«Мы, беларусы, не разумеем, чаго хоча Кіеў». Ці ёсць ва Украіне стратэгія па Беларусі?
Палітыка ўкраінскіх улад у дачыненні да Беларусі — не толькі да рэжыму Лукашэнкі, але і да дэмакратычных сіл — выглядае супярэчлівай. Ціханоўскую на вышэйшым узроўні ў Кіеве не прымаюць, але актыўна кантактуюць з палком Каліноўскага, дапускаюць Зянона Пазняка ў Бахмут.
UDF пацікавіўся ў экспертаў, у чым, на іх погляд, заключаецца палітыка ўкраінскіх улад у адносінах да Беларусі?
«Галоўным клопатам Кіева будзе аднаўленне краіны, а не дэмакратыя ў Беларусі»
Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй і аўтар телеграм-канала «Пульс Леніна-19» Павел Мацукевіч адзначыў, што, на яго думку, у Украіны пакуль няма глабальных мэт у адносінах да беларускай апазіцыі.
«Мне падаецца, што ўся знешняя палітыка Украіны цяпер вызначаецца вайной з Расіяй. У гэтым сэнсе ключавая задача Кіева на беларускім кірунку — як мінімум забяспечыць захаванне статус-кво, гэта значыць неўступленне Беларусі ў вайну ўласнымі ўзброенымі сіламі», — лічыць Мацукевіч.
З улікам супрацьлеглых заяў украінскіх палітыкаў у дачыненні да Беларусі, ці варта казаць, што ў Кіева няма адзінай стратэгіі?
«Магчыма, гэтая самая стратэгія толькі фармулюецца, магчыма, Кіеў дзейнічае сітуатыўна, што больш апраўдана ў бягучай сітуацыі. Палярныя пункты гледжання на адносіны з Беларуссю, якія гучаць ва ўкраінскай публічнай прасторы, могуць быць спосабам зандзіравання глебы па абодва бакі мяжы. У любым выпадку, афіцыйны Кіеў не спальвае ўсе масты, доказам чаго з'яўляецца наяўнасць амбасадара Украіны ў Мінску», — разважае даследчык.
Якой можа быць палітыка ўкраінскіх улад у дачыненні да Беларусі пасля заканчэння вайны?
«Гэта залежыць ад таго, як скончыцца вайна, фінальнай ролі Беларусі ў гэтай гісторыі. Наогул жа адносіны паміж суседзямі ніколі не бываюць простымі, асабліва калі ўзаемная гісторыя запэцкана крывёю ваенных канфліктаў. Аднак у будучай, іншай, мірнай сітуацыі і ў выпадку наяўнасці розуму ва ўлад у Мінску і ў Кіеве абодва бакі будуць імкнуцца зрабіць гэтыя стасункі добрасуседскімі», — мяркуе Мацукевіч.
Ці будуць украінскія ўлады пасля вайны дапамагаць палку Каліноўскага, чые прадстаўнікі кажуць аб жаданні скінуць рэжым Лукашэнкі?
«Ёсць вялікія сумневы на гэты конт. Галоўным клопатам афіцыйнага Кіева хутчэй за ўсё будзе пасляваеннае аднаўленне сваёй краіны, а не дэмакратыя ў Беларусі», — адзначыў Мацукевіч.
«У Офіса Зяленскага, мяркуючы па ўсім, у дачыненні да Беларусі няма выразнага падыходу»
Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка ў каментары UDF адзначыў, што, на яго думку, у Кіева няма адзінай стратэгіі па Беларусі.
«Як бы гэта не было дзіўна, але Беларусь на сёння не з'яўляецца для Украіны ключавым напрамкам. Прынамсі, такая выснова напрошваецца пры назіранні за дзеяннямі Кіева. Мы бачым, што ў розных палітычных фігур ва Украіне вельмі розныя падыходы да Беларусі. Хтосьці, як Парашэнка, публічна сустракаецца з Ціханоўскай і не заўважаны ў публічнай падтрымцы палка Каліноўскага. Хтосьці, наадварот, падтрымлівае толькі полк Каліноўскага і прынцыпова ігнаруе Ціханоўскую. А некаторыя дэпутаты Вярхоўнай Рады імкнуцца падтрымліваць кантакты і з палком Каліноўскага, і з Ціханоўскай», — патлумачыў Мажэйка.
«З пункту гледжання дэмакратыі, гэта нармальна, што розныя палітыкі займаюць розныя пазіцыі. Іншая справа, што ў Офіса Зяленскага, мяркуючы па ўсім, у дачыненні да Беларусі няма выразнага падыходу. А пры яго адсутнасці, мабыць, ёсць гатоўнасць не перашкаджаць астатнім рабіць, што яны лічаць патрэбным — ану ж нешта атрымаецца»,— дадаў ён.
Адсюль і супярэчлівыя, з пункту гледжання беларусаў, заявы ўкраінскіх палітыкаў.
На яго думку, адсутнасць адзінай стратэгіі з боку ўкраінскіх улад стварае лішнюю напружанасць у адносінах.
«У выніку мы, беларусы, не разумеем, чаго ж хоча Кіеў. Гэта людзі, якія падтрымліваюць беларускае грамадства, ці гэта апартуністы, якія дзеля сваёй перамогі гатовыя на што заўгодна і якім на будучыню беларусаў напляваць (а значыць яны нашымі хаўруснікамі не могуць з'яўляцца)? Сярод беларусаў гучаць палярныя ацэнкі проста таму, што многія не разумеюць, чаго чакаць ад Кіева заўтра», — лічыць Мажэйка.