«Рэанімацыя» Зянона: ці магчымае вяртанне Пазняка ў беларускую палітыку?

На фоне росту незадаволенасці дзейнасцю дэмакратычных сіл у публічнай прасторы актывізаваўся Зянон Пазняк. Ці азначае гэта, што ён гатовы вярнуцца ў палітыку і ўзначаліць змаганне супраць рэжыму?

Курапаты. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Курапаты. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Зянон Пазняк — легендарная фігура ў беларускай палітыцы канца 20 стагоддзя. Ён адкрыў праўду пра расстрэлы ў Курапатах, быў адным з ініцыятараў і першым кіраўніком БНФ, прыклаў руку да таго, каб надаць бчб-сцягу статус дзяржсімвала, а беларускай мове — статус адзінай дзяржаўнай. У 1996 годзе Пазняк вымушана з'ехаў з Беларусі, больш за 25 гадоў пражыў у эміграцыі, але, здаецца, зноў гатовы вярнуцца ў беларускую палітыку. «Нямецкая хваля» разбіралася, наколькі рэальныя ў яго шанцы.

Як Зянон Пазняк стаў «легендай» у беларускай палітыцы

Зянону Пазняку — 78 гадоў. Пік яго палітычнай кар'еры прыпаў на канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў. Журналіст Сяргей Навумчык знаёмы з Пазняком амаль 35 гадоў — з 1988 года. Іх першая сустрэча адбылася ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», у якой Пазняк у суаўтарстве з Яўгенам Шмыгалёвым надрукаваў артыкул «Курапаты — дарога смерці». Дзякуючы гэтай публікацыі грамадства даведалася пра месца, у якім НКВД расстраляў тысячы беларусаў. Артыкул прынёс Пазняку агульнанацыянальную вядомасць.

Многія лічаць, што дзякуючы Зянону Пазняку ў Мінску застаўся гістарычны цэнтр. Паводле плана гарадскіх уладаў, напрыканцы канцы 1960-х Купалаўскі тэатр, Нямігу, Верхні горад і Ракаўскае прадмесце планавалі знесці. Пры ўдзеле паэта Генадзя Бураўкіна ён здолеў апублікаваць у газеце «Правда» артыкул, у якім крытыкавалася гэтае рашэнне. «Нейкую частку Нямігі ўсё-ткі знішчылі, але большую частку гістарычнага цэнтра ўдалося выратаваць», — кажа Навумчык.

На працягу многіх гадоў Пазняк даследаваў Курапаты — невялікі лясны масіў на ўскраіне Мінска, дзе былі расстраляныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій. У 1988-м Пазняком і Шмыгалёвым былі апублікаваныя сабраныя звесткі: «У канцы артыкула ён фактычна кажа, што гэта быў генацыд беларускага народа. Як пры камунізме гэта магло прайсці ў друк, мне зразумець цяжка».

У кастрычніку 1988-га Пазняк быў адным з ініцыятараў стварэння «Беларускага Народнага Фронту» і ўзначаліў яго. Дзякуючы ініцыятыве дэпутатаў БНФ у жніўні 1991 года тагачасная БССР прыняла рашэнне прызнаць сваю незалежнасць — без Пазняка гэта магло адбыцца пазней або зусім не адбыцца, лічыць Сяргей Навумчык. У той час ён таксама быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Партыі БНФ.

«Мы складалі ўсяго дзясятую частку парламента — каля 8%. Менавіта выступ Пазняка перад галасаваннем псіхалагічна пераламаў сітуацыю. Ён не рыхтаваўся да гэтага выступлення, яно адбылося спантанна. Як дэпутат, які прысутнічаў на пасяджэнні, магу сказаць, што без Пазняка галасавання за незалежнасць Беларусі магло б не здарыцца».

25 жніўня 1991 года дэпутаты прагаласавалі за прызнанне БССР незалежнай дзяржавай. Нацыянальнае адраджэнне і вяртанне да гістарычных каштоўнасцей сталі афіцыйнай пазіцыяй БНФ. Дзякуючы ёй беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай, ужо да 1993 года 80% першакласнікаў змаглі пайсці ў беларускамоўныя класы. «Надаць бчб-сцягу і гербу "Пагоня" статус дзяржаўных сімвалаў прапанавала апазіцыя БНФ, — успамінае Навумчык. — Па гэтым пытанні была цяжкая дыскусія, прапанова было прынятая толькі з трэцяга разу. Калі галасаванне ўрэшце атрымалася, у Зянона Пазняка былі на вачах слёзы. Гэта быў адзіны момант, калі я бачыў яго ў такім стане».

Сяргей Навумчык кажа, што Зянон Пазняк стаў першым палітыкам, які ў прамым сэнсе адчуў на сабе «ўдары рэжыму». У красавіку 1995 года дэпутаты Вярхоўнага Савета выступілі супраць прапановы Лукашэнкі правесці рэферэндум, які ў выніку вярнуў старыя савецкія сімвалы, надаў рускай мове статус другой дзяржаўнай, даў прэзідэнту права распускаць парламент і развярнуў Беларусь да эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. Тады сілавікі збілі і вывелі з будынка Вярхоўнага Савета 19 дэпутатаў БНФ, Пазняк быў збіты мацней за ўсё, адзначае Навумчык.

У 1996-м Зянон Пазняк быў вымушаны з'ехаць з Беларусі, баючыся за сваё жыццё. Пазней ён атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Як Зянон уплываў на беларускую палітыку ў эміграцыі?

У эміграцыі Зянон Пазняк жыве ўжо 27-мы год. Чым ён займаўся ўвесь гэты час? Знаходзячыся за мяжой, ён працягваў узначальваць БНФ, фактычна кіруючы ім па факсе, што ў выніку прывяло да расколу партыі; публікаваў навуковыя артыкулы, выдаў некалькі паэтычных зборнікаў і кніг, у 2017-м заснаваў рух «Вольная Беларусь» ён дэклараваў, што ў выпадку ліквідацыі «антынароднага рэжыму» возьме адказнасць за будучыню краіны.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў лёсе і будучыні Беларусі Зянон Пазняк удзельнічаў больш вербальна: заклікаў байкатаваць выбары, раздаў усім удзельнікам кампаніі свае ацэнкі. Віктара Бабарыку назваў «агентам Крамля», а Святлану Ціханоўскую — «адзіным пазітыўным чалавекам» сярод тых, каго ЦВК дапусціў да выбараў. Пазней ён сваё меркаванне змяніў: цяпер Ціханоўская адначасова «праект Крамля» і «марыянетка ЕС». Доказаў сваіх слоў ён не падаў.

Паводле назіранняў палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана, з 1996 года ўдзел Пазняка ва ўнутранай палітыцы Беларусі абмяжоўваўся двума рэчамі: «Па-першае, тым, што яго партыя арганізоўвала акцыі кшталту шэсцяў на Дзяды ў Курапаты, дзе гучалі звароты Пазняка, дасланыя па факсе. Па-другое, яго рэгулярнымі абвінавачаннямі на адрас лідараў апазыцыі, што яны агенты КДБ ці ФСБ. Нейкага іншага ўдзелу або ўплыву на еўрапейскую, міжнародную палітыку я не заўважаў».

Палітычны аналітык Валерый Карбалевіч адзначае, што за больш чым 20 гадоў Зянон Пазняк не ўдзельнічаў ні ў адной выбарчай кампаніі — ні прэзідэнцкай, ні парламенцкай, ні мясцовай. Яго пазіцыяй усе гэтыя гады быў байкот выбараў: «З 1996 года адбылася палітычная замарозка Пазняка. Дзейнасць БНФ звялася да таго, каб захоўваць памяць пра Курапаты».

Былы паплечнік Пазняка па партыі Сяргей Навумчык лічыць інакш: «Усе 20 з нечым гадоў ён вымушаў, у тым ліку апазіцыю ў Беларусі, прытрымлівацца нацыянальнай ідэі і быць уважлівай у дачыненні да Масквы».

За час эміграцыі Зянон Пазняк не раз станавіўся героем поп-культуры: мемаў, жартаў і сатырычных тэкстаў. У 2007-м, напрыклад, невядомы аўтар апублікаваў твор «Зянон хоп», у ім палітык у вобразе супергероя вяртаецца ў Беларусь, змятае ўладу і апазіцыю і будуе новую дзяржаву — рэінкарнуе Вялікае Княства Літоўскае «ад мора да мора».

Рэанімацыя палітычнай кар'еры?

Цяпер, на думку Карбалевіча, адбываецца «рэанімацыя дзейнасці» палітыка. На яго погляд, гэта звязана з тым, што падае палітычная вага Святланы Ціханоўскай і ўзнікае запыт на радыкалізм. «На гэтым фоне постаць Пазняка паўстала ва ўвесь рост. Вобраз непрымірымага змагара з Лукашэнкам адгукнуўся на запыт часткі грамадства», — кажа Карбалевіч. Пазняк адрозніваецца сваёй катэгарычнай пазіцыяй і непрымірымасцю, абвінавачваючы многіх сваіх апанентаў і былых паплечнікаў у тым, што яны агенты расійскіх спецслужбаў.

На рост крыла актывістаў, незадаволеных камандай Ціханоўскай і гатовых аб'яднацца на больш правых пазіцыях, звяртае ўвагу і Арцём Шрайбман. «Зянон Станіслававіч ўбачыў гэтую "дзвіжуху" і вырашыў да яе далучыцца. Асабліва калі ўлічваць, што многія з прадстаўнікоў гэтага крыла вельмі ўхвальна адклікаліся пра яго як пра свайго ідэйнага героя, настаўніка, ікону. Мне здаецца, ён вырашыў зрабіць такі камбэк, адчуўшы, што тут ёсць для яго камфортная палітычная глеба», — лічыць Шрайбман.

За апошні год Зянона Пазняка стала заўважна больш у медыяполі. Напярэдадні 2023 года ён запісаў навагодні відэазварот, а нядаўна адправіўся ва Украіну, дзе прабыў 13 дзён, пабываў у Бахмуце — адной з самых гарачых кропак на фронце, сустрэўся з беларусамі з палка Каліноўскага, дэпутатамі Вярхоўнай рады.

Ці можна лічыць Зянона Пазняка і яго рух «Вольная Беларусь» рэальнай палітычнай сілай? «У яго ёсць партыя, ёсць структура "Вольная Беларусь", паплечнікі. У цэлым, яго можна назваць лідарам аднаго з крылаў апазіцыі. Я б не сказаў, што гэта першы эшалон, але, безумоўна, заўважны палітычны гулец», — кажа Шрайбман.

Якія ў Пазняка шанцы на паспяховае вяртанне ў палітыку?

Улетку 2021 года, паводле апытання «Chatham House», пазнавальнасць Зянона Пазняка была на ўзроўні 55%, гэта значыць, крыху больш за палову гарадскіх жыхароў з доступам у Інтэрнэт ведаюць, хто гэты чалавек. Пры гэтым у яго высокі адмоўны рэйтынг — у раёне 50%, як і ў Аляксандра Лукашэнкі, звяртае ўвагу аналітык Валерый Карбалевіч. «Але Пазняк — гэта, ведаеце, такая эрагенная зона беларускай дэмакратыі. Хтосьці супраць яго, хтосьці — за, але няма абыякавых. Як, дарэчы, і ў Лукашэнкі».

Вайна — падзея непрадказальная, яна можа вывесці наверх абсалютна непрадказальных фігур, кажа аналітык Арцём Шрайбман. Ці можа Пазняк стаць новым лідарам апазіцыі? Пакуль што, на яго думку, перспектыў і перадумоў не так шмат, погляды Пазняка ў беларускім грамадстве «даволі маргінальныя», ён не ўмее будаваць кааліцыі і лаецца з людзьмі, калі меркаваць з яго папярэдняга палітычнага досведу. «Калі гэта той жа Пазняк, якім ён быў апошнія 20-25 гадоў, то я слаба ўяўляю, дзе будзе тая палітычная глеба, на якой ён зможа пабудаваць палітычную кар'еру», — кажа Шрайбман.

Ён лічыць, што папулярнасць ідэй Пазняка ў беларускім грамадстве — у раёне 5%. «Даследаванне нацыянальнай ідэнтычнасці Філіпа Біканава паказала, што група свядомых людзей, якія падзяляюць нацыянальна-арыентаваны наратыў, складае прыкладна 15%. Далёка не ўсе з іх настроеныя гэтак жа непрымірыма, як Пазняк. Нават па мерках многіх нацыянальна арыентаваных людзей ён радыкальны», — дадае аналітык.