«Спачатку параза, потым — сварка між сваімі». Віталь Цыганкоў — пра «бульбасрачы» апазыцыі

Палітычны аглядальнік «Св*боды» — пра замкнёнае кола дэмакратычных палітыкаў, якія сварацца паміж сабой замест барацьбы супраць Лукашэнкі.

058a0000_0aff_0242_871e_08dad49f5892_cx0_cy17_cw0_w1023_r1_s_1.jpg

«З сумам і скрухай назіраю, як паволі адбываецца вяртаньне колішняга галоўнага правіла беларускай апазыцыйнай палітыкі. Той матрыцы, якая панавала да жніўню 2020 году, — піша Віталь Цыганкоў. —

Калі дэ-факта асноўнай мэтай было не змаганьне з рэжымам, а змаганьне паміж сабой, за лідэрства ў апазыцыі. Калі любую ініцыятыву адной часткі апазыцыі другая частка аўтаматычна пачынала ганьбіць і няславіць.

Як толькі нейкі палітычны суб’ект вытыркаўся вышэй за іншых, то гэтыя іншыя нават уступалі ў кааліцыі — выключна дзеля таго, каб паставіць выскачку на месца.

На выбарах дэмакратычныя сілы часам аб’ядноўваліся, нават выбіралі адзінага кандыдата — аднак, здаецца, толькі дзеля таго, каб потым яго адразу зрынуць з гэтай пасады. Празь некалькі месяцаў пасьля выбараў 2006 году, на якіх Аляксандар Мілінкевіч быў «адзіным кандыдатам», склікалі нават адмысловы кангрэс, які сабраўся выключна дзеля таго, каб засьведчыць, што Мілінкевіч ужо ня «лідэр апазыцыі».

Здавалася, што ў жніўні 2020 году ўсё гэта зьмянілася. Сьвятлана Ціханоўская, відавочна, набрала на выбарах больш галасоў, чым любы апанэнт Лукашэнкі ў гісторыі прэзыдэнцкіх выбараў незалежнай Беларусі. Многія лічаць, што яна перамагла на выбарах, але іншыя сьцьвярджаюць, што гэта недаказальна.

У любым выпадку, вынікі выбараў і легітымнасьць Ціханоўскай (грунтаваная ня толькі на выбарах, але і на пратэстах, у якіх бралі ўдзел сотні тысячаў чалавек) далі падставы ўтварыць цэнтар, які аб’ядноўваў (ці, прынамсі, стаў сымбалем аб’яднаньня) значную частку, калі ня большасьць, тых, хто выступаў супраць рэжыму. Яе штаб прызнала сусьветная супольнасьць, Ціханоўская сустрэлася з большай колькасьцю сусьветных лідэраў, чым уся беларуская апазыцыя за папярэднія 28 гадоў.

Здавалася б, трэба разумець і цаніць гэты палітычны капітал. І калі раней іншыя апазыцыйныя палітыкі не рызыкавалі адкрыта крытыкаваць Ціханоўскую (бадай, акрамя Зянона Пазьняка, які заўсёды меў прынцыповую пазыцыю нэгатыўнага ўспрыняцьця любых беларускіх палітыкаў, ад Ганчарыка і Мілінкевіча да Статкевіча і Губарэвіча), то апошнія тыдні нібыта адчыніліся шлюзы.

Зразумець гэта можна: час ідзе, рэжым ня зрынулі, палітвязьні застаюцца за кратамі, сотні тысячаў людзей выехалі за межы, ратуючыся ад рэпрэсіяў — гэта аб’ектыўныя прычыны для незадаволенасьці дзеяньнямі Офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Стварэньне Пераходнага габінэту на нейкі час прыглушыла крытыку, але ненадоўга.

Праблема ў тым, што я ня бачу нейкага рацыянальнага зерня ці хаця б уяўнага магчымага пазытыўнага выніку ад усіх гэтых намаганьняў. Здаецца, гэта проста нянавісьць, накіраваная не на тое, каб нешта зьмяніць у дзейнасьці Габінэту Ціханоўскай, а проста на сам факт яе існаваньня. Ну зрынеце вы з п’едэсталу Ціханоўскую. Каму ад гэтага стане лепей? Лідэры эўрапейскіх краінаў у выніку пачнуць сустракацца з Пазьняком альбо з Цапкалам? Не. Ніхто ня зойме ейнага месца, яно проста зьнікне. Беларусь проста згубіць гэтае месца, гэтую функцыю і ролю. І зноў вернецца да знаёмай сытуацыі рознакаляровых і рознакалібэрных самаабвешчаных «лідэраў», якія прадстаўляюць выключна саміх сябе альбо некалькі дзясяткаў актывістаў.

А тут яшчэ полк Каліноўскага пачалі выкарыстоўваць як «маральную кувалду». Усе разумеюць, што для беларусаў, якія жадаюць зьмены рэжыму, ПК — гэта сьвятое, гэта нашы гэроі. І таму полк Каліноўскага становіцца чымсьці кшталту храму, куды пры сьвятле тэлекамэраў прыходзяць маліцца палітыкі, дэманструючы сваю нібыта духоўнасьць і рэлігійнасьць. Трымаюць сьвечкі, нібыта нават шэпчуць словы малітвы. Кожны хоча далучыцца да гэтага «храму» і нават стаць ягоным палітычным прадстаўніком. Але праблема ў тым, што ПК — гэта злучэньне Ўзброеных сілаў Украіны, і толькі Кіеў будзе вырашаць, каго зь беларускіх палітыкаў дапускаць туды.

...Калі апазыцыя сварыцца паміж сабой — гэта яркая прыкмета таго, што няма веры ў блізкую перамогу. У жніўні і верасьні 2020-га не сварыліся, усе мелі агульную мэту і надзею. Нават Зянон Пазьняк у сваіх допісах у тыя месяцы падказваў, што рабіць далей, пісаў пра тое, як арганізоўваць пратэсты — а не шукаў вінаватых. А цяпер усе зноў заняліся пошукам вінаватых, разборкамі паміж сабой».