
«Відавочна, на працягу апошніх гадоў існуе сур’ёзная праблема
з замежнымі візытамі Лукашэнкі, — піша ў аўтарскай калонцы на «Св*бодзе» Валер Карбалевіч. — Няшмат краінаў жадае цяпер яго прымаць. Таму
даводзіцца абіраць усё больш экзатычныя маршруты. Візыты Лукашэнкі ў Аб’яднаныя
Арабскія Эміраты (ААЭ) і Зымбабвэ — якраз з гэтага шэрагу.
Было афіцыйна абвешчана, што 25 студзеня Лукашэнка прыляцеў
у ААЭ зь візытам. І знаходзіўся там да 30 студзеня. Сам па сабе замежны візыт
першай асобы, які расьцягваецца на пяць дзён, — гэта ўжо нешта надзвычайнае.
Прычым ніякай інфармацыі пра ягоны зьмест няма. Тэлеграм-канал «Пул первого»
паведаміў, што адразу пасьля прылёту адбыліся «кароткія перамовы». Не
паведамлялася — зь кім. Можна меркаваць, узровень прадстаўніцтва з эмірацкага
боку быў такі нізкі, што прэсавая служба Лукашэнкі не наважылася нават яго назваць.
Мяркуючы па ўсім, ён паехаў у Эміраты адпачыць. Час супадае са студэнцкімі вакацыямі Мікалая Лукашэнкі. Пра адпачынак сьведчыць і відэа, апублікаванае
«Пулом первого» 28 студзеня, на якім Лукашэнка зь Цяцерыным у расслабленым
стане сьвяткуюць перамогу Арыны Сабаленкі на тэнісным турніры.
Здавалася б, чаму не абвясьціць, што Лукашэнка паехаў у
Эміраты на адпачынак? Але прэсавая служба чамусьці палічыла такое паведамленьне
няёмкім. Назвалі гэта візытам. Але калі візыт, то павінны быць нейкія сустрэчы,
перамовы, мерапрыемствы. А іх няма. Хацелі як лепш, а выйшла як заўсёды.
Што тычыцца візыту ў Зымбабвэ. Гэта чацьвёртая краіна
Афрыкі, якую наведвае Лукашэнка. Раней былі паездкі ў Лібію, Эгіпет, Судан. Ня
так і шмат за 29 гадоў кіраваньня. І гэта зразумела. Афрыканскія краіны
небагатыя, іх платаздольнасьць невялікая. Пэўны попыт на беларускую прадукцыю
ёсьць, але існуе праблема платы за яе.
Гэта цалкам тычыцца і Зымбабвэ. Дыктатар Робэрт Мугабэ, які
кіраваў краінай 37 гадоў, давёў даволі заможную паводле афрыканскіх мерак
дзяржаву да ручкі. Што лішні раз пацьвярджае вядомую выснову: доўгае дыктатарскае
панаваньне вядзе краіну да вядомага фіналу. У 2013 годзе Зымбабвэ ўваходзіла ў
тройку самых бедных дзяржаваў сьвету. Гадавая інфляцыя ў 2008 годзе дасягнула
неймаверных 500 мільярдаў адсоткаў! Можа, Лукашэнка паехаў вывучаць гэты
досьвед? Цяпер сытуацыя трохі палепшылася (інфляцыя «ўсяго» 190%), аднак цяжка
гаварыць пра нейкія значныя пэрспэктывы супрацы з гэтай краінай.
Цяперашні прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагва наведваў
Беларусь двойчы — у 2015 і 2019 гадах (першы раз у статусе віцэ-прэзыдэнта). Зь
беларускага боку адказным за сувязі з гэтай краінай быў назначаны тагачасны
кіраўнік справаў прэзыдэнта Віктар Шэйман.
Аднак кантакты не далі вялікага плёну. У 2021 годзе
таваразварот паміж Беларусьсю і Зымбабвэ склаў $25 млн. А па выніках студзеня —
лістапада 2022 году ўзаемны гандаль таварамі дасягнуў $38,6 млн. Беларускі
экспарт склаў $29,6 млн. Лічбы сьмешныя. Гэта гандлёвы абарот сярэдняга заводу.
Той факт, што амбасада Беларусі ў Зымбабвэ пачала працаваць толькі ў 2022
годзе, вельмі адметны.
Тым часам беларуска-зымбабвійскай супрацы спадарожнічаюць скандалы. Напярэдадні візыту мясцовае выданьне «New Zimbabwe»
пісала, што летась урад краіны закупіў у Беларусі пажарныя машыны, якія
«ніколі не прасілі» ўлады на месцах. Іншы скандал тычыўся таго, што ўрад Зымбабвэ
выбіраў дружалюбныя беларускія кампаніі для продажу дыямэнтаў. Мінулым годам у
Зымбабвэ падалі ў суд на кампанію «Zim GoldFields», зьвязаную з сынам Віктара
Шэймана, за здабычу золату без дазволу ўладальнікаў тэрыторыі. То- бок
двухбаковым адносінам спадарожнічае заўважны карупцыйны складнік.
А тым часам супраца Беларусі з новым афрыканскім сябрам набывае, скажам мякка, экзатычныя формы. Вось абвешчана, што Менск стане пабрацімам са сталіцай Зымбабвэ — Харарэ. То-бок у літаральным значэньні братам. Можна павіншаваць беларусаў: у іх зьявіўся яшчэ адзін брацкі народ. Як вядома, паводле афіцыйнага ідэалягічнага канструкту кіроўнага рэжыму, Расея — старэйшы брат. А Зымбабвэ які? Сярэдні, малодшы? Раней было абвешчана, што Беларусь і Зымбабвэ рыхтуюць дамову аб узаемным прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі. Што гэта можа азначаць на практыцы — цяжка нават уявіць».