Дзень, калі нічога не адбылося

Аднойчы на радыёстанцыі Бі-Бі-Сі здарылася нечаканае: у звыклы час навінаў, увечары а 20.45 вядоўца выйшаў у этэр і паведаміў: «Сёньня навінаў няма». Гэта было адзіны раз у гісторыі, і адбылося 18 красавіка 1930 года. Што гэта быў за дзень? (А мы ведаем, што нешта такі здарылася).

Дыктар радыё Бі-Бі-Сі

Дыктар радыё Бі-Бі-Сі

Дзень без навінаў

Дыктар Бі-Бі-Сі ў выпуску навінаў абвесьціў нацыі: «Сёньня Вялікая пятніца. Навінаў няма». Астатнюю частку 15-хвіліннага слоту запоўніла фартэпіянная музыка. Затым радыё вярнулася да трансляцыі з Каралеўскай залі ў Лэнгам-Плэйс у Лёндане, дзе ішла опэра Вагнэра «Парсыфаль».

Да сёньня захаваўся дакладны расклад трансляцыяў на Бі-Бі-Сі 18 красавіка 1930 года:

10.15 — Штодзённая служба

10.30 — Сыгнал часу па Грынвічу, прагноз надвор'я

15.30 — Ваенны аркестр

17.00 — Чытаньне вершаў

17.20 — Струнны аркестр

18.30 — Агульны спартовы весьнік

18.40 — Рэгіянальны спартовы весьнік

18.50 – Імша з капліцы Сьвятога Рыгора ў Віндзары

19.45 – Канцэрт Бі-Бі-Сі

20.45 – Навіны

21.00 – Опэра «Парсыфаль».

Радыёпрыймач дома злучаў сям'ю вакол сябе

Радыёпрыймач дома злучаў сям'ю вакол сябе

У тыя дні Бі-Бі-Сі ставілася да сябе вельмі сур'ёзна. Ішоў 1930-ты год, да пачатку выпуску навінаў па тэлебачаньні заставаліся яшчэ 6 гадоў. Кожны чалавек, калі прагнуў даведацца сьвежай інфармацыі, уключаў радыёпрыймач і лавіў запаветныя хвалі.

Каб чытаць навіны, дыктар апранаў смокінг, нягледзячы нават на тое, што ніхто па-за межамі студыі не мог яго бачыць. Справа была ў тым, што ён мог бачыць сябе і ўсьведамляць, што гэта вельмі сур'ёзныя навіны, да якіх трэба паставіцца з годнасьцю.

У тую Вялікую пятніцу Бі-Бі-Сі палічыла, што няма нічога вартага для пераказу людзям.

У 1930 годзе Бі-Бі-Сі мела толькі простую службу навінаў і яшчэ не мела асобнага аддзела навінаў. Брытанская прэса, занепакоеная тым, што навіны ў радыёэтэры падарвуць іх уласныя наклады, прыклала ўсе намаганьні, каб абмежаваць магчымасьці новага сродку масавай інфармацыі.

Да 1927 года Бі-Бі-Сі не магло перадаваць навіны раней за 19:00 — пасьля таго, як большасьць людзей ужо прачыталі вечаровую газэту. А служба навінаў у 1930 годзе налічвала толькі двух рэдактараў і двух намесьнікаў рэдактараў. Гэтыя рэдактары складалі бюлетэні з інфармацыі, дасланай брытанскімі інфармацыйнымі агенцтвамі па тэлетайпе.

Але падзеі ўсё ж адбываліся. Пра што не расказала Бі-Бі-Сі

Самае сур'ёзнае для брытанцаў — індыйскія паўстанцы на чале з Сур’я Сэнам напалі на склад зброі ў Чытагонгу ў Брытанскай Індыі.

Іх плян заключаўся ў тым, каб захапіць склад, разарваць камунікацыйныя лініі і паралізаваць брытанскую адміністрацыю ў рэгіёне, тым самым яна прагнулі распаліць больш маштабнае паўстаньне за незалежнасьць Індыі.

Аднак плян паўстанцаў захапіць Эўрапейскі клюб, які служыў цэнтрам для брытанскіх афіцэраў, сустрэў жорсткі супраціў, што прывяло ў выніку да напружаных баёў. Паўстанцы былі вымушаныя адступіць да бліжэйшых Джалалабадзкіх пагоркаў. Брытанская армія здолела адбіць атаку.

Але Бі-Бі-Сі не магло б паведаміць пра налёт, нават калі б жадала, бо паўстанцы абарвалі тэлефонныя і тэлеграфныя лініі.

18 красавіка 1930 года памёр кардынал

Жаакім Аркавэрдэ дэ Албукеркэ Кавалканці

Жаакім Аркавэрдэ дэ Албукеркэ Кавалканці

У той дзень у Рыа-дэ-Жанэйра памёр кардынал Каталіцкага касьцёлу Жаакім Аркавэрдэ дэ Албукеркэ Кавалканці. Гэты сьвятар са складаным для вымаўленьня імём быў першым кардыналам у гісторыі Бразыліі і ўвогуле ў Паўднёвай Амэрыцы.

Аркавэрдэ нарадзіўся ў 1850 годзе і рана адчуў пакліканьне да сьвятарства, але адсутнасьць мясцовых сэмінарый азначала, што ён мусіў ехаць у Рым. Пасьля пасьвячэньня ў сьвятары ў 1874 годзе Аркавэрдэ вярнуўся на радзіму, каб стаць рэктарам новай сэмінарыі. Ён быў прызначаны біскупам Папам Львом XIII у 1888 годзе, але адмовіўся ад гэтай пашаны. Аднак, калі Папа Леў, відавочна, вельмі цьвёрда верыў у яго здольнасьці, праз тры гады зноў вылучыў яго на біскупа дыяцэзіі Гаяс, Жаакім вельмі ахвотна прыняў прызначэньне.

У 1897 годзе Аркавэрдэ атрымаў пасаду арцыбіскупа Рыа-дэ-Жанэйра, якая ў той час была відавочна найвышэйшай пасадай у Паўднёвамэрыканскім Касьцёле. Папа Пій X зрабіў яго кардыналам у 1905 годзе. Аркавэрдэ быў першым кардыналам, які нарадзіўся ў паўднёвым паўшар'і за ўсю гісторыю Каталіцкага касьцёла.

Кардынал удзельнічаў у канклаве ў 1914 годзе, але не дабраўся да Ватыкану на канклаў 1922 года праз дрэннае здароўе. Памёр 18 красавіка 1930 года ў Рыа-дэ-Жанэйра, тагачаснай сталіцы Бразыліі.

Зрэшты, каталіцкі кардынал меў напэўна не вялікую цікавасьць для пратэстантаў з Лёндану.

Вялікі пажар у Эўропе

18 красавіка 1930 года ў Румыніі ў мястэчку Костэшці спусташальны пажар зьнішчыў драўляную царкву. Трагедыя забрала 118 чалавек, у асноўным вучняў пачатковых і старэйшых клясаў, самай малодшай зь іх была 8-гадовая дзяўчынка. Падзея была таксама вядомая ў румынскай прэсе як Чорны Вялікдзень.

Пажар адбыўся падчас набажэнства ў Вялікую пятніцу, калі сотні людзей з праваслаўнай супольнасьці сабраліся ля драўлянай царквы, пабудаванай у XVIII стагодзьдзі. Плошча царквы не перавышала 48 квадратных мэтраў, таму дзеці, сьпевакі і некаторыя старэйшыя людзі былі ўсярэдзіне, а бацькі слухалі набажэнства звонку.

Агонь успыхнуў падчас Жальбы, ад сьвечкі, якая дакранулася да вянка. Агонь быў неадкладна патушаны, але людзі не заўважылі таго, што загарэліся і вянкі, якія знаходзіліся на гарышчы царквы. Дзьверы з шырынёй праёму ўсяго 60 сантымэтраў былі замкнёныя, усярэдзіне апынуліся 130 чалавек. За некалькі хвілінаў дзясяткі чалавек загінулі ад удыханьня дыму або апёкаў. Гонтавы дах таксама абваліўся, і насьмерць расьціснуў тых, хто ўсё яшчэ знаходзіўся ў пастцы. Выратавацца ўдалося толькі 14 чалавекам, зь якіх двое памерлі праз некалькі дзён ад апёкаў.

З усёй краіны, а таксама з-за мяжы, з Эўропы і ЗША, тоны дапамогі прыбылі сем'ям загінулых. На пахаваньні 116 ахвяраў прысутнічалі каралева Марыя і яе ўнук кароль Румыніі Міхаіл I.

Як бачым, на жаль, сапраўды не бывае дзён, калі нічога не адбылося. Але нашая вялікая рэкамэндацыя вам, дарагія чытачы: рабіце абавязковыя дні без навінаў самастойна. Адпачывайце ад мільёнаў навінаў штодня.