Павел Мацукевіч: Рэжым адчувае сябе ўпэўнена

Старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч ў інтэрв'ю «Свабодным навінам плюс» тлумачыць, якія інтарэсы пераследуе рэжым Лукашэнкі ў Зімбабвэ і Эміратах.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


— Лукашэнка здзейсніў зацяжны, вельмі дзіўны патройны візіт у ААЭ і Зімбабвэ, які зацягнуўся амаль на 10 дзён. Геапалітычных інтарэсаў Беларусі там няма, сумарны тавараабарот з абедзвюма краінамі за мінулы год наблізіўся толькі да 100 мільёнаў долараў. Так што шукалі ў ААЭ і Зімбабвэ?

— Па-першае, абедзве краіны з'яўляюцца складовымі часткамі так званай «далёкай дугі», на якую цяпер пераарыентаваная замежная палітыка Беларусі праз замарозку стасункаў з Захадам.

А па-другое, даныя гандлю не такія ўжо сціплыя.

Напрыклад, таварны экспарт у ААЭ ў 2021 годзе склаў 59 мільёнаў долараў, але ёсць яшчэ і экспарт паслуг, які дасягнуў амаль 165 мільёнаў долараў. Паводле звестак Белстата, за першае паўгоддзе 2022 года (пазней статыстыка не публікавалася) беларускі таварны экспарт у ААЭ склаў каля 340 мільёнаў долараў. Статыстыкі па экспарце паслуг у 2022 годзе я не сустракаў. У любым выпадку, для маштабаў знешняга гандлю Беларусі гэта ўжо сур'ёзныя лічбы.

З Зімбабвэ гісторыя некалькі іншая. Па-першае, гэта першая паездка Лукашэнкі за ўсю яго прэзідэнцкую кар'еру ў паўднёвую частку Афрыкі; ён бываў у Егіпце, наведваў Судан, але ў тым рэгіёне — ніколі.


Так, адправіўся ў Зімбабвэ не ад лепшага жыцця: выбіраць асабліва не даводзіцца, а экспарт дзесьці прыстройваць неабходна. Зусім нядаўна ў гэтай краіне адкрылася беларуская амбасада — зноў жа не таму, што там выявіўся скарб або выявіліся небывалыя і дагэтуль невядомыя магчымасці. Гэта адбылося на хвалі перакідання дыпламатаў з недружалюбнага Захаду ў дружалюбныя краіны далёкай дугі. У Канадзе амбасада зачынілася, а ў Зімбабвэ адкрылася, хоць патэнцыял адрозніваецца ў сотню разоў, калі параўноўваць ВУП.

Цікава і, як на мяне, беспрэцэдэнтна, што на працягу двух дзён у краіне адначасова адсутнічалі дзве першыя асобы ў дзяржаве — Лукашэнка і Галоўчанка. Адсюль можна зрабіць некалькі розных высноў. Напрыклад, пра тое, што Лукашэнка адчувае сябе вельмі ўпэўнена і спакойна, раз ужо вырашаецца пакінуць краіну без сябе і прэм'ер-міністра. Ці, наадварот, пра тое, што сапраўды нейкія надзвычайныя абставіны прымусілі і яго, і Галоўчанку адначасова знаходзіцца за мяжой. Другое, па-мойму, малаверагодна.

— Аляксандр Фрыдман лічыць, што апошні месяц Лукашэнка здзяйсняе дзеянні, якія сведчаць пра яго спешку. Ці заўважылі вы гэтыя прыкметы?

— Мне здаецца, Лукашэнка нікуды не спяшаецца: з'язджае на 10 дзён, спакойна адпачывае. Здавалася б, павінен ні на хвіліну не пакідаць палац, бо пад бокам вайна, у краіне чужыя войскі, Крэмль нібыта прымушае ўступаць у бой, пратэст недадаўлены, офіс Ціханоўскай пабудаваў Кабінет і пагражае міжнародным трыбуналам, полк Каліноўскага вострыць косы, рыхтуючыся сілай зносіць дыктатуру. Але не — Лукашэнка выдаляецца на адпачынак і па справах, адначасова ў важную камандзіроўку выпраўляецца Галоўчанка. Два дні «каханая» без нагляду.

Дзяржаўны візіт рыхтуецца не за пяць хвілін і не за два дні; паездка ў ААЭ магла паўстаць спантанна, але не факт, што такой была. Камандзіроўка Галоўчанкі таксама, паводле ўсіх прыкмет, планавая і не цягне на раптоўнасць. Увогуле, па-мойму ў афіцыйным Мінску ўсё спакойна.

— Падобна да таго, што вы прыйшлі да супрацьлеглай высновы — Лукашэнка адчувае сябе ўпэўнена?

— Думаю, мы маем справу з двума крайнасцямі. Прапаганда, якая не можа распказваць пра справы Лукашэнкі без прыдыхання і захаплення, пазіцыянуе візіт у Зімбабвэ як нешта гістарычнае і прарыўное: маўляў на трактары злавілі ў коўш ільва. У рэальнасці ёсць пакуль толькі яго пудзіла. На процілеглым полюсе палітычных поглядаў прысутнічае іншая крайнасць, вобразна кажучы, якая ставіць пад сумнеў наяўнасць нават пудзіла.


Праўда ж у тым, што перспектывы для беларускай тэхнікі на афрыканскім рынку, безумоўна, ёсць. Кантынент сапраўды багаты прыроднымі выкапнямі. Але Беларусь не ўчора паклала на іх вока — даўно спрабуе прадаваць на кантыненце ўсю лінейку вырабляемых тавараў і машын. Напэўна, у найбліжэйшыя гады мы ўбачым рост сціплых аб'ёмаў экспарту і імпарту, але малаверагодна, што ён будзе сапраўды ўражлівым і азалаціць Беларусь. У санкцыйнай краіны, ізаляванай ад доступу да еўрапейскіх марскіх партоў, няма магчымасцей зладзіць у Афрыцы знешнегандлёвы бум.

Цалкам інтэрв'ю чытайце на «Свабодных навінах плюс».