Чаго каштуюць Беларусі афрыканскія нябёсы ў дыяментах

У апошні час павялічылася актыўнасць рэжыму Лукашэнкі на афрыканскім кірунку. Што часцяком выклікае смех. Маўляў, ну што можна ў той Афрыцы лавіць? Але гэта якраз такое месца, дзе можна абцяпваць, як кажуць, цёмныя справункі.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Афрыка — сапраўдны запаведнік для тых, хто, як і мы, мае цынічны каланіяльны погляд на гэты кантынент, але пры гэтым разумее яго гіганцкую перспектыўнасць. І з усіх сіл шчэміцца туды, каб атрымаць добры кавалак прыродных багаццяў гэтага кантыненту. Небеспаспяхова, адзначым.

Ідзем туды, дзе такія ж, як мы

Калі зірнуць на палітычную сітуацыю ў афрыканскіх краінах, далёка не ўсе яны адпавядаюць нашым уяўленням пра Афрыку як кантынент дыктатарскіх рэжымаў і бесперапынных войнаў. Большасць афрыканскіх краін займаюць больш высокія месцы ў штогадовым Індэксе дэмакратыі, чым наша краіна. А некаторыя дадуць па ступені дэмакратычнасці фору і еўрапейскім дзяржавам. Напрыклад, Батсвана знаходзіцца ў гэтым рэйтынгу на 30-м месцы — паміж Чэхіяй (29) і Італіяй (31).

Для такіх краін істотнай будзе рэпутацыя партнёраў і празрыстасць вядзення бізнесу. Таму наўрад ці там могуць пабачыць вялікую для сябе перспектыву разнастайныя недэмакратычныя рэжымы, для якіх галоўнай матывацыяй будзе не эканамічнае развіццё сваіх краін і рост дабрабыту грамадства, а асабістае ўзбагачэнне і захаванне сваёй улады.

Вось афрыканскія дыктатуры — гэта зусім іншая справа. Непразрыстасць, адсутнасць кантролю з боку грамадства, тыя ж матывацыі, карупцыя — усё гэта робіць іх надзвычай прывабнымі для падобных рэжымаў з іншых рэгіёнаў свету. Ну а калі да гэтага «шчасця» дадаецца і ўнутраны ўзброены канфлікт з разборкамі, чыя вінтоўка даўжэйшая ды цвярдзейшая, каб уладу нарадзіць, дык з высокай ступенню імавернасці там яшчэ і якая-небудзь модная прыватная ваенная кампанія завядзецца, што паходзіць з далёкай і халоднай краіны. Акрамя таго, дзейнасць у такіх краінах не абмежавана аніякімі міжнароднымі санкцыямі, што ўтварае зручныя ўмовы для контрагентаў.

Судзячы па апошняй актыўнасці прадстаўнікоў беларускага рэжыму, адна з падобных афрыканскіх краін, Зімбабвэ, хутка зробіцца для беларусаў гэтакай жа братняй, як некалі Венесуэла. Пануе там Афрыканскі нацыянальны саюз Зімбабвэ (ZANU), які быў заснаваны яшчэ ў 60-х самім Робертам Мугабэ. Той са зброяй у руках змагаўся супраць улады белай меншасці, у сувязі з чым правёў за кратамі каля 10 год. У 1980-м ён, на хвалі шалёнай папулярнасці сярод жыхароў краіны, зрабіўся першым прэм'ер-міністрам Зімбабвэ.

У хуткім часе, аднак, высветлілася, што ў краіне завяліся «дысідэнты». Гэта былі прадстаўнікі іншай групоўкі — Саюзу афрыканскага народу Зімбабвэ (ZAPU), якая таксама ў свой час, паралельна з ZANU, змагалася за незалежнасць краіны. Але ў Мугабэ быў супраць «дысідэнтаў» жалезны аргумент — Першая пяхотная брыгада, сфармаваная адмыслова для барацьбы супраць палітычных апанентаў, падрыхтоўкай якой займаліся паўночнакарэйскія інструктары. Ну а што, як сцвярджаюць некаторыя нашыя суайчыннікі, улада мусіць належаць тым, хто моцны. Вось ZANU і прадэманстравала сваю моц: у выніку дзеянняў Пятай брыгады сваіх жыццяў пазбавіліся ад 30 000 да 300 000 апанентаў рэжыму Мугабэ (хоць у рэчаіснасці ахвярамі былі, пераважна, тыя, хто проста падгарнуўся пад «моцную руку» ўзброенай улады).

Ацалелыя прадстаўнікі ZAPU ўліліся ў ZANU, у выніку чаго ўтварылася партыя Афрыканскі нацыянальны саюз Зімбабвэ-Патрыятычны фронт (ZANU-PF), якая і пануе ў Зімбабвэ дагэтуль. Самога Мугабэ ўжо няма: ён быў вымушаны пакінуць пасаду прэзідэнта ў 2017-м. Але месца ягонае заняў ягоны паплечнік Эмерсан Мнангагва па мянушцы «Кракадзіл», і ZANU-PF працягвае кантраляваць краіну і ейныя прыродныя багацці.

Капальні цара Саламона

diamond2.png

Ілюстрацыйная выява

А багацці гэтыя настолькі значныя, што шмат хто з экспертаў лічыць Зімбабвэ адной з найбагацейшых краін Афрыкі. У прыватнасці, па запасах плаціны гэтая краіна займае другое месца ў свеце. Яшчэ ў даўнія часы тут было знойдзена золата, якое нарадзіла легенды, што менавіта тут былі капальні цара Саламона. Са старажытнасці тут засталося каля 4 000 капальняў, якія распрацоўваюцца дагэтуль. А вось новых радовішчаў — няма, бо геалагічная выведка ў Зімбабвэ практычна не вядзецца. І, безумоўна, пошукі і распрацоўка новых радовішчаў могуць быць прыбытковай справай.

У сакавіку 2018 года пад час візіту Віктара Шэймана ў Зімбабвэ, ён і міністр горнай здобычы Зімбабвэ Уінстан Чытанда падпісалі пагадненне аб арганізацыі сумеснай горназдабываючай кампаніі. У выніку ў красавіку 2018-га з’явілася кампанія Zim Goldfields, якая атрымала права на распрацоўку радовішчаў золата ў некалькіх рачных далінах на тэрыторыі Зімбабвэ. 30% кампаніі належала дзяржаўнай Карпарацыі развіцця горнай здабычы Зімбабвэ, а 70% — брытанскай кампаніі Midland Golgfield Limited.

У выніку ўцечкі вялікай колькасці дакументаў па афшорных кампаніях (г.зв. Pandora Papers) высветлілася, што гэтая кампанія абслугоўвае інтарэсы зарэгістраванай на Сэйшэлах кампаніі Midland Golgfield Foundation, якую яшчэ ў снежні 2017-га заснавалі беларускі бізнесмен Аляксандр Зінгман і Сяргей Шэйман — сын Віктара Шэймана. Такім чынам атрымліваецца, што Zim Goldfields належыць на 70% двум грамадзянам Беларусі, без датычнасці да гэтага самой дзяржавы. То-бок здабыча золата ды іншых карысных выкапняў знаходзіцца ў прыватных руках набліжаных да Лукашэнкі людзей.

Зінгман абвяргаў сваю датычнасць кампаніі па здабычы золата. Але чаго ён не абвяргаў, дык гэта датычнасці да кампаніі AFTRADE DMCC, якая зарэгістравана ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Афіцыйна гэтая фірма займаецца пастаўкай машынаў і абсталявання беларускай і расійскай вытворчасці ў краіны Афрыкі, Саўдаўскую Аравію і Індыю, а таксама пабудовай дарог, утылізацыяй смецця, транспартам і лагістыкай. Злыя языкі яшчэ сцвярджаюць, што Зінгман займаецца нелегальнымі пастаўкамі зброі ў краіны Афрыкі. Менавіта па падазрэнні ў гэтым ён быў затрыманы на 12 дзён уладамі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга ў пазамінулым годзе. Але тады яго вызвалілі без выстаўлення абвінавачанняў.

Тут варта адзначыць, што па даных Стакгольмскага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI), у 2020-м Зімбабвэ набыла па ўсім свеце зброі на 90 млн долараў. І як адзначаецца ў дакладзе Інстытута, сюды ўваходзяць і пастаўкі зброі з Беларусі.

Тым не менш, у афіцыйных крыніцах кампанія AFTRADE DMCC прыгадваецца ў сувязі з пастаўкамі ў Зімбабвэ сельскагаспадарчай, горназдабываючай ды іншай тэхнікі. У мінулым годзе нават узнік скандал у сувязі з кантрактам на пастаўку ў гэтую краіну пажарных аўтамабіляў беларускай вытворчасці. Калі мясцовыя журналісты параўналі цэны, па якіх гэткія ж машыны прадаваліся ў іншыя краіны (Казахстан, напрыклад), дык высветлілася, што для Зімбабвэ яны абышліся разы гэтак у тры даражэй. Пры гэтым вышэйшыя чыноўнікі не маглі патлумачыць не толькі розніцу ў цэнах, але і сэнс набыцця гэтых машын.

Зімбабвійскія дыяменты



diamond4.png

Ілюстрацыйная выява

І яшчэ адзін скандал, які грымнуў у Зімбабвэ ў мінулым годзе, і ў якім гучала назва нашай краіны, быў звязаны з продажам зімбабвійскіх дыяментаў.

Дыяменты ў Зімбабвэ здабываюць на так званых «дыяментавых палях Маранге» — адным з самых буйных радовішчаў у свеце. Яно было адкрыта ў 2006 годзе. Спачатку пошукамі дыяментаў займаліся прыватныя фірмы і нелегальныя шукальнікі. Але ў 2008-м урад Зімбабвэ вырашыў паставіць здабычу дыяментаў пад свой кантроль. У выніку паліцыя забіла некалькі тузінаў нелегальных здабытчыкаў, прыватныя кампаніі ў значнай ступені пазбавіліся сваіх правоў, а вышэйшае кіраўніцтва ZANU-PF атрымала доступ да гэтай сферы дзейнасці.

Як сведчылі тады (на ўмовах ананімнасці) замежныя дыпламаты, здабыча дыяментаў ажыццяўлялася выключна дзеля асабістага ўзбагачэння чальцоў ураду, у дзяржаўны бюджэт не трапляла анічога. Больш за тое, пры гэтым выкарыстоўвалася дзяржаўнае абсталяванне і сілы бяспекі.

Нягледзячы на абставіны, якія суправаджалі здабычу дыяментаў на палях Маранге, у 2010-м працэс Кімберлі прыняў рашэнне, што гэтыя дыяменты — «чыстыя», і іх можна прадаваць на легальным рынку.

Працэс Кімберлі (дакладней, схема сертыфікацыі працэса Кімберлі) — гэта зацверджаная ў ААН схема сертыфікацыі неапрацаваных алмазаў перад тым, як яны трапяць на легальны рынак. Гэтая схема была ўтворана дзеля таго, каб не дапусціць на рынак гэтак званыя «крывавыя дыяменты» — тыя, якія былі здабыты на тэрыторыях, якія кантралююцца паўстанцкімі групоўкамі і выкарыстоўваюцца дзеля фінансавання іхнай барацьбы супраць законных урадаў. Матывы, якія прывялі да ідэі ўтварэння працэсу Кімберлі, прыведзены ў рамантызаванай форме (хоць і на падмурку рэальных падзеяў) у фільме «Крывавы дыямент», знятым у 2006-м з Леанарда ды Капрыа ў галоўнай ролі.

Цяпер у працэс Кімберлі ўваходзяць 54 чальца, якія прадстаўляюць 81 краіну. У тым ліку, чальцамі працэсу з'яўляюцца Беларусь, Зімбабвэ, Расія і Украіна. Штогод па прынцыпе ратацыі змяняецца старшыня і віцэ-старшыня працэсу. У 2021-м старшынёй была Расія, а віцэ-старшынёй — Батсвана. У 2022-м Батсвана зрабілася старшынёй, а месца віцэ-старшыні заняла Зімбабвэ. А вось наконт старшынства ў 2023-м адбыўся скандал. Расія пачала весці працу, каб месца старшыні ў 2023-ім заняла… Беларусь. Што выклікала трывогу ва Украіны, якая непакоілася, што гэта дазволіць Расіі абыходзіць санкцыі і здабываць фінансаванне для вядзення вайны супраць Украіны.

Але ўкраінцы, падобна, дарэмна хваляваліся: працэс Кімберлі не выказвае асаблівых памкненняў умешвацца ў пастаўкі расійскіх дыяментаў на рынак (а Расія, на хвіліначку, з'яўляецца найбуйнейшай крыніцай неапрацаваных дыяментаў для сусветнага рынку). Прадстаўнікі працэсу ад самога пачатку абвесцілі, што паколькі і Украіну, і Расію прадстаўляюць у канфлікце законныя ўрады, расійскія дыяменты не могуць лічыцца «крывавымі». Вось такая логіка.

З іншага боку, высілкі Расіі па прамоўшэну Беларусі ў гэтым працэсе могуць сведчыць пра тое, што тут прысутнічае вялікая зацікаўленасць кіраўніцтва Расіі ў актыўным удзеле беларускага рэжыму ў сусветным гандлі дыяментамі. Ды і прасоўванне прадстаўнікоў бліжэйшага атачэння Лукашэнкі на Афрыканскім кантыненце ідзе ўслед за такім жа прасоўваннем прадстаўнікоў бліжэйшага атачэння Пуціна (у тым ліку — ПВК «Вагнера»). Цалкам верагодна, што Беларусь спатрэбіцца для таго, каб захоўваць прысутнасць на сусветным рынку, калі еўрапейцы ўсё ж увядуць санкцыі супраць расійскіх дыяментаў.

У верасні мінулага года ў зімбабвійскай прэсе з’явіліся паведамленні, што ўрад краіны збіраецца надаць прэферэнцыі ў справе продажу зімбабвійскіх дыяментаў нейкім беларускім пакупнікам. Пры гэтым абставіны гэтай аперацыі выглядаюць максімальна мутна і незразумела. Праўда, афіцыйныя прадстаўнікі дзяржаўнай карпарацыі па маркетынгу карысных выкапняў Зімбабвэ абверглі падазрэнні ў існаванні «адмысловых» пакупнікоў. Маўляў, праводзіцца сумленны аўкцыён, у якім аніякіх «прадстаўнікоў Беларусі» няма. Затое прысутнічаюць кампаніі з Дубаю…

Тут прадстаўнікам Зімбабвэ можна верыць. Як памятаем, AFTRADE DMCC, якая належыць Зінгману, — кампанія, зарэгістраваная ў Дубаі, а не ў Беларусі. А Дубай, у сваю чаргу, зрабіўся буйнейшым хабам па продажы дыяментаў. Аб гэтым у 2021-м урачыста абвесціў галава Дубайскага мультытаварнага цэнтру (Dubai Multi Commodities Centre, DMCC). Таго самага, у які ўваходзяць і Дубайская дыяментавая біржа, і AFTRADE.

Тэма зімбабвійскіх дыяментаў можа тычыцца не толькі іх продажу, але і здабычы, а таксама аховы. Узброеныя налёты на радовішчы — з’ява адносна звычайная, таму прафесійныя ахоўнікі — запатрабаваныя людзі. Не дарэмна, што ад самога пачатку актыўнасці прадстаўнікоў беларускага рэжыму ў Зімбабвэ там прысутнічала і кампанія «Belgeopoisk», якая, нягледзячы на назву, займалася, у асноўным, ахоўнымі функцыямі. Тым больш, што ў кіраўніцтва і штат кампаніі ўваходзяць пераважна былыя беларускія вайскоўцы і супрацоўнікі спецслужбаў.

Такім чынам, Зімбабвэ ўяўляе сабой сапраўдны кландайк — як залаты, так і дыяментавы, для цяперашняга беларускага рэжыму. Адсутнасць вонкавага кантролю, адсутнасць санкцыйных абмежаванняў, высокі ўзровень карупцыі, магчымасць захоўваць свае аперацыі ў тайне ад грамадскасці — усё гэта ўтварае магчымасці для асабістага ўзбагачэння, а таксама фінансавання сваіх цёмных спраў, у тым ліку, магчыма, і вайны ва Украіне.
Плюс дапамога бліжэйшага саюзніка і партнёра — Расіі. І, канечне, трамплін для пранікнення ў іншыя краіны Афрыканскага кантыненту, дзе існуюць аналагічныя спрыяльныя ўмовы.

Адзінае што, аніякае золата і аніякія дыяменты, і нават аніякія прыватныя ваенныя кампаніі не могуць гарантаваць вечнае існаванне такога жыцця. Нават адносна працяглае. Бо як бы не спрабавалі пазбавіць суб'ектнасці тыя народы, якія траплялі пад уладу дыктатарскіх рэжымаў, яна ў іх усё роўна ёсць. І вырашаць, па выніку, будуць усё роўна яны. Вось толькі як бы да гэтага моманту рэнамэ нашай краіны на такім перспектыўным Афрыканскім кантыненце не было б канчаткова папсавана.