абрысамі.
— Пра абрысы. Прагнозы — няўдзячная справа. І ўсё ж я папрашу вас сфармуляваць пазітыўны сцэнар будучыні краіны і песімістычны.
— Наша цывілізацыя кажа пра тое, што ідэалы дабра, якія спрыяюць разняволенню чалавека, фарміраванню супольнасці людзей, ў якой усе падтрымліваюць адзін аднаго, будуюць агульны дом, у якім добра ўсім — гэта перспектыўны і магістральны шлях чалавецтва.
Жыццё ў ізаляванай прасторы ў прынцыпе немагчымае. Яно можа, вядома, на нейкі перыяд мець месца, але не больш за тое.
Зноў-такі, развіццё падзей вельмі моцна прывязана да сітуацыі ва Украіне. Інтэнсіўнасць будзе залежаць ад таго, наколькі паспяхова, а я ў гэтым не сумняваюся, украінцы вырашаць праблему ўзаемадзеяння з Расійскай імперыяй. Імперыяй, якая руйнуецца, дэградуе і знаходзіцца ў стане агоніі. Але, паколькі рэсурсаў у яе вельмі шмат, гэты працэс можа заняць нейкі час.
Пры пазітыўным зыходзе (усё залежыць ад гэтай часовай перспектывы, а я думаю, што гэта год-два, не больш) у нас будзе добры прыклад выбудоўвання новай сістэмы ўзаемаадносін. Новых адносін адзін з адным і разумення таго, што насамрэч так званы калектыўны Захад — гэта не вораг. Што гэта людзі, якія знаходзяцца на больш высокай ступені агульначалавечага развіцця. Людзі актыўныя, самастойныя, якія не робяць замаху на чужыя тэрыторыі.
Гэта такі пазітыўны сцэнар, я думаю, што ён рэалізуецца. Негатыўны сцэнар: калі падзеі ва Украіне зацягнуцца, то гэта прывядзе да закручвання гаек у Беларусі. Але ў гэтага закручвання ёсць свая мяжа. Калі здараецца перабор, гайка ламаецца.
На мой погляд, мы цяпер якраз знаходзімся ў сітуацыі мяжы. Усе рэсурсы максімальна выкарыстаныя. Улада з трывогай глядзіць на падзеі ва Украіне, хвалюецца, напружваецца. Пры гэтым хвалюецца і напружваецца ўся іерархія — не толькі вярхі, але і ўсе людзі, датычныя да таго, што адбываецца.
Таму давайце сачыць за развіццём падзей. У выніку, я думаю, усё будзе добра.
Пераклад «НЧ»