Грунвальд – у нас, а што ў іх? Якія яшчэ войны былі ў Эўропе ў 1410 годзе
Чарговая гадавіна легендарнай бітвы з крыжакамі стала нагодай пацікавіцца іншымі «гарачымі кропкамі» на тагачаснай мапе старога сьвету. Дзе адначасова з Грунвальдам ламалі дзіды, білі мячамі і спрабавалі перамагчы?
Бітва пры Касмадыёне
15 чэрвеня 1410 года адбыўся першы акт па факце асманскай грамадзянскай вайны, калі трон султана аспрэчваўся некалькімі прэтэндэнтамі. Сярод прэтэндэнтаў былі Муса Чэлебі і яго брат Сулейман Чэлебі, кожны зь якіх меў грандыёзныя амбіцыі і меў пад началам групоўкі асманскай эліты.
Іх сілы сустрэліся ля Касмадыёна, што было недалёк ад сталіцы Бізантыйскай імпэрыі – Канстантынопаля. Бізантыйскі імпэратар Мануіл II Палеаляг быў у хаўрусе з Сулейманам, армія якога стаяла лягерам у самім Канстантынопалі. Мануэль таксама падрыхтаваў караблі, каб дапамагчы эвакуяваць армію Сулеймана ў выпадку паразы, але Муса здолеў падпаліць іх яшчэ да пачатку бітвы.
Бітва стала перамогай Сулеймана Чэлебі. Дзякуючы таму, што шматлікія васалы ўзялі бок Сулеймана. Сярод перабежчыкаў быў Вук Лазаравіч, зводны дзядзька братоў. Першапачаткова бітва ішла добра для Мусы, армія Сулеймана панесла вялікія страты, ажно пакуль Сулейман з некалькімі сотнямі чалавек не напаў на лягер Мусы. У баі абодва бакі панеслі вялікія страты.
Пасьля бітвы Муса адступіў у Балгарыю, а Сулейман адбіў асманскую сталіцу Эдырнэ.
Бітва пры Эдырнэ
Старажытны горад Эдырнэ, зьмешчаны ў самым цэнтры Фракіі, стаў месцам жорсткага і лёсавызначальнага супрацьстаяньня. Асманская імпэрыя была ў стане вайны за трон. Муса Чэлебі і яго брат Сулейман Чэлебі павінны былі вызначыцца, хто ж галоўны. Выжыць мусіў толькі адзін. І вось нарэшце яны сутыкнуліся ў бітве, якая мелася вырашыць лёс імпэрыі.
Сілы Мусы Чэлебі, рашучыя і загартаваныя ў баях, рушылі да Эдырнэ, сталіцы асманскай велічы, якую не надоўга пакінуў ягоны брат. Але неўзабаве Сулейман Чэлебі вярнуўся са сваімі прыхільнікамі, каб абараніць свае прэтэнзіі на султанат.
Увесь дзень 11 ліпеня 1410 года бітва ішла з няспыннай лютасьцю з абодвух бакоў. З надыходам начы некалі магутная армія Мусы Чэлебі ляжала разьбітая. Сулейман Чэлебі выйшаў трыюмфатарам, а яго перамога замацавала яго прэтэнзіі на трон і аднавіла падабенства адзінства ў расколатай дзяржаве. Але не надоўга. Ужо ў 1411 годзе пасьля чарговай бітвы Сулейман быў забіты, і ўжо Муса стаў гаспадаром асманаў.
Вайна арманьякаў і бургіньёнаў
Такую назву мела доўгая грамадзянская вайна ў 1407-1435 гг. на тэрыторыі Францыі паміж феадальнымі групоўкамі. Яна адбывалася на фоне Стагадовай вайны Францыі з Англіяй. Арманьякамі зваліся прыхільнікі Арлеанскай галіны дынастыі Валуа, гэтак званы Арлеанскі дом, на чале з графам д’Арманьяк Бэрнарам VII, які даў імя ўсёй партыі.
Бургіньёны — прыхільнікі Бургундскай галіны той жа дынастыі Валуа, гэтак званы малодшы Бургундскі дом.
Лідары абедзьвюх партый былі ў шчыльным сваяцтве з французскім каралём па мужчынскай лініі. Па гэтай прычыне іх называлі «прынцамі крыві». Прычыны вайны заключаліся ў кіраваньні Карла VI і супрацьстаяньні паміж дзьвюма рознымі эканамічнымі, сацыяльнымі і рэлігійнымі сістэмамі. З аднаго боку была Францыя, вельмі моцная ў сельскай гаспадарцы, з моцнай феадальнай і рэлігійнай сістэмай, а з іншага была Англія, краіна, дзе клімат спрыяў авечкагадоўлі і дзе рамесьнікі, сярэдняя кляса і ўвогуле гарады мелі істотнае значэньне.
Бургундцы выступалі за ангельскую мадэль, у той час як арманьякі абаранялі французскую мадэль. Такім жа чынам рэлігійны канфлікт выклікаў абраньне антыпапы Клімента VII, які падтрымліваўся Арманьякам, і базаваўся ў Авіньёне, супраць якога выступаў Папа Рымскі, які падтрымліваў Англію, Папа Урбан VI.
Баявыя дзеяньні вяліся з рознай інтэнсіўнасьцю. Нас перадусім цікавіць 1410 год, і ён быў адзначаны наступным: замест забітага кіраўніка арманьякаў Луі, кіраваць партыяй стаў Бэрнар VII, граф Арманьяк. Ён набраў баявыя атрады ў Мідзі, якія змагаліся з нечуванай лютасьцю. На іх чале іх граф Арманьяк спустошыў навакольлі Парыжа і прасунуўся ў прыгарад Сэн-Марсэль. Новая мірная дамова, падпісаная 2 лістапада 1410 года, часова прыпыніла ваенныя дзеяньні, але абодва бакі зноў узяліся за зброю ўжо вясною 1411 года. У кастрычніку 1411 года з 60-тысячнай арміяй герцаг Бургундыі ўвайшоў у Парыж і напаў на брэтонцаў – хаўрусьнікаў арманьякаў, якія вымушаныя былі адступіць.
Першая скадэрская вайна
Гэта быў узброены канфлікт у 1405 — 1412 гадах паміж Зэтай і Вэнэцыянскай рэспублікай за Скадэр і іншыя былыя ўладаньні Зэты, захопленыя Вэнэцыяй. Зэтай называлася дзяржаўнае ўтварэньне прыблізна на тэрыторыі сучасных Чарнагорыі і Албаніі, якое кіравалася сэрбскай дынастыяй.
Да гэтай вайны Зэтай кіраваў Юрадж II Бальшыч. Яго жонка была катэгарычна супраць яго правэнэцыянскай палітыкі і продажу ім Скадэра, Дрываста і іншых гарадоў разам з выспамі на Скадарскім возеры вэнэцыянцам у 1396 годзе. У дадатак да гэтага, агрэсіўная гандлёвая палітыка вэнэцыянцаў у рэгіёне значна скараціла прыбыткі Зэты.
Пасьля сьмерці Юраджа II у 1403 годзе яго сын Бальша III захапіў Зэту і пры падтрымцы маці пачаў васьмігадовую вайну супраць Вэнэцыі ў 1405 годзе. Яны пачалі вайну без асаблівай падрыхтоўкі, спадзеючыся, што хутка атрымаюць міжнародную падтрымку, якая так і не была імі атрыманая.
У 1409 годзе Алена, маці Бальшы вырашыла паехаць у Вэнэцыю, каб асабіста дамовіцца аб міры. У гэты час Вэнэцыя набыла ўзьбярэжжа Далмацыі ў Ладзіслава Нэапалітанскага. Гэта вельмі ўскладніла пазіцыю Зэты на перамовах. Дамова такі была падпісаная, але мір не быў дасягнуты.
Вэнэцыянцы наўпрост парушылі мірнае пагадненьне, калі адмовіліся аплаціць узгоднены правіянт для Бальшы, які ў адказ напаў на іх уладаньні ў пачатку 1410 года. Яго флот захапіў усё Скадэрскае возера і прымусіў вэнэцыянцаў адступіць.