Пінскага блогера будуць судзіць за карыкатуру на Пуціна

На блогера і грамадскага актывіста з Пінска Мікалая Клімовіча завялі дзве справы: адміністрацыйную — за прапаганду нацысцкай сімволікі ў антываеннай карыкатуры на кіраўніка РФ і крымінальную — за абразу Лукашэнкі.

Мікалай Клімовіч. Фота: 1reg.org

Мікалай Клімовіч. Фота: 1reg.org

Суд па адміністрацыйнай справе прызначаны на 10 лютага ў судзе Пінскага раёна і горада Пінска, паведамляе Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў. Мікалай Клімовіч не спадзяецца на апраўдальны прысуд. Пры гэтым адзначае, што можна было б паглядзець і зразумець, што хаваецца на самой справе за гэтымі ілюстрацыямі.

Падставай для адміністрацыйнага пераследу Мікалая Клімовіча стала карыкатура на расійскага прэзідэнта, якую пінчук размясціў на сваёй старонцы ў Facebook. На ілюстрацыі Пуцін апрануты ў фашысцкую форму. Міліцыянты палічылі гэта за прапаганду нацысцкай сімволікі і распачалі справу паводле артыкула 19.10 КаАП.

Увагу сілавікоў сацсеткі Мікалая Клімовіча прыцягнулі ў снежні мінулага года. Тады яго затрымаў ГУБАЗіК. Актывіста, інваліда другой групы, змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. За кратамі блогер адседзеў трое сутак, і толькі пасля гэтага трапіў у бальніцу — вязня перадалі лекарам і вызвалілі да суда.


61-гадовы Мікалай Клімовіч у снежні распавядаў «Позірку» пра тое, як яго напярэдадні затрымаў ГУБАЗіК з-за допісу ў «Аднакласніках» ад 13 снежня 2022, дзе Пуцін быў у эсэсаўскай форме, а за ім была свастыка. На малюнку быў тэкст: «Фашысты — гэта тыя людзі, хто нападае на чужыя краіны, а не тыя, хто абараняе сваю радзіму».

«Я падпісваюся ў сацыяльных сетках як Мікалай Верасень. Сам здзіўляюся, як ГУБАЗіК знайшоў мяне па гэтым ніку... Затрымалі праз мае праўкраінскія погляды. Я выступаў супраць вайны, і, можна сказаць, вельмі жорстка», — прыгадаў Мікалай Клімовіч.

З Клімовічам, які перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы, тры разы запісвалі «пакаяннае» відэа, а пасля вазілі з аднаго ўчастка ў другі. Праз пагаршэнне стану ён прасіў выклікаць хуткую дапамогу, але пагадзіліся гэта зрабіць на трэці дзень зняволення толькі супрацоўнікі ІЧУ.

«Урачы ў ІЧУ зрабілі мне ўкол і завезлі ў лякарню, дзе мне надалі першую дапамогу. Сказалі: інакш мог бы да раніцы і не дажыць», — патлумачыў Клімовіч.

Пінскі праваабаронца Алесь Рамановіч адзначаў у каментары «Позірку», што ГУБАЗіК не павінен быў наогул пазбаўляць волі Мікалая Клімовіча: «Яны не мусілі затрымліваць інваліда другой групы ды абіраць захадам забеспячэння адміністрацыйнага працэсу знаходжанне пад вартай».

У дачыненні Мікалая Клімовіча, акрамя адміністрацыйнай справы за карыкатуру  з Пуціным, распачалі і крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі (паводле артыкула 368 КК “Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”). Падставай паслужыла таксама карыкатура ў сацыяльнай сетцы, там блогер размясціў сатырычны малюнак з Лукашэнкам — падобны да таго, як і з Пуціным.

Па гэтай справе пакуль ідзе справаводства, дата суда яшчэ не вядомая.

Паводле праваабаронцаў, БАЖ, «Позірк»