351-шы дзень вайны. Галоўнае да гэтай гадзіны

Ва Украіне працягваюцца баявыя дзеянні. Мы падрыхтавалі для вас падборку самага істотнага.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Уладзімір Зяленскі змог пераканаць прэзідэнта Францыі і канцлера Германіі даць Украіне самалёты і дальнабойную зброю, піша «Bild».

Харкаўская вобласць: ёсць разбурэнні і ахвяры. РФ учора масіравана абстрэльвала Харкаўскую вобласць. На працягу мінулых сутак абстралялі Чугуеўскі і Купянскі раёны. З прычыны абстрэлаў загінулі двое мірных жыхароў, яшчэ пяцёра атрымалі раненні. Пра гэта паведамляе кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў. Так, пад агнём РФ учора знаходзіліся не менш за 23 населеныя пункты. У раёнах Катляроўкі і Табаеўкі РФ ужывала баявую авіяцыю.

Херсонская вобласць. Расійскія захопнікі за мінулыя суткі 39 разоў атакавалі Херсонскую вобласць, білі з артылерыі, РСЗА і мінамётаў. Тры чалавекі загінулі, 4 параненыя, сярод іх 15-гадовы падлетак. Пра гэта паведамляе Херсонская АВА.

«Херсон армія РФ атакавала 6 разоў — білі па жылых кварталах горада. Варожыя снарады патрапілі ў дзіцячы цэнтр рэабілітацыі і жылыя дамы», — гаворыцца ў паведамленні.

Расійскія войскі працягваюць атакаваць населеныя пункты Данецкай вобласці. Так, там за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі два цывільныя чалавекі — у Бахмуце, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка. «За 8 лютага расіяне забілі двух жыхароў Данецкай вобласці — у Бахмуце. Яшчэ 7 жыхароў вобласці атрымалі раненні», — напісаў ён.


Усяго з пачатку поўнамаштабнай вайны ў Данецкай вобласці з-за агрэсіі РФ загінулі 1354 цывільныя, яшчэ 3009 мясцовых жыхароў атрымалі раненні. Лічбы прыведзены без уліку ахвяр у Марыупалі і Валнавасе.

Генштаб агучыў арыенціровачныя страты рускай арміі на раніцу 9 лютага: асабовага складу — каля 135 010 (+910 за суткі).

330171103_672415324681160_4436535350161460348_n.jpg

Расійская армія, спрабуючы ўзяць пад поўны кантроль Данецкую і Луганскую вобласці, працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках у раёнах Крамянной, Бахмута, Аўдзееўкі, Вопытнага, Мар'інкі і Вугледара. РФ актыўна прымяняе аператыўна-тактычную і армейскую авіяцыю для нанясення ўдараў па пазіцыях украінскіх войскаў, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.

За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі атакі РФ у раёнах населеных пунктаў Стэльмахоўка, Белагораўка Луганскай вобласці; Выемка, Фёдараўка, Бахмут, Чырвоная Гара, Параскавееўка, Іванаўскае, Часаў Яр, Новакалінава, Вадзяное, Першамайскае, Вясёлае, Краснагораўка, Аўдзееўка, Мар'інка, Богаяўленка і Прачыстаўка Данецкай вобласці і Новаандрэеўка Запарожскай вобласці.

Брытанская разведка адзначае, што надвор'е працягвае адыгрываць значную ролю ў ходзе вайны ва Украіне. Цяпер зямля на ўсходзе краіны замерзла, аднак у бліжэйшы тыдзень чакаецца пацяпленне, таму ўмовы перамяшчэння па перасечанай мясцовасці пагоршацца.

Аналітыкі прагназуюць, што самымі неспрыяльнымі з-за надвор'я ўмовы перамяшчэння па перасечанай мясцовасці, верагодна, будуць у сярэдзіне-канцы сакавіка. Камандзіры з абодвух бакоў, хутчэй за ўсё, будуць імкнуцца пазбягаць планавання буйных наступаў у гэты час. Аднак меркаваныя палітычныя ці аператыўныя патрэбы могуць пераважыць гэтыя асцярогі, як паказала ўварванне Расіі ў канцы лютага 2022 года, адзначаюць у выведцы.

«SpaceX» абмежавала выкарыстанне Украінай Інтэрнэту «Starlink» для кіравання дронамі, паколькі сэрвіс «ніколі не прызначаўся для выкарыстання ў якасці зброі». Пра гэта заявіла СЕА кампаніі Гвін Шотвел. Паводле яе, кантракт з украінскім урадам быў заключаны для гуманітарных мэт. «Мы ведаем, што вайскоўцы выкарыстоўваюць спадарожнікі для сувязі, і гэта нармальна. Але мы ніколі не хацелі, каб яны выкарыстоўвалі іх у наступальных мэтах», — адзначыла Шотвел.

Прыгожын заявіў, што набор зняволеных у групу «Вагнер» цалкам спынены. Раней апазіцыйныя расійскія СМІ паведамлялі, што вярбоўшчыкі ад кампаніі прыязджаюць у калоніі па другім коле, але ахвотных уступіць у ПВК становіцца ўсё менш.

Расійскія СМІ паведамляюць, са спасылкай на спецслужбы, аб затрыманні нібыта ўкраінскай дыверсійнай групы (ДРГ), якая рыхтавала забойствы намесніка мэра Бярдзянска, намесніка начальніка ДІБДР, замах на каменданта горада і выбух ля цэнтра выдачы гуманітарнай дапамогі. Акрамя таго, нібыта папярэджаны замах на экс-супрацоўніка СБУ Прозарава, які «выкрываў дзейнасць СБУ» ў 2014–2018 гадах. Устаноўлена таксама асоба нібыта кіраўніка Украінскай дыверсійнай групы, якая ўчыніла пяць тэрактаў на тэрыторыі Бярдзянска «па заданні супрацоўніка ГУР МА Украіны».


Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што на працягу апошняга тыдня вырас тэмп расійскіх аперацый уздоўж лініі Сватава — Крамянная на захадзе Луганскай вобласці. Акупанты прасоўваюцца да паўночнага захаду Украіны. Ваеннае камандаванне РФ прыцягнула для наступу на гэтым участку падраздзяленні палкоў 144-й і 3-й мотастралковай дывізіі (20-я агульнавайсковая армія, ЗВА), полк 90-й танкавай дывізіі (ЦВА), наступ падтрыманы часткамі 76-й паветрана-дэсантнай дывізіі і нявызначанымі падраздзяленнямі Паўднёвай ваеннай акругі.

Ваенныя аналітыкі заяўляюць, што расійскі наступ ужо пачаўся, аднак украінскія сілы не даюць ворагу дамагчыся значных поспехаў. У ISW адзначаюць, што расіяне на Луганшчыне спрабуюць перахапіць ініцыятыву, але гэта можа прывесці да кульмінацыі на лініі Сватава — Крамянная без дасягнення мэты захопу ўсёй Луганскай і Данецкай абласцей. Гэта дасць украінскім сілам магчымасць пачаць контрнаступленне.

Выданне «Foreign Policy» паведамляе, са спасылкай на неназванага ўкраінскага ваеннага чыноўніка, што Расія для новага наступу, які, як яны пішуць, можа пачацца на працягу дзесяці дзён, падрыхтавала 1800 танкаў, 3950 бронемашын, 2700 артылерыйскіх сістэм, 810 рэактыўных сістэм залпавага агню савецкіх часоў, такіх як «Град» і «Смерч», 400 знішчальнікаў і 300 верталётаў.

Колькасць расійскіх войскаў ва Украіне пры гэтым ужо перавысіла 300 тысяч чалавек. Такім чынам, цяпер расійская прысутнасць ва Украіне значна перавышае сілы ўварвання ў лютым 2022 года, і на гэты раз усе яны сканцэнтраваны на ўсходзе Украіны.

Са слоў высокапастаўленага амерыканскага вайсковага чыноўніка, Пентагон назваў расійскія войскі, якія ўжо былі перакінуты на поле бою, «дрэнна ўзброенымі і экіпіраванымі, дрэнна і паспешліва навучанымі».

Макрон заявіў падчас супольнай прэс-канферэнцыі з Зяленскім і Шольцам, што вайна, якую РФ развязала супраць Украіны, тычыцца будучыні ўсёй Еўропы, таму «Расія не можа і не павінна перамагчы».«Пакуль Пуцін атакуе, нам будзе неабходна прадаўжаць вайсковую падтрымку, неабходную для захавання Украіны», — адзначыў Макрон. Ён таксама запэўніў, што Кіеў можа разлічваць на дапамогу Парыжа ў «развіцці міру». З ягоных слоў, прапанаваны Зяленскім мірны план з'яўляецца «асновай для абмеркавання гэтага шляху».

Макрон узнагародзіў Зяленскага вышэйшай узнагародай Францыі — ордэнам Ганаровага легіёна.

Вялікабрытанія выступіць арганізатарам канферэнцыі па аднаўленні Украіны, якая адбудзецца ў Лондане 21–22 чэрвеня. Гэта вынікае з апублікаванай 8 лютага брытанска-ўкраінскай дэкларацыі.

Зяленскі паведаміў па выніках візіту ў Лондан аб «моцным абаронным пакеце ад Вялікабрытаніі». Па яго словах, узгаднілі «значную колькасць браняванай тэхнікі і пастаўкі дальнабойнай зброі, дамовіліся пачаць падрыхтоўку ўкраінскіх пілотаў».«Я лічу, што гэта наш выразны сігнал — Украіны і Вялікабрытаніі, што мы разам не толькі ідзём, але і пройдзем увесь шлях да нашай агульнай перамогі», — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

G7 абмяркоўвае ўвядзенне санкцый да 24 лютага супраць кампаній з Кітая, Ірана і КНДР праз пастаўкі Расіі кампанентаў і тэхналогій, якія ўжываюцца ў вайсковых мэтах, піша «Bloomberg».

Міжнародная следчая група (Joint Investigation Team, JIT), якая расследуе катастрофу рэйса МН17 2014 года, на прэс-канферэнцыі ў Гаазе апублікавала перахоп гутаркі Пуціна з Ігарам Платніцкім, былым кіраўніком так званай «ЛНР». Сама гутарка датавана 15 лістапада 2017 года. Кіраўнік Крамля ў першую чаргу цікавіўся ваенным складнікам, задаваў пытанні аб тым, як праходзяць сутычкі.

Паводле korrespondent.net, сацсетак, Украінскай службы РБК; suspilne.media