У «год міру і стварэння» ідэолагі будуць казаць пра магчымасць «грамадзянскай вайны»
Акадэмія кіравання падрыхтавала свежы матэрыял для членаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп — прасцей кажучы, ідэолагаў, якія праводзяць сустрэчы з працоўнымі калектывамі і даводзяць генеральную лінію ўлад. Пра што ў ім пішуць, паглядзела «Салідарнасць».
Лютаўскі дакумент мае назву «Забеспячэнне ваеннай бяспекі — найважнейшы фактар развіцця Рэспублікі Беларусь у сучасных умовах» і прымеркаваны да 105-годдзя Узброеных сіл РБ. Адлік чамусьці вядзецца з 1918 года, а ўжо сістэмны характар, стратэгію і рэфармаванне беларускае войска, паводле метадычкі, атрымала толькі ў 1994-м, пасля абрання Лукашэнкі.
Пра ваенную дактрыну гаворыцца, што яна носіць абарончы характар і ні адна дзяржава не разглядаецца ў якасці праціўніка. Мабыць, таму ідэолагам прапануецца распавядаць пра фарміраванне аднапалярнага свету і «паўфашысцкія кіруючыя рэжымы», якія, нібыта, узгадоўваліся ў памежных з Беларуссю краінах.
Але, гаворыцца ў метадычцы, улады стаяць і працягваюць забяспечваць вайсковую бяспеку Беларусі. Напрыклад, манітораць міжнародную абстаноўку, падтрымліваюць узровень баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці Узброеных сіл (іх агульная колькасць цяпер — каля 70 тысяч чалавек).
Акрамя таго, праводзяць «мерапрыемствы па ўзмацненні аховы і абароны мяжы», умацоўваюць ваеннае супрацоўніцтва па лініі АДКБ і СНД, прымаюць новыя законы па абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу, няспынна ўмацоўваюць у грамадстве пачуццё патрыятызму і працуюць на «выхаванне свядомага стаўлення грамадзян Рэспублікі Беларусь да яе ўзброенай абароны».
Дастаткова падрабязна ў дакуменце распавядаецца пра тое, якія віды баявой тэхнікі знаходзяцца на ўзбраенні беларускай арміі — ад танкаў і артылерыйскіх самаходных установак да знішчальнікаў, верталётаў, ЗРК і гэтак далей (нагадаем, што за фота ваеннай тэхнікі некаторыя нашыя суграмадзяне атрымалі канкрэтныя турэмныя тэрміны — «НЧ».)
Нямала месца адведзена таксама падрыхтоўцы ваенных і сацыяльнай абароне ваеннаслужачых і членаў іх сем'яў, патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі (у 18 ваенна-патрыятычных клубах на базе частак унутраных войскаў МУС займаюцца больш за 1500 чалавек, у гуртках ваенна-патрыятычнага профілю ў школах і пазашкольных установах — яшчэ 10970 і 3579 чалавек).
Чаму ў абвешчаны кіраўніком «год міру і стварэння» столькі ўвагі надаецца вайсковай падрыхтоўцы беларусаў, ад малога да вялікага? Тут ідэолагі даюць адназначны адказ: «заходнія стратэгі разлічваюць развязаць у Беларусі грамадзянскую вайну» рукамі «беглай апазіцыі», «чакаецца нарошчванне актыўнасці дэструктыўных сіл па разгойдванні абстаноўкі ў нашай краіне падчас электаральных кампаній 2024-2025 гадоў».
Зрэшты, як сцвярджаюць аўтары дакумента, Беларусь па-ранейшаму гатовая выконваць ролю донара стабільнасці і ўносіць свой уклад ва ўмацаванне сусветнай архітэктуры бяспекі.
Затое складальнікі дакумента падкрэсліваюць: маўляў, за апошнія тры гады Лукашэнка выступіў з цэлым шэрагам ініцыятыў, «накіраваных на ўмацаванне бяспекі, зніжэнне канфрантацыі і аднаўленне даверу паміж краінамі». У якасці прыкладаў прыводзяцца «пояс лічбавага добрасуседства», ініцыятыва аб «інтэграцыі інтэграцый», якая аб'яднала б ЕАЭС, ШАС і кітайскі праект «Пояс і шлях».
«На жаль, у большасці сваёй гэтыя і іншыя беларускія мірныя ініцыятывы пачуты не былі», — наракаюць ідэолагі.
Завяршаецца дакумент у тым жа духу, які нагадвае пра мірных людзей і бронецягнік: «У той час як нашы заходнія і паўднёвыя суседзі бяздумна ўцягваюцца ў варонку ваеннага супрацьстаяння, мы прыкладаем усе магчымыя намаганні для захавання міру і спакою. Але разам з тым мы нікому не дазволім замахвацца на стабільнасць і дабрабыт у агульным беларускім доме».