Віктарыянскі стыль жыцьця: да народзінаў жанчыны, якая стала сымбалем цэлага стагодзьдзя
Каралева Вікторыя нарадзілася ў 1819 годзе, узышла на трон у 1837 і кіравала да сваёй сьмерці ў 1901. Яе праўленьне, вядомае як віктарыянская эпоха, было перыядам значных сацыяльных, эканамічных і тэхналягічных зьменаў. Гэта быў час, калі Брытанская імпэрыя зьзяла ярчэй за ўсё.
Да каралевы
Калі апошні брытанскі манарх з дынастыі Сьцюартаў каралева Ганна памерла ў 1714 годзе, карона Англіі перайшла паводле Акта аб урэгуляваньні 1701 года (які гарантаваў, што манарх Англіі, у выпадку бязьдзетнасьці каралевы Ганны будзе пратэстантам з дому Гановэр, які адрэзаў шлях да брытанскай кароны ўсім шматлікім каталікам, якія былі ў сваяцтве са Сьцюартамі. Гановэрская лінія паходзіла ад курфюрсьціны Сафіі Гановэрскай, бацькамі якой былі ангельская прынцэса Лізавета Сьцюарт і пратэстант Фрыдрых V, курфюрст Пфальцкі, а дзедам першы кароль са Сьцюартаў – Якаў І).
Дом Гановэр або Браўншвэйг-Люнэберг стаў кіраваць у Англіі ў асобе караля Георга I, які быў 52-і ў чарзе на трон на той момант. Закон фактычна выключыў сапраўднага спадчыньніка Сьцюартаў, каталіцкага сына Якава II, Джэймса Сьцюарта. Гановэрская дынастыя дала пяць брытанскіх манархаў. Дададзім, што да гэтай жа сям’і Гановэраў належылі і нашыя вялікія князі літоўскія Аўгуст Моцны (1697-1733) і яго сын Аўгуст Сас (1733-1763). Пасьля іх быў апошні вялікі князь ВКЛ – Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Ва ўзросце 54 гадоў Георг І прыехаў у Англію, каб прыняць «трон нашых продкаў», як ён назваў гэта ў сваёй першай прамове перад парлямэнтам. Ангельцы не былі ўражаныя сваім новым суверэнам. Георг I быў невысокім, немцам, які нават не размаўляў па-ангельску і не жадаў заняцца вывучэньнем мовы. Пасьля яго каралём стаў яго сын Георг ІІ (1727-1760), праўнук Георг ІІІ (1760-1820), прапраўнук Георг IV (1820-1830) і прапрапраўнук Вільгельм IV (1830-1837). Пасьля надыйшоў час Віктарыянскай эпохі. Каралева Вікторыя атрымала трон не наўпрост ад бацькі, але ў якасьці дачкі малодшага сына Георга ІІІ: іншых прэтэндэнтаў не было ў жывых, а ў Георга IV і Вільгельма не было дзяцей.
Чакалася, што новая каралева хутка выйдзе замуж і народзіць спадчыньніка трона. Вікторыя была ў курсе планаў свайго дзядзькі па матчынай лініі Леапольда Саксэн-Кобургскага, каб яна выйшла замуж за свайго стрыечнага брата Альбэрта Саксэн-Кобург-Гоцкага. Пара пабралася шлюбам 10 траўня 1840 года. Шлюб пачаўся не вельмі ўдала. Мужа каралевы не любілі ў Англіі як замежніка (знаёмая сытуацыя, якая паўторыцца з Лізаветай ІІ і прынцам Філіпам праз стагодзьдзе). Вікторыя не жадала дзяліцца ўладай са сваім мужам, але ў хуткім часе Альбэрт вывучыў ангельскую мову і набраў аўтарытэт.
Іх шлюб, які часта разглядаўся як увасабленьне шлюбнай гармоніі, падкрэсьліваў віктарыянскія ідэалы сямейнага жыцьця, вернасьці і маральнай чысьціні. Асабістыя каштоўнасьці Вікторыі глыбока паўплывалі на грамадзкія нормы яе часу.
Уплыў Альбэрта стаў значным. Ён праявіў цікавасьць да эксплуатацыі дзіцячай працы і жыльлёвых умоваў людзей. Сама каралева мала ведала пра сацыяльныя праблемы, якія індустрыялізацыя стварыла для большасьці яе падданых. Альбэрт зрабіў усё магчымае, каб прыцягнуць да такіх пытаньняў увагу сваёй жонкі.
Каралева Вікторыя нарадзіла 9 дзяцей. Першай была Вікторыя, якая стане пасьля імпэратрыцай Нямеччыны, жонкай Фрыдрыха Вільгельма Прускага (іх сын кайзер Вільгельм ІІ пачне і прайграе І Сусьветную вайну). А наступным дзіцём апынуўся будучы кароль Вялікай Брытаніі Эдуард VII. У дзяцей каралевы Вікторыі праявілася генэтычнае захворваньне – гемафілія, якая праяўляецца ў мужчынаў, а кабеты зьяўляюцца носьбітамі. Дочкі Вікторыі Беатрыкс і Аліса распаўсюдзілі хваробу ў шматлікіх манархіях Эўропы.
Каралева
Вікторыя ўзышла на трон ва ўзросьце 18 гадоў, у той час, калі брытанская манархія аднаўлялася пасьля перыядаў нестабільнасьці і скандалаў. Адданасьць маладой каралевы сваёй ролі хутка стала відавочнай. Яе добрасумленнасьць і непахіснае пачуцьцё абавязку вельмі кантраставалі з маральнай неадназначнасьцю некаторых яе папярэднікаў.
Віктарыянскі дом стаў месцам, дзе прывіваліся такія каштоўнасьці, як пабожнасьць, рэспектабэльнасьць і працавітасьць. Уласнае сямейнае жыцьцё каралевы, якое шырока асьвятлялася ў прэсе, служыла ўзорам для яе падданых. Хатняе жыцьцё з акцэнтам на дакладным падзеле сямейных роляў — мужчыны як здабытчыка і жанчыны як ахоўніцы хатняга агменя — стала стандартам, які натхняў іншых.
У гэты перыяд назіраўся выбух кнігаў пра паводзіны, якія прадпісвалі належныя паводзіны, асабліва для жанчынаў, якія ўмацоўвалі каштоўнасьці, якія падтрымлівала Вікторыя. Жанчыны разглядаліся як маральны компас у сям'і, і сама каралева, нягледзячы на сваё ўладнае становішча кіраўніцы паловы ўсяго зямнога шару, часта падкрэсьлівала, што яе роля жонкі і маці вышэй за ўсё.
Вікторыя і Альбэрт вялі ўзорнае сямейнае жыцьцё, якое вярнула павагу кароне пасьля скандалаў папярэднікаў каралевы. Альбэрт даў Брытаніі шматлікія звычаі сваёй нямецкай радзімы. Самым вядомым зь іх зьяўляецца калядная елка. Вікторыя стала манархам Англіі з самым доўгім кіраваньнем (гэты рэкорд быў пабіты пазьней Лізаветай ІІ), яна кіравала 64 гады, нават даўжэй, чым яе дзед, Георг III, падчас якога Брытанія стала самай магутнай дзяржавай на Зямлі. Дзякуючы яе нашчадкам, а ў яе 42 унукі, амаль усе, хто займае троны ў Эўропе, паходзяць ад Вікторыі і Альбэрта. Яна стала вядомай як Бабуля Эўропы.
Стыль
Віктарыянская мода адрозьнівалася складанасьцю, сьціпласьцю і абвостраным пачуцьцём сацыяльнага расслаеньня. У пачатку праўленьня Вікторыі сукенкі мелі вялікія спадніцы ў форме званочка, якія падтрымліваліся пластамі ніжніх спадніцаў. Да 1860-х гадоў сталі папулярныя крыналіны — спадніцы з абручамі, што дазволіла насіць яшчэ большыя і складаныя сукенкі. 1870-я гады прынеслі новую моду, якая ссунула аб'ём на сьпіну сукенкі, чым ствараўся больш выразны профіль ззаду. Тканіны былі багатымі і раскошнымі, асабліва кабеты ўпадабалі шоўк, аксаміт і карункі.
Мужчынская мода, хоць і менш эфектная, у роўнай ступені паказвала сацыяльны статус. Пашыты строй з выразнымі лініямі і высокімі каўнерамі стаў стандартам для віктарыянскіх джэнтльмэнаў. Аксэсуары, такія як хусткі, кішэнныя гадзіньнікі і цыліндры, дапаўнялі вобраз, кожны элемент быў старанна падабраны, каб адлюстроўваць статус і вытанчанасьць уладальніка.
Пачалі распаўсюджвацца часопісы моды і адмысловыя крамы, што зрабіла высокую моду больш прыкметнай і прагнай, але ўсё яшчэ ў значнай ступені недасяжнай для большасьці.
Сярэдняя кляса, якая эканамічна значна вырасла ў віктарыянскую эпоху, прыняла моду, якая набліжала яе да арыстакратыі, з некаторымі абмежаваньнямі ў кошце.
Належныя манэры і сацыяльныя пратаколы былі істотнымі складнікамі сацыяльнага ўзаемадзеяньня, якія рэгулююць паводзіны ў грамадзкай і прыватнай сферах. Віктарыянскі этыкет быў кадыфікаваны ў вялікай колькасьці дапаможнікаў і кіраўніцтваў, якія давалі падрабязныя інструкцыі па ўсіх аспектах грамадзкага жыцьця, ад арганізацыі абеду да адпаведных жалобных практыкаў.
Рассадка, парадак страваў і паводзіны за сталом — усё гэта было прадыктаванае ўсталяванымі нормамі. Посьпех вячэры часта разглядаўся як адлюстраваньне кампетэнтнасьці і сацыяльнага становішча гаспадыні.
Дызайн інтэр'еру быў складаным. Віктарыянскія дамы часта былі напоўненыя дэкаратыўнай мэбляй, цяжкімі драпіроўкамі і мноствам дэкаратыўных прадметаў. Выкарыстаньне насычаных цёмных пародаў дрэва, узорных шпалераў і складанай лепкі стварала ўтульныя і раскошныя інтэр'еры. Кожны пакой у доме меў пэўную функцыю і быў упрыгожаны ў адпаведнасьці са сваім прызначэньнем.
І сёньня, у любой антыкварнай краме вам абавязкова прапануюць стул на якім, калі і не сядзела каралева Вікторыя, але які прынамсі быў створаны ў яе эпоху, якая скончылася з надыходам ХХ стагодзьдзя.