Як адбылося першае таемнае галасаваньне на выбарах Брытанскага парлямэнту

Да 1872 года на выбарах людзі не мелі на сёньня звыклага інструмэнту – галасаваць таемна, за кандыдата, каб ніхто не даведаўся. У Злучаным Каралеўстве трэба было прыйсьці і гучна прамовіць імя фаварыта. Але той год зьмяніў ранейшую сістэму.

Галасаваньне па новай сістэме

Галасаваньне па новай сістэме

Нечаканае таемнае

Ва ўмовах масавых парушэньняў і запалохваньняў падчас выбараў, палітыкі таго часу прызналі, што неабходныя зьмены. Джон Брайт, чалец кабінэта міністраў з 1868 года, радыкальны сьпікер і прыхільнік парлямэнцкай рэформы, выступаў за таемнае галасаваньне, каб прадухіліць запалохваньне брытанскіх працоўных. Эдвард Олдам Літам унёс у парлямэнт «законапраэкт аб галасаваньні».

Пантэфракт быў першым горадам, які прагаласаваў у таемным рэжыме, усяго праз тры тыдні пасьля прыняцьця закона.

Галасаваньне, якое адбылося ў Ёркшырскім раёне Пантэфракт 15 жніўня 1872 года, выклікала неверагодную цікавасьць у краіне. Гэтыя дадатковыя выбары ў парлямэнт, якія былі выкліканы тым, што дэпутатам ад лібэральнай партыі Х'ю Чайлдэрс дамагаўся перавыбраньня пасьля прызначэньня на пасаду міністра, раней не прыцягнулі б асаблівай увагі.

Аднак магчымасьць назіраць за новым выбарчым працэсам у дзеяньні прыцягнула выбарчых агентаў (зь імі пазнаёмімся ніжэй) з усёй краіны, і выбары шырока асьвятляліся ў прэсе. Цікава, што Чайлдэрс раней быў абраны шляхам таемнага галасаваньня, але калі служыў не ў мэтраполіі, а ў іншай частцы Брытанскай Імпэрыі, у Аўстраліі. Менавіта той заканадаўчы орган стаў першым у сьвеце, які прыняў гэты метад у 1856 годзе.

А як жа галасавалі перад таемнымі выбарамі

Да прыняцьця Закона аб выбарах 18 ліпеня 1872 года ў Вялікай Брытаніі, дэпутаты, якія ўдзельнічалі ў выбарах, абіраліся публічна шляхам галасаваньня ўжывую на спецыяльна адведзеных выбарчых участках.

Самыя простыя кабінкі былі проста сталамі з крэсламі для сакратароў, якія правяралі асобы выбарцаў (часам з прысягай), перш чым спытаць, як яны жадаюць прагаласаваць. Вельмі часта гэта адбывалася ў асяродзьдзі гледачоў і агентаў (мы б сёньня сказалі давераных асобаў) кандыдатаў. Выбарнік абвяшчаў свае перавагі, напрыклад: «Я галасую за містэра Шэкспіра». Клерк запісваў выбар у афіцыйную кнігу галасаваньня, заснаваную на апошнім сьпісе выбарцаў. Кандыдаты вялі асобныя падлікі, а агенты кандыдатаў звычайна распаўсюджвалі штогадзінныя бюлетэні аб «стане галасаваньня». Сваеасаблівы экзіт-пул у жывым часе.

Гэтая сістэма публічнага галасаваньня — на вачах у сям'і, грамадзтва, кліентаў, уласьнікаў і працадаўцаў — зараз цалкам чужая нашай сучаснай канцэпцыі дэмакратыі. Тым не менш, для шматлікіх брытанцаў таемнае галасаваньне было такім жа непрыстойным, бо лічылася «не па-мужчынску» і «не па-ангельску». Увогуле ў той час у Брытаніі толькі прыблізна пятая частка дарослага мужчынскага насельніцтва валодала правам голасу. Толькі ў 1867 годзе электарат павялічыўся ў некалькі разоў.

Выбары 1872 года

Закон аб таемных выбарах 1872 года

Закон аб таемных выбарах 1872 года

Выбарцы той самай акругі Пантэфракта па-ранейшаму прыходзілі ў кабіны для галасаваньня. Толькі цяпер у гэтых кабінах былі асобныя адсекі, куды выбарцы маглі асабіста закінуць свае бюлетэні, падобна сучаснай практыцы. Адным з асноўных адрозьненьняў ад сёньняшняга дня было тое, што ў бюлетэнях для галасаваньня не пазначалася партыйная прыналежнасьць кандыдатаў.

Першая спроба таемнага галасаваньня была прызнана пасьпяховай, з вельмі невялікай колькасьцю сапсаваных бюлетэняў. Нягледзячы на ​​затрымку з транспартыроўкай скрыняў для галасаваньня з аддаленага раёна, мэр абвесьціў вынікі ўсяго праз чатыры гадзіны пасьля закрыцьця выбарчага ўчастка.

Новая сістэма не працавала без збояў. Справаздачы паказваюць, што некаторых «зьбянтэжаных» выбарцаў партыйныя актывісты «інструктавалі» пра тое, як пазначаць выбар у бюлетэні, а траім сталага ўзросту выбарцам, якія забыліся акуляры, дапамаглі скарыстацца працэдурай для сьляпых. Паміж прыняцьцем закона аб бюлетэнях і выбарамі прайшло ўсяго тры тыдні, таму падрыхтоўка вялася ў спешцы, што прывяло да недасканалай арганізацыі.

Узьнікла сур’ёзная праблема: высокая доля непісьменных выбарцаў, у колькасьці 199 з 1236 тых, хто прагаласаваў. Гэта запаволіла працэдуру, бо трэба было зрабіць спецыяльныя заявы і вызваліць памяшканьні ад іншых выбарцаў і паліцыі, перш чым непісьменныя змогуць прагаласаваць вусна пры дапамозе выбарчых чыноўнікаў.

У адрозьненьні ад розных дзіўных падзеяў, якія часта назіралася на папярэдніх выбарах, назіральнікі адзначылі меншае ўжываньне алкагольных напояў і адсутнасьць абвінавачваньняў у хабарніцтве або карупцыі.

Першыя парлямэнцкія выбары па новай сістэме

Людзей навучалі як аддаваць голас і надалей. Гэта прыклад з газэты, які апісвае правілы ў 1880 годзе

Людзей навучалі як аддаваць голас і надалей. Гэта прыклад з газэты, які апісвае правілы ў 1880 годзе

У 1874 годзе адбыліся ўсеагульныя выбары, на якіх абіраўся новы склад брытанскіх дэпутатаў. Дзейны ўрад лібэралаў на чале з Уільямам Гладстанам пацярпеў гучную паразу. Кансэрватары Бэнджаміна Дызраэлі заваявалі большасьць месцаў у ніжняй палаце брытанскага парлямэнту, а сам ён стаў прэм’ер-міністрам.

Прадстаўніцтва лібэралаў рэзка скарацілася з 387 дэпутатаў да 242, у той час як кансэрватары павялічылі колькасьць сваіх месцаў з 271 да 350.

Выбары таксама адзначылі рост ірляндзкай Лігі самакіраваньня, якая стала істотнай трэцяй партыяй у парлямэнце, бо атрымала 60 са 101 месцаў, прызначаных для Ірляндыі. Посьпех ірляндзкіх нацыяналістаў можна зьвязаць менавіта з увядзеньнем таемнага галасаваньня, бо арандатары сутыкнуліся з меншай пагрозай высяленьня, калі яны прагаласавалі супраць жаданьня гаспадароў.

Глядзіце таксама

Выбары 1874 года, асабліва ў Ірляндыі, прывялі да таго, што буйныя землеўладальнікі страцілі свае месцы ў акругах на карысьць фэрмераў-арандатараў.

Аднак Закон аб выбарах не змог выключыць хабарніцтва з працэсу галасаваньня, і выдаткі на выбары засталіся неабмежаванымі. Гэта прывяло да прыняцьця Закона аб карупцыі і незаконных дзеяньнях 1883 года, які вызначаў, што кандыдат можа выдаткаваць на выбарчыя выдаткі і на што можна патраціць гэтыя грошы. Закон прадугледжваў крымінальную адказнасьць за спробы подкупу выбарцаў і забараняў купляць ежу і напоі з гэтай мэтай.