«Адзін у адзін». Блогер знайшоў кітайскі ноўтбук, падазрона падобны да лукашэнкаўскага H-book
Расійскі тэхнаблогер Wylsacom выпусціў ролік пра кітайскі лэптоп itel Spirit 2, які вельмі падобны на «беларускі». Пра гэта распавядае «Л*стэрка».

Як адзначыў Wylsacom, па «жалезе» кітайскі ноўтбук «поўны аналаг беларускага».
— Усё тое ж самае па характарыстыках. Гэта Intel Core i3,
256 [гігабайт] SSD, восем гігабайт «аператывы», —распавёў пра Іtel Spirit 2
блогер, а затым дастаў з скрынкі кітайскі ноўтбук і параўнаў яго знешні выгляд
з H-book. — Адзін у адзін. Зразумелая справа, што няма выдатнай літары «Н». Тут брэнд «Іtel». З пункту гледжання задняга вечка,
раздымаў, усіх астатніх элементаў — гэта той жа самы камп'ютар. І сабраны ён
дакладна гэтак жа. У яго тая ж клавіятура, тая ж налепка на корпусе, той жа
надпіс DTS (так пазначаецца сямейства сістэм лічбавай шматканальнай гуказапісу,
створаны кампаніяй «Digital Theater System»), пра якую мы з вамі
гаварылі ў беларускім «макбуку».

Кітайскі ноўтбук, па словах блогера, працуе на аперацыйнай
сістэме Linux, а беларускі аналаг — на Windows 11. Wylsacom падкрэсліў, што Іtel Spirit 2 у інтэрнэт-краме каштуе 29 990 расійскіх рублёў (420 даляраў), а
беларускі H-book — 43 000 расейскіх рублёў (620 даляраў).
— Сама «Вінда» варта прыстойных грошай. Вядома, не 13 тысяч
[расійскіх] рублёў, але прыстойных грошай, і вось гэтае пытанне лакалізацыі
таксама дадае нейкі кошт. (...) Яшчэ незразумела, у якім выглядзе яны гэта
на заводзе «Гарызонт» збіраюць. Наколькі гэта тыпу буйнавузлавая зборка. Яны
(ноўтбукі) прыязджаюць у разабраным выглядзе і потым там (на заводзе «Гарызонт») прыкручваюцца шрубы або яны проста ў скрынкі іх фасуюць і кладуць беларускі
блок сілкавання, — адзначыў Wylsacom.

Блогер разабраў абодва ноўтбукі. Ён адзначыў, што іх «вантробы» вельмі падобныя.
— Гэта адна платформа, але ёсць такое адчуванне, што яны (ноўтбукі) заказваюцца з розным трошкі напаўненнем, альбо яны
(H-book) праўда збіраюцца на заводзе «Гарызонт», — сказаў Wylsacom.

Блогер адзначыў, што ў кітайскім ноўтбуку брэндаваная
батарэя (у «беларускім» — не), няма дадатковай антэны (у «беларускага» — ёсць),
іншае мацаванне для яшчэ аднаго назапашвальніка SSD. Акрамя таго, Wylsacom
заўважыў, што ў H-book «тэрмапаста трошкі вытыркае» ў адным месцы.

У канцы роліка блогер падвёў вынік:
— Тут (у «беларускім» ноўтбуку) нейкі адсотак беларускіх запчастак прысутнічае. Як мінімум блок сілкавання. Як максімум — можа быць яшчэ штосьці яны тут з свайго паставілі. Зразумела, што не памяць, не SSD, але, можа штосьці. Як бы вы ні пырскалі слінай, у мяне няма негатыву да гэтага прадукту. Але за 43 тысячы [расійскіх] рублёў — гэта вельмі-вельмі неадэкватны прайс. Трыццатка за кітайца — гэта цалкам ок, але без Windows, — рэзюмаваў Wylsacom.

Нагадаем, першы «беларускі» ноўтбук Лукашэнка асабіста прадставіў 1 верасня 2022 года на адкрытым уроку. Запусціць
іх серыйную вытворчасць хацелі ў лістападзе, але пазней тэрміны перанеслі на
снежань. У 2023 годзе плануецца выпусціць каля 80 мадэляў.
Раней Лукашэнка абураўся ўзроўнем лакалізацыі матацыкла «беларускай вытворчасці» на заводзе «Мотавела». Высветлілася, што не толькі ўсе яго дэталі завозныя, але і дызайн, якім выхваляўся цяпер ужо былы гендырэктар прадпрыемства Мікалай Ладуцька, апынуўся практычна ідэнтычны французскаму байку Mash X-Ride Classic 650, які цалкам вырабляюць у Кітаі.