Валеры Карбалевіч: Залежнасць ад Расіі — гэта вынік палітыкі Лукашэнкі, а не ўплыў санкцый

Палітолаг у інтэрв’ю Філіну ацэньвае новыя санкцыі ЕС у дачыненні да беларускіх уладаў, разважае, чаму пра новыя абмежаванні пачалі размаўляць менавіта цяпер, і ці прыводзяць санкцыі да большай залежнасці ад Расіі.

berlin_sankcii_2_logo.jpg

У Еўракамісіі пацвердзілі падрыхтоўку новага пакета санкцый, які будзе ўключаць Беларусь. Гаворка ідзе пра дадатковыя гандлёвыя абмежаванні супраць Мінска з мэтай давесці гэтыя меры да ўзроўню захадаў у дачыненні да Масквы.

Як паведамляе Bloomberg, новыя санкцыі Еўрасаюза супраць Беларусі (за саўдзел у ваеннай агрэсіі) могуць закрануць ключавыя тэхналогіі і энергетычны сектар краіны.

— Чаму менавіта цяпер уводзяцца гэтыя санкцыі?

— Гэта цікавае пытанне. І не да канца зразумелыя матывы Еўрасаюза, іх ацаніць складана. — кажа Валеры Карбалевіч. — Можна толькі выказаць нейкія версіі. Сапраўды, ужо амаль паўгода ў дачыненні да Беларусі санкцыі не ўводзіліся.

Я думаю, што гэтыя паўгода паміж рознымі еўрапейскімі сталіцамі ішлі пэўныя дыскусіі аб тым, ці варта караць беларускі рэжым новымі санкцыямі. І цяпер, пасля працяглых абмеркаванняў, прыйшлі да высновы, што іх варта ўводзіць.

Такім чынам, паўгода магло сысці на спрэчкі. Магчыма, гэты часавы лаг, мараторый на новыя санкцыі быў у разліку падштурхнуць Лукашэнку да большага дыстанцыявання ад Расіі. Але гэтага не адбылося, і з'явілася разуменне, што варта прымаць новыя санкцыі.

І, акрамя таго, тут дзейнічае логіка канфлікту. У канфлікце статус-кво не можа захоўвацца доўга. Альбо ён прыводзіць да прымірэння, альбо да эскалацыі. У нашым выпадку канца вайны не відаць, пачынаецца эскалацыя канфлікту ва Украіне.

У Расіі працягваецца мабілізацыя, яна рыхтуе наступ. З іншага боку, ва Украіне з'яўляецца новая зброя, вайна абвастраецца. Тым больш, што ідзе вайна на знясіленне.

А калі ідзе такая вайна, то трэба прадпрымаць меры, якія будуць знясільваць не толькі суперніка, але і яго саюзнікаў. Невыпадкова дзясяты пакет санкцый у дачыненні да Расіі датычны таксама Беларусі і Ірана, фактычна, двух саюзнікаў Масквы.

Думаю, пэўную ролю адыграла і ўнутраная палітыка Беларусі. Узмацняюцца рэпрэсіі ўнутры краіны, колькасць палітвязняў расце. Прымаецца жорсткае рэпрэсіўнае заканадаўства: завочныя суды, закон аб пазбаўленні грамадзянства ў апанентаў рэжыму, аб экспрапрыяцыі іх маёмасці.

Адначасова робяцца і крокі супраць замежнага капіталу. Прадпрыемствам з замежным капіталам, што працавалі ў Беларусі, сёння ставіцца ўмова: альбо згаджайцеся на нашы ўмовы, альбо — нацыяналізацыя.

Тут і стаўленне да інтэлектуальнай уласнасці. Тут і адмова аплачваць знешнія пазыкі ў валюце. Гэта значыць, Беларусь бярэ курс на самаізаляцыю, адмову ад правілаў, па якіх жыве ўвесь цывілізаваны свет.

А калі так, то гэта стала прычынай для ўвядзення новых санкцый. Хоць і кажуць, што яны ўводзяцца з-за пазіцыі беларускага рэжыму адносна вайны ва Украіне, я думаю, што і ўнутрыпалітычныя прычыны таксама адыгралі ў гэтым сваю ролю.

— Праціўнікі санкцыяў кажуць, што такія меры толькі ўзмацняюць залежнасць Беларусі ад Расіі. Як вы лічыце, ці скарыстаецца прапаганда гэтым рашэннем у якасці падставы, каб растлумачыць санкцыямі большую залежнасць ад Масквы?

— Па-першае, залежнасць ад Расіі — гэта вынік палітыкі Лукашэнкі, а не ўплыў санкцый. Гэтая залежнасць з'явілася значна раней, чым былі ўведзеныя гэтыя санкцыі і пачалася вайна ва Украіне.

Усё астатняе — гэта наступствы палітыкі беларускага рэжыму. А тое, што прапаганда будзе карыстацца любой падставай для дыскрэдытацыі апанентаў уладаў, то для таго яна і прапаганда.

— Як бы вы ацанілі эфект ад санкцый, уведзеных у пачатку вайны. І ці можна ўжо рабіць нейкія папярэднія высновы?

— Пытанне аб эфектыўнасці санкцый вельмі складанае. Тут не да канца зразумела, што браць у якасці крытэрыю гэтай эфектыўнасці. Калі казаць пра ўплыў на эканоміку, то ён, безумоўна, ёсць: мінус 5% ВУП — гэта дастаткова шмат.

Ці ўплываюць санкцыі на палітыку афіцыйнага Мінска адносна вайны ў Украіне? Думаю, што не. Думаю, калі б санкцый не было, гэта б не змяніла стаўленне беларускага рэжыму да ўдзелу ў вайне. Тут гэта не спрацавала.

Трэба адзначыць, што санкцыі — гэта гульня ўдоўгую. Наўрад ці варта чакаць, што палітыка краіны павінна была змяніцца адразу ж пасля ўвядзення абмежаванняў. Гэта шматфункцыянальная мера, якая ўплывае на многія фактары, эфекту ад санкцый варта чакаць у доўгатэрміновай перспектыве.

Можна таксама задаць пытанне: якой бы была палітыка дзяржавы, калі б не было ніякіх санкцый? І на гэтае пытанне мы адказаць не можам. Магчыма, унутрыпалітычная сітуацыя ў гэтым выпадку была б яшчэ горш. Пытанне эфектыўнасці санкцый складанае, думаю, яшчэ рана даваць на яго адказ.