Стратэгічная задача Украіны: Справакаваць недавер паміж Пуціным і Лукашэнкам

Ці баіцца Кіеў раздражняць Лукашэнку? Палітоляг Андрэй Казакевіч перакананы, што кіраўніцтва Украіны разумее: калі Крэмль прыме рашэньне наступаць з Беларусі, то гэта будзе зроблена. Ніякія «ўгоды» з Менскам нічога не гарантуюць. Тады што адбываецца?

Фота праекта Signal.

Фота праекта Signal.

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч разважае на «Св*бодзе», ці вядзе Кіеў закулісныя перамовы зь Менскам; тлумачыць неадназначнасьць стаўленьня Ўкраіны да Сьвятланы Ціханоўскай і мяркуе, што ў Кіеве разумеюць: ніякія «ўгоды» зь Менскам нічога не гарантуюць.

— Палітычна актыўнае грамадзтва абмяркоўвае інфармацыю, нібыта афіцыйны Кіеў чыніць перашкоды для ўдзелу Сьвятланы Ціханоўскай у супольных з эўрапейцамі імпрэзах. Аднак, паводле крыніц Р*дыё Св*бода ў Брусэлі, яны ня маюць інфармацыі аб тым, што Ўкраіна гэта робіць. Тым ня менш многія ўпэўнены, што Кіеў такім чынам імкнецца залагодзіць Лукашэнку. Ці лічыце вы, што ў Кіеве сапраўды прынялі такое рашэньне?

— Калі мы гаворым пра Ўкраіну, то тут беларускія палітычныя аналітыкі робяць дзьве памылкі. Па-першае, надта шмат арыентуюцца на выказваньні, а трэба больш увагі зьвяртаць на справы, дзеяньні.

Па-другое, існуе неразуменьне інтарэсаў Украіны. Відавочна, што пасьля пачатку вайны асноўная мэта Ўкраіны ў стаўленьні да Беларусі — гэта мець рычагі ўплыву на сытуацыю ў Беларусі. І дастаткова ўдалым праектам у гэтым сэнсе стаў полк Каліноўскага, існаваньне якога прымушае беларускія ўлады пастаянна нэрвова рэагаваць. Сам Лукашэнка яго згадвае ледзьве ня кожны тыдзень.

Больш за тое, некаторыя ўкраінскія палітыкі бачаць сэнс у стварэньні на аснове беларускіх вайсковых фармаваньняў палітычнай арганізацыі, якая б аб'ядноўвала нацыянальна арыентаваныя і антырасейскія сілы Беларусі. Адпаведна, калі выходзіць з жаданьня стварыць новы палітычны суб'ект, іншыя падобныя суб'екты так ці інакш выступаюць канкурэнтамі.

Адсюль зразумела, чаму ў Кіева стаўленьне да Ціханоўскай, скажам так, даволі асьцярожнае. У адпаведнасьці з выбраным падыходам Кіеў ня мае асаблівага жаданьня прызнаваць легітымнасьць і абсалютны прыярытэт Ціханоўскай як лідэра беларускага дэмакратычнага руху.

І я б не пагадзіўся з думкамі, што «Ўкраіна баіцца раздражняць Лукашэнку». Гэта глупства. Калі Ўкраіна стварае і ўсяляк падтрымлівае ўзброеныя фармаваньні, якія адкрыта заяўляюць, што ў свой час гатовыя пайсьці на Менск, то вось гэта сапраўдная падстава для раздражненьня і нават ваеннага адказу. На фоне гэтага афіцыйная сустрэча зь Ціханоўскай у якасьці «раздражняльніка» выглядае вельмі сьціпла.

— Але хіба нельга пазьбегнуць такой канкурэнцыі? Чаму нельга аб’яднаць патэнцыялы штабу Ціханоўскай і палка Каліноўскага? Тым больш што, наколькі вядома, прадстаўнікі Ціханоўскай увесь час спрабуюць наладзіць пэўны кантакт?

— Па-першае, сярод многіх беларускіх нацыянальна арыентаваных палітыкаў ёсьць насьцярожанасьць і нават варожасьць у дачыненьні да Ціханоўскай. Дастаткова паглядзець тэматычныя онлайн-рэсурсы. На некаторых зь іх крытыцы офісу Ціханоўскай адводзіцца больш месца, чым крытыцы Пуціна і Лукашэнкі. Маўляў, гэта «маскоўскі» праект, карумпаваны асяродак і г. д. Але, акрамя гэтых закідаў, маюць месца рэўнасьць ды канкурэнцыя. Прызнаньне Ціханоўскай для такіх лідэраў, як Пазьняк, — гэта страта асабістых амбіцыяў.

Аднак, магчыма, гэта ўсё будзе пераадолена ці зьнікне па меры афармленьня ў Кіеве новага палітычнага суб'екта. Напэўна, потым будзе ісьці пошук устойлівых фарматаў працы з Офісам і кабінэтам Ціханоўскай.

Для ўкраінскіх жа палітыкаў пакуль незразумела, што можа даць такое аб'яднаньне. Ім было б зручней працаваць і з адной, і з другой групай, каб па-рознаму ўплываць на беларускае грамадзтва.

— Украіну не бянтэжыць, што яны ставяцца да Ціханоўскай зусім па-іншаму, у адрозьненьне ад сваіх асноўных палітычных партнэраў на Захадзе?

— Кіеў вымушаны гуляць на беларускім полі значна больш актыўна, чым гэта робяць заходнія сталіцы. Заходнім палітыкам прасьцей прызнаць адзіны цэнтар у асобе Ціханоўскай, працаваць зь ім, а ва ўнутраную «кухню» ня ўмешвацца. Ва ўмовах вайны Ўкраіне важна мець магчымасьць уплываць.

Калі рэканструяваць актуальную ўкраінскую стратэгію да Беларусі, то яе можна зьвесьці да двух прынцыпаў. Па-першае, падтрымка антырасейскіх сіл і настрояў у Беларусі. Па-другое, спрабаваць парушыць бесьперабойнае функцыянаваньне альянсу Пуціна і Лукашэнкі — падвысіць недавер, пасеяць сумневы, перасьцярогі, можна нават нешта прапанаваць. Украіна спрабуе рабіць першае і другое адначасова, таму захады Кіева ў інфармацыйным полі, асаблівую пазыцыю адносна санкцыяў варта разглядаць часткай гэтага працэсу.

— Менавіта на гэтую тэму зьявілася некалькі цікавых заяваў. Лукашэнка яшчэ на сустрэчы з Лаўровым «пахваліў» Украіну, якая не нападае на Беларусь, хаця, маўляў, Захад яе да гэтага і прымушае. Потым заявіў, што Кіеў прапаноўвае яму падпісаць пакт аб ненападзе. Ці сапраўды вядуцца нейкія закулісныя перамовы, або Лукашэнка проста такім чынам выкарыстоўвае інфармацыйнае поле?

— Думаю, найперш гэта закранае інфармацыйную сфэру. Але вядома, пэўныя кантакты ёсьць. Я думаю, украінцы разумеюць, што максымум, чаго яны тут могуць дабіцца, гэта паспрабаваць убіць нейкі клін паміж Пуціным і Лукашэнкам, падвысіць узровень недаверу паміж імі; можа быць, сарваць асобныя інтэграцыйныя ініцыятывы. Але я думаю, Кіеў разумее, што калі Крэмль прыме рашэньні наступаць зь Беларусі, то гэта будзе зроблена. Лукашэнка гэтаму перашкаджаць ня будзе і ня можа. Таму ніякія «ўгоды» зь Менскам нічога не гарантуюць. Але трэба прынамсі спрабаваць аслабіць расейскія пазыцыі ў Беларусі, зрабіць альянс зь Менскам не такім простым і зручным.

Калі глядзець на дзеяньні, а ня словы, то мы бачым, што Ўкраіна рыхтуецца да магчымай абароны ад нападу з поўначы. Узмацняе мяжу, трымае тут пэўныя сілы. Нішто ня сьведчыць, што Кіеў усур'ёз вядзе нейкія перамовы і спадзяецца, што дамоўленасьці з Лукашэнкам могуць прадухіліць напад зь беларускага кірунку.

Разам з тым кантакты паміж Менскам і Кіевам ёсьць. Тычацца яны вайны, гуманітарных пытаньняў. Магчыма, эканомікі, тых жа нафтапрадуктаў і некаторых іншых тавараў. Але я ня думаю, што нейкая істотная дамова паміж Менскам і Кіевам магчымая. Яна немагчымая, бо ёсьць чыньнік Расеі, які і вызначае, якімі будуць стасункі Менску і Кіева.

— Той скандальны момант, калі Зяленскі не згадаў Беларусь у прамове пра паўстаньне 1863 году, ці сьведчыць гэта, сярод іншага, што Кіеў ігнаруе пачуцьці дэмакратычных праэўрапейскіх беларусаў, наўмысна не адрозьнівае Беларусь лукашэнкаўскую ад Беларусі дэмакратычнай? Можна ўспомніць і той факт, што ва ўсіх украінскіх прэзыдэнтаў былі добрыя адносіны з Лукашэнкам, а ня з тымі сіламі, якія яму супрацьстаяць.

— Па-першае, я б не перабольшваў дасьведчанасьць у беларускай гісторыі спічрайтэраў, якія пішуць прамовы Зяленскаму. Магу сказаць, што і ў літоўскай, і нават у польскай гістарыяграфіі часам складана знайсьці беларускі элемэнт у паўстаньні 1863-1864 гадоў. Для ўкраінцаў гэта паўстаньне — далёкая і невядомая пэрыфэрыя гістарычнай памяці. Зусім нядаўна была глыбокая дыскусія з украінскімі гісторыкамі, і асноўная выснова, якую можна зрабіць: Беларусі проста няма ва ўкраінскім поглядзе на гісторыю.

Што тычыцца таго, ці разьдзяляюць у Кіеве беларускія ўлады і беларускае грамадзтва, то такі падзел робіцца. Сацыялёгія паказвае, што 60-70 працэнтаў украінцаў ведаюць пра полк Каліноўскага, рэйкавых партызанаў, беларускую апазыцыю. Хаця, натуральна, хапае і тых, для каго сьвет пасьля 24 лютага стаў чорна-белым.