«Парыж — гэта еўрапейская памыйніца». Прапагандыст супраць лоўкостараў і «шэнгена» беларусам

Бясплатнымі візамі і лоўкостарамі Еўрасаюз хоча «вымыць з краін, якія развіваюцца, працоўную сілу». Такі галоўны план падступнага Захаду раскрыў прапагандыст Ігар Тур на дзяржканале «АНТ».

airport_wizzair2_logo.jpg


У чарговым выпуску сваёй праграмы прапагандыст паразважаў, чым небяспечныя для Беларусі лоўкостары ў Еўропу, і расказаў, па якой прычыне нашай краіне яны непатрэбныя і чаму беларусам не трэба лётаць у Парыж і ўвогуле ў Еўропу.

Лоўкостары ён назваў «ідыёцкімі». «У лоўкостарскіх перавозках, як па мне, назіраліся прыкметы фінансавай піраміды, дзе выгада для кліентаў забяспечвалася выключна пастаянным ростам кліенцкай базы», цытуюць «Белнавіны».

«Колькі такім чынам эканоміць чалавек? Ну, 150 еўра. Дапусцім, у год у Парыж злятаў мільён беларусаў. Хоць такога ніколі не было і не будзе, таму што Парыж — гэта такая еўрапейская бандытызаваная памыйніца, а не толькі Эйфелева вежа», — ва ўласцівым яму стылі ўдакладніў прапагандыст.

Ён палічыў, што мільён беларусаў, якія зляталі ў сталіцу Францыі, могуць «умоўна зэканоміць 150 мільёнаў еўра на выдатках». На думку Тура, гэта дрэнны расклад для эканомікі нашай краіны.

«Таму што мільён грамадзян, якія зляталі ў Парыж, выдаткуюць там за пару дзён прыстойна ці нават шмат грошай, якія маглі б выдаткаваць у Беларусі! Але гэтыя грошы вывезены з нашай фінансавай экасістэмы, што цягне за сабой інфляцыю. Далей людзі, якія радасна паляцелі ў Парыж, выдаткавалі там, дапусцім, па тысячы еўра, заробленых у Беларусі. Яны змаглі лёгка гэтую тысячу зарабіць у нас у краіне, але нюанс у тым, што калі раптам мы падпісваем пагадненне з ЕС дзеля танных віз і танных авіябілетаў, то нам у адказ выставяць эканамічныя патрабаванні тыпу росту камуналкі да ўзроўню дэмакратычнага і закрыцця заводаў па прычыне недэмакратычнасці экалогіі», — сказаў на заканчэнне вядучы.

Тур мяркуе, што бясплатнымі візамі і лоўкостарамі Еўрасаюз хоча «вымыць з краін, якія развіваюцца, працоўную сілу» — гэта і ёсць галоўны план падступнага Захаду.

Канешне, вельмі цікава, што замест развіцця ўнутранага турызму прапагандыст разважае пра «фінансавыя абмежаванні» для беларусаў на турызм знешні. Але прыцягвае ўвагу клопат Тура пра «фінансавую экасістэму» краіны. Раней выезд беларусаў на адпачынак не быў крытычным для беларускай эканомікі, а цяпер вываз нават невялікіх (у маштабах краіны) аб’ёмаў валюты прыраўноўваецца прапагандыстамі да фінансавай катастрофы.

А што здарылася?