Былога футбаліста «Крумкачоў» асудзілі за ўдзел у пратэстах. Хронікі рэпрэсій 18 ліпеня

Суд Кастрычніцкага раёна Мінска вынес прысуд па справе 30-гадовага футбаліста Аляксея Драчова. Яму прысудзілі хатнюю хімію за ўдзел у пратэстах, піша «Наша Ніва». У 2017-м Драчоў правёў 7 матчаў у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе за «Крумкачы». Адметна, што адначасова ён працягваў працаваць у «Макдональдсе».

1_1097_1.png

Аляксей — выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, але пайшоў працаваць спачатку ў лагістыку, а пасля ў рэстараны. Тым не менш ён змог рэалізаваць сваю дзіцячую мару і трапіць у каманду вышэйшай лігі — пры гэтым чаргаваў трэніроўкі і начныя змены.

У 2021 годзе Драчоў гуляў за «Смалявічы», пасля чаго скончыў кар’еру і вярнуўся ў аматарскі футбол.

«Прамень»: прызнанне «Аўтаномнага дзеяння» «экстрэмісцкім фармаваннем» звязана з новай справай у дачыненні да Міколы Дзядка 

Адпаведная заява з'явілася ў @pramenby.

«Характэрна, што "Аўтаномнае дзеянне" прыпісваюць да структурнага падраздзялення "Рэвалюцыйнага дзеяння", прызнанага экстрэмісцкім яшчэ некалькі гадоў таму. Некаторым можа падацца, што беларускі ГУБАЗ прапусціў урок гісторыі па беларускім анархізму і пачаў тварыць нейкае трызненне: беларускае аддзяленне «Аўтаномнага дзеяння» перастала існаваць яшчэ ў 2010 годзе да пачатку існавання "Рэвалюцыйнага дзеяння".

У такой сітуацыі нонсэнс аб структурным падраздзяленні выглядае хутчэй як чарговы факт для суда, які адкрывае дзверы для судовага пераследу за акцыі, якія праходзілі ў краіне 20 гадоў таму пад чорнымі сцягамі. Актывіст:кі АЧК-Беларусь адзначаюць, што прызнанне "Аўтаномнага дзеяння" экстрэмісцкім фармаваннем хутчэй за ўсё звязана з новай крымінальнай справай супраць Міколы Дзядка».

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 32 прозвішчы — цяпер у ім 5543 чалавекі

18 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі вызваленага па памілаванні эстонца Алана Роя (у спісе МУС ён «адбывае пакаранне»), баскетбольнага суддзю Аляксандра Сырыцу, а таксама яшчэ 22 чалавекі, у крымінальных справах якіх фігуруе «народны» арт. 342 КК.

«Вясна» публікуе абноўленую версію спіса.

Сілавікі выпадкова раскрылі, як менавіта правяраюць тых, каго падазраюць у «экстрэмізме». Спаліўся адзін з адказных за гэта

«Па хаджэннях пуста, інфармацыя ў БД «Актывіст» адсутнічае», — напісаў губазікавец Міхаіл Мяховіч, заўважыла «Наша Ніва».

У тэлеграм-канал ГУБАЗіК выпадкова апублікавалі допіс з наступным тэкстам:

«Па хаджэннях пуста, інфармацыя ў БД «Актывіст» адсутнічае, акрамя інфармацыі з БЕСаў (базы «Беспарадкі». — НН) за 11.08.2020 больш нічога няма. Фінансавання няма, каментароў няма».

База «Актывіст» — гэта яшчэ адна база, якой карыстаецца МУС Беларусі. «Калі ў двух словах, то гэта сваеасаблівы паслядоўнік базы «Беспарадкі», але пашыраны і з большай колькасцю функцый. Там ёсць розныя звесткі аператыўнага характару, якія не падлягаюць змяшчэнню пад грыф «сакрэтна»», — тлумачаць у «Белполе».

Аўтар гэтага тэксту хаваецца за імем M-13. Па звестках НН, гэта падпалкоўнік ГУБАЗіК Міхаіл Мяховіч, намеснік кіраўніка 4-га аддзела аднаго з упраўленняў. Па звестках ініцыятывы «Дзікае паляванне», ён адзін з тых, хто запісвае відэа з затрыманымі. Таксама Мяховіч — адзін з адміністратараў канала самога ГУБАЗіКа.

Мяховіч захапляецца футболам. Ён займаўся футболам і па працы — расследаваў справы пра дамоўныя футбольныя матчы ў 2023-м, а сёлета праводзіў антыкарупцыйную лекцыю ў Беларускай федэрацыі футбола.

Мінскі гарадскі суд разгледзіць скаргу Ніны Багінскай

29 ліпеня Мінскі гарадскі суд разгледзіць скаргу Ніны Багінскай на прысуд па крымінальнай справе за «неаднаразовае парушэнне закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў». Пра гэта паведамляюць крыніцы @belsat.

Нагадаем, 30 красавіка суддзя Максім Трусевіч разгледзеў крымінальную справу супраць актывісткі паводле ч. 2 арт. 342-2 КК. Падставай для крымінальнага пераследу сталі неаднаразовыя адміністрацыйныя пастановы за 2024 год. Пенсіянерку прызналі вінаватай, але замест пакарання прызначылі «прафілактычнае назіранне».

Згодна з рашэннем суддзі, усё, што міліцыянеры забіралі пры затрыманні, павінна быць знішчана. Ніна Багінская выказала нязгоду з такой пастановай. Яна яшчэ раней пісала скаргі на міліцыянтаў за тое, што тыя самавольна без належнага афармлення забіралі значкі і сцягі, якія жанчына зрабіла сваімі рукамі.