Сяргей Навумчык: Чым Ціханоўская абавязаная апазіцыйным партыям?

Значная частка з тых, хто выйшаў, нягледзячы на рэпрэсіі, сваёй пазіцыі ў дачыненні да Лукашэнкі не змянілі. Але вера сапраўды згасла, разважае ў блогу на «Св*бодзе» журналіст і палітык Сяргей Навумчык.

photo_2021_05_02_20_21_05_logo.jpg

Большасьць дэмакратычных актывістаў (у тым ліку і тыя, хто апынуўся за мяжой), удзельнічалі ў дэмакратычным руху не з 2020 году, а значна раней. Фактычна яны гадамі рыхтавалі тую глебу, на якой паўстаў пратэст-2020, што ўзьнёс на вяршыню апазыцыйнай палітыкі Сьвятлану Ціханоўскую.

Хто б што ні гаварыў пра цяперашні стан апазыцыйных партыяў і рухаў, але менавіта яны, дэмакратычныя нацыянальна арыентаваныя актывісты, няспынна супраціўляліся ўсталяваньню і ўмацаваньню аднаасобнай улады Лукашэнкі, змагаліся супраць абʼяднаньня з Расеяй і дамагаліся захоўваньня нацыянальных каштоўнасьцяў. І яны маюць права быць пачутымі.

У блогу «Спачатку параза, потым — сварка між сваімі. Чаму апазыцыя зноў шукае вінаватых» Віталь Цыганкоў падымае тэму змаганьня за лідэрства ў апазыцыі і зазначае, што ў апошні час істотна павялічылася колькасьць крытычных выказваньняў у адрас Сьвятланы Ціханоўскай. Прычым нават ад тых, хто раней быў яе прыхільнікам ці ад крытыкі ўстрымліваўся.

Праблема, аднак, палягае глыбей, чым «сварка паміж сваімі», якую аўтар вызначае як «галоўную матрыцу беларускай апазыцыі», апэлюючы да красамоўных прыкладаў з найноўшай гісторыі. Бо, як падаецца, сытуацыя зь Ціханоўскай карэнным чынам адрозьніваецца ад тых, якія ўзьнікалі раней.

Віталь Цыганкоў слушна назваў прычыны незадаволенасьці, якія асабіста мне здаюцца галоўнымі — гэта параза пратэстаў 2020 году і зьмяншэньне веры ў хуткую перамогу. Удакладню, аднак, азначэньні: размова менавіта пра палітычную паразу і пра веру менавіта ў хуткую перамогу.

У найноўшай гісторыі, на якую спасылаецца аўтар, нешта падобнае здаралася: пасьля 1994-1995 году, калі БНФ не перамог спачатку на прэзыдэнцкіх, а потым на парлямэнцкіх выбарах, лідэры Фронту заявілі, што, нягледзячы на паразу палітычную, атрымалі перамогу маральную: сотні тысяч людзей засталіся вернымі дэмакратычным і нацыянальным ідэалам. Аднак кірунак разьвіцьця краіны вызначалі тыя, хто перамог палітычна. Час ішоў і (вядома, не без уплыву іншых фактараў, у тым ліку і няспыннай уладнай прапаганды) уплыў Народнага Фронту, як, зрэшты, і ўвогуле апазыцыі, упаў да мінімуму.


У гэтым сэнсе становішча з «новымі лідэрамі» яшчэ больш драматычнае, бо, адрозна ад 1994-1995 гадоў, калі палітычная актыўнасьць грамадзтва ў параўнаньні з самым пачаткам дзевяностых была невысокай, 2020 год вывеў на вуліцу нечуваную для Беларусі колькасьць людзей. Думаецца, што лічба ў 600-700 тысяч 16 жніўня па ўсёй краіне ня будзе перабольшваньнем. Гэта тое, што тэарэтыкі рэвалюцыі называлі «народнымі сіламі». Чаму гэтыя сілы не перамаглі — пытаньне асобнае (і пакуль па-сапраўднаму не прааналізаванае).

Вядома, значная частка з тых, хто выйшаў, нягледзячы на рэпрэсіі, сваёй пазыцыі ў дачыненьні да Лукашэнкі не зьмянілі. Але вера сапраўды згасла. Тут яшчэ варта прыгадаць, што амаль год людзі з найбліжэйшага атачэньня Ціханоўскай сьцьвярджалі, што рэжым «вось-вось падзе», называючы нават канкрэтныя тэрміны (лістапад 2020-га, травень 2021-га), і заклікалі людзей не зьмяншаць націск.

Людзі верылі, выходзілі на акцыі — і садзіліся ў турмы.

Тым больш горкім было расчараваньне.

Але ёсьць і група людзей (і даволі немалая), для якіх палітычная параза не зьяўляецца «канцом гісторыі», бо палітычную і грамадзянскую актыўнасьць яны выяўлялі задоўга да 2020 году.


Захад вызначыўся, з кім размаўляць пра Беларусь

Ня ведаю, ці ўдалося Сьвятлане Ціханоўскай на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе пазнаёміцца з Гэнры Кісынджэрам, гэтым амаль 100-гадовым патрыярхам сусьветнай палітыкі. Кажуць, што ў 70-я, калі ён быў дзяржсакратаром ЗША, любіў паўтараць фразу: «Каму мне трэба званіць у Эўропу?».

Мелася на ўвазе, што калі ўзьнікала патрэба высьветліць пазыцыю «сацыялістычнага лягеру», дастаткова было паглядзець на Маскву. Дэмакратычная ж Эўропа ўяўляла сабой два дзясяткі краінаў, якія часта мелі розныя падыходы да той ці іншай праблемы (пасьля ўтварэньня ЭЗ адказ на такое пытаньне спрасьціўся: тэлефанаваць варта ў Брусэль).

У сваіх адносінах да апазыцыйных сілаў у такіх аўтарытарных краінах, як Беларусь, Захад вызначае адзін суб’ект, зь ім і вядзе справу. Звычайна гэта асоба альбо палітычная сіла, якая атрымала больш за іншых галасоў на выбарах (прэзыдэнцкіх ці парлямэнцкіх). Прычыны розныя: лічыцца, што такая асоба ці партыя мае лепшыя за астатніх шанцы перамагчы на наступных выбарах; яна, як правіла, карыстаецца найбольшым аўтарытэтам у грамадзтве. Нарэшце, чыста тэхнічна: гэтак прасьцей, ня трэба распыляцца (бадай, гэтая прычына нават галоўная).

У дачыненьні да апанэнтаў Лукашэнкі, падабаецца гэта каму ці не, Захад вызначыўся яшчэ больш як два гады таму: тэлефанаваць трэба Сьвятлане Ціханоўскай. І, як гэта звычайна бывае, сканцэнтраваў увагу выключна на ёй і яе структурах.

Ня будзем зараз даваць ацэнак, зафіксуем гэта як рэчаіснасьць.

Віталь Цыганкоў прыгадвае эпізод, калі неўзабаве пасьля выбараў 2006 году Кангрэс дэмакратычных сілаў пазбавіў Аляксандра Мілінкевіча статусу лідэра аб’яднанай апазыцыі, які за паўгода да гэтага сам жа яму і даў, вылучыўшы ў якасьці адзінага кандыдата ў прэзыдэнты.

Як вядома, галасавалі за вылучэньне (а потым і за «разьвянчаньне») прадстаўнікі абсалютнай большасьці дзейных на той момант дэмакратычных партый (за выключэньнем КХП-БНФ, якая выбары байкатавала).

Праўда, «разьвянчаньне» тое ў міжнародным аспэкце на палітычную вагу Мілінкевіча не паўплывала: удзел у прэзыдэнцкіх выбарах і падзеі, якія іх суправаджалі (Плошча-2006 ды іншыя) надалі яму аўтарытэт і вагу ў вачах заходніх лідэраў. Яго працягвалі прымаць і ў Брусэлі, і ў Вашынгтоне, і ў парлямэнтах эўрапейскіх краінаў, ён быў узнагароджаны прэміяй Эўразьвязу «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава. Думка Мілінкевіча зьяўлялася важкай і для тых, каго прынята называць «донарамі».

Іншымі словамі, «дэлегітымізацыя» партыямі не была прынятая міжнароднай супольнасьцю пад увагу ў тэме «з кім размаўляць у дэмакратычнай Беларусі» — практычна на ўсю кадэнцыю да наступных прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Захад размаўляў зь Мілінкевічам. Ня толькі зь ім, вядома, але ў першую чаргу зь ім.


«Прэзыдэнт-элект» ці «лідэрка дэмакратычных сілаў»?

Аналягічная сытуацыя, падобна, склалася і вакол Ціханоўскай. Менавіта яна ў 2020 годзе была ўспрынятая (і прынятая) Захадам як прадстаўніца беларускага народу, і такі статус будзе захоўвацца сама меней да наступных прэзыдэнцкіх выбараў. А з улікам таго, што апазыцыя, хутчэй за ўсё, не атрымае магчымасьці зарэгістраваць сваіх кандыдатаў на будучых г.зв. выбарах, нават калі пажадае ўдзельнічаць у кампаніі ўвогуле, — тэрмін можа быць працягнуты і далей.

І ня будзе мець (як ужо ня мае) ніякага значэньня ні ейны рэальны рэйтынг у Беларусі (які і вызначыць немагчыма, бо незалежныя сацыялягічныя службы даўно зьнішчаныя), ні ступень падтрымкі ці непадтрымкі структурамі грамадзянскай супольнасьці ці рэшткамі дэмакратычных партый.

Тым больш што, адрозна ад Мілінкевіча, гэтыя партыі яе ў прэзыдэнты не вылучалі (як вядома, вясной 2020 году яны правялі ўласныя «праймэрыз» са сьціплымі вынікамі).

Зважаючы на апошняе, Ціханоўская мае абсалютна поўнае і палітычнае, і маральнае права ніяк ня ўлічваць думку партый (як гэта рабіў і робіць Лукашэнка, пачынаючы ад 1994 году).

Але толькі пры адной умове: калі б яе не называлі «лідэркай дэмакратычных сілаў».

Адрозна ад статусу «прэзыдэнт-элект», які, хаця і выклікае спрэчкі (асабіста аўтар гэтых радкоў схільны лічыць, што ў часе галасаваньня Ціханоўская сабрала большасьць галасоў, аднак апанэнты лёгка выставяць контраргумэнты: а дзе лічбы па ўсіх участках і якая агульная лічба?), але грунтуецца на галасаваньні ў жніўні 2020-га, сказаць, на чым базуецца статус «лідэра дэмакратычных сілаў», праблематычна.

З фармальнага гледзішча — ніякія дэмакратычныя партыі і арганізацыі Ціханоўскую ў прэзыдэнты не вылучалі, пра што ўжо гаварылася вышэй. Ніякія партыі не зрабілі адназначных заяваў, у якіх прызнавалі б яе такім лідэрам — ні пасьля 9 жніўня 2020-га, ні аж да сёньняшняга дня.

Не было і ніякага агульнага сходу прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый, якія пацьвердзілі б статус Ціханоўскай як агульнага дэмакратычнага лідэра. Могуць прыгадаць кангрэс летась у жніўні ў Вільні, але ягоныя ўдзельнікі, наколькі вядома, вызначаліся з самім Офісам Ціханоўскай, нейкага партыйнага прадстаўніцтва там не было.

Партыйнае поле пасьля бітвы

«Але пра якія партыі можа ісьці гаворка, калі іх дзейнасьць практычна паралізаваная і яны, у прававым сэнсе, дажываюць апошнія дні перад перарэгістрацыяй, якую наўрад ці пройдуць?» — можа прагучаць пытаньне, адказ на якое відавочны.

Сапраўды, партыі разгромленыя, іх дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі фактычна спыненая — многія лідэры асуджаныя на вялікія турэмныя тэрміны (у тым ліку лідэр АГП Мікалай Казлоў, старшыня «Народнай Грамады» Мікола Статкевіч, старшыня БХД Павал Севярынец, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў).

Што да дзейнасьці за мяжой, сытуацыя выглядае крыху лепшай. Некаторыя прадстаўнікі партый (літаральна адзінкі) увайшлі ў склад Офісу Ціханоўскай, структуры Аб’яднанага пераходнага кабінэту і Каардынацыйную раду. Найбольш моцнае прадстаўніцтва ў новых структурах мае АГП — у Офісе Ціханоўскай працуюць заснавальнік партыі Аляксандар Дабравольскі, яе былы старшыня Анатоль Лябедзька, намесьніца старшыні партыі Ганна Красуліна.

Ці адбывалася нейкае дэлегаваньне партыямі гэтых асобаў у структуры Ціханоўскай? Інфармацыі пра гэта знайсьці не ўдалося.

Наколькі вядома, ніякім чынам не прадстаўленыя ў «штабах» Партыя БНФ, партыя «Народная Грамада», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», Рух салідарнасьці «Разам», грамадзкая кампанія «Гавары праўду».

Мяркуючы па заявах лідэра КХП-БНФ Зянона Пазьняка, супрацоўніцтва створанай пераважна зь сяброў ягонай партыі «Вольнай Беларусі» з Офісам Ціханоўскай выключана з шэрагу прычынаў, у тым ліку ідэалягічных (падрыхтаваны Офісам праект Канстытуцыі пакідае статус дзяржаўнай за расейскай мовай, доўгі час Ціханоўская ня ставіла пад сумнеў мэтазгоднасьць існаваньня «саюзнай дзяржавы» і інш.).

Ці рабіліся прапановы лідэрам іншых партый, ці маглі б яны ўдзельнічаць у структурах Ціханоўскай — пытаньні адкрытыя.


Партыі амаль зьнішчаныя, але людзі засталіся

Зноў жа, спыненьне дзейнасьці большасьці партый не азначае, што зьніклі сябры гэтых партыяў — тысячы актывістаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь, адрозна ад тых, хто застаўся на Бацькаўшчыне, маюць значна болей свабоды для выказваньня сваіх перакананьняў, у тым ліку і ў сацыяльных сетках.

Трэба думаць, менавіта іх і мае на ўвазе Віталь Цыганкоў, калі піша пра незадаволенасьць дзейнасьцю Офісу Ціханоўскай. Сярод прэтэнзіяў, якія даводзілася чытаць — практычна поўная адсутнасьць празрыстасьці прыняцьця тых ці іншых рашэньняў (у тым ліку і кадравых), выкарыстаньне шараговых актывістаў толькі тады, калі трэба зрабіць «карцінку» для прэсы. Яшчэ пішуць, што «штабісты» не запрашаюць на свае сустрэчы зь мясцовымі палітыкамі тых ці іншых краінаў прадстаўнікоў дыяспары, і гэтак далей. У якой ступені такія прэтэнзіі слушныя, можна спрачацца — істотна, што яны выказваюцца.

Ёсьць і яшчэ адзін момант, зьвязаны з успрыманьнем «старой гвардыяй» кадравай палітыкі Офісу.

Дзесяцігодзьдзямі ў так званай тытульнай (альбо клясычнай) апазыцыі склалася традыцыя, калі лідэры не ўзьнікалі ніадкуль: яны праходзілі шлях актывізму ў партыях і рухах, вылучаліся ў кіроўныя органы арганізацый, на пасады старшыні альбо іх намесьнікаў выбіраліся галасаваньнем. Так, часам гэтыя працэсы суправаджаліся скандаламі, а здаралася, і расколамі, але працэс быў адкрыты, ён асьвятляўся незалежнай прэсай.

Нічога падобнага з Офісам Ціханоўскай не было ды і не магло адбыцца, бо гэта ня партыя, ды і фармаваўся ён у экстрэмальных умовах. Аднак усё часьцей можна пачуць: «Добра, за Ціханоўскую галасавалі, за ёй нават улада прызнала сотні тысяч выбарнікаў, а хто выбіраў ...?». Замест шматкроп’я называюцца розныя прозьвішчы. Альбо маюцца на ўвазе ўсе разам.

(У дужках зазначым, што палітыкі, якія мелі ня толькі партыйны аўтарытэт, але і мандат народнага даверу, у офісе ёсьць: Аляксандар Дабравольскі ў жорсткай канкурэнтнай барацьбе выбіраўся народным дэпутатам СССР і дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня; дэпутатам ВС 12-га і 13 скліканьня выбіраўся Анатоль Лябедзька; Юры Губарэвіч быў дэпутатам і нават намесьнікам старшыні Белаазёрскага гарсавету, перамог прадстаўніка ўлады на выбарах у Менскі гарсавет. Але такіх людзей адзінкі).

Вядома, можна прывесьці ў прыклад мадэлі прэзыдэнцкіх рэспублік, дзе, атрымаўшы мандат народнага даверу, лідэры маюць права прызначаць асобаў у свае канцылярыі без узгадненьняў з кім бы тое ні было і нават цалкам фармаваць апарат. Праўда, кіраўнік і ключавыя члены ўраду, як правіла, зацьвярджаюцца парлямэнтам.

Наўрад ці можа такая мадэль «падзелу ўладаў» быць прыдатнай для эміграцыйнай структуры. І ўсё ж, калі і праз два з паловай гады пасьля яе фармаваньня такія пытаньні задаюцца, праблема існуе.

Можна зразумець і тых, хто дзесяцігодзьдзямі змагаўся за дэмакратычныя перамены, пацярпеў ад рэпрэсій. Заставаўся верным сваім перакананьням — а цяпер бачыць, што ад імя «дэмакратычных сілаў» выступае хтосьці ня толькі з колішняга атачэньня, але і з тых самых установаў, якія праводзілі рэпрэсіі.

Усё гэта можна аднесьці да катэгорыі асабістых амбіцыяў і пэрсанальных крыўдаў, але: палітыку робяць людзі, грамадзтва складаецца зь людзей, а людзі, як вядома, не анёлы. І ў палітыцы, калі хочаш мець падтрымку, гэта даводзіцца ўлічваць.


Права быць пачутымі

І, нарэшце, самае важнае. Большасьць дэмакратычных актывістаў (у тым ліку і тыя, хто апынуўся за мяжой), удзельнічалі ў дэмакратычным руху не з 2020 году, а значна раней, некаторыя яшчэ з 90-х.

І хто б што ні казаў пра цяперашні стан апазыцыйных партыяў і рухаў, але менавіта яны, дэмакратычныя нацыянальна арыентаваныя актывісты, няспынна супраціўляліся ўсталяваньню і ўмацаваньню аднаасобнай улады Лукашэнкі, змагаліся супраць абʼяднаньня з Расеяй і дамагаліся захоўваньня нацыянальных каштоўнасьцяў (варта ўспомніць хаця б барацьбу за беларускае школьніцтва).

Фактычна яны гадамі рыхтавалі тую глебу, на якой паўстаў пратэст-2020, што ўзьнёс на вяршыню апазыцыйнай палітыкі Сьвятлану Ціханоўскую.

Нядаўна заяўлена пра рэарганізацыю Каардынацыйнай рады. Цалкам магчыма, што ў яе ўвойдуць і прадстаўнікі «старой апазыцыі», аднак пакуль гэта толькі прагнозы. І дазволю сабе выказаць думку, што адна толькі кааптацыя прадстаўнікоў партый (альбо былых партый) актывістаў не задаволіць — магчыма, калі і выпусьціць пару, дык на зусім не працяглы час.

Актывісты «дэмакратычных сілаў» лічаць, што маюць права быць пачутымі. А іх прадстаўнікі, калі будуць запрошаныя да супрацы, маюць права апынуцца не на чацьвёртых-пятых ролях, а нароўні з тымі, хто прымае рашэньні.

Але ў такім выпадку апошнім давядзецца крыху пацясьніцца. Ці пажадаюць яны гэта зрабіць?

Вядома, калі рэжым Лукашэнкі пратрымаецца год-паўтара, усё гэта мае толькі абстрактнае, тэарэтычнае значэньне: значная частка палітычных эмігрантаў вернецца ў Беларусь, адбудуцца дэмакратычныя выбары і, цалкам магчыма, мы ўбачым на чале дзяржавы прадстаўнікоў Офісу Ціханоўскай. А магчыма, і зусім іншых людзей (як у 1994-м, калі да ўлады прыйшла не дэмакратычная апазыцыя).

Аднак, калі цяперашняе становішча замацуецца на гады, Офіс Ціханоўскай мае ўсе шанцы падзяліць лёс усіх арганізацый у выгнаньні: мінімалізацыя ўплыву на сытуацыю ў мэтраполіі і абмежаваньне праблемамі выключна дыяспары.

Праўда, гэта таксама важна, з улікам цяперашняй колькасьці эмігрантаў зь Беларусі.