З IT-краіны — у калгас. Куды рухаецца эканоміка?

Сельская гаспадарка падрасла, IT абвалілася — такія вынікі работы асноўных сектараў эканомікі за 2022 год, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

_zycce___ljudzi___horad___transpart__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

З сярэдзіны мінулага стагоддзя эканоміка Беларусі трансфармавалася з аграрнай у індустрыяльную. Адбывалася гэта настолькі паспяхова, што ў нейкі момант здалося, краіна знайшла сваю высокаэфектыўную нішу: ПВТ, ІТ, крэатыўныя кластары, чалавечы капітал высокай якасці. Казка скончылася ў 2020-м, і цяпер відавочна, што высокатэхналагічная эканоміка дрэнна сумяшчальная з ідэаламі цяперашняга кіраўніцтва краіны.

2022-ы год прадэманстраваў новы вектар: спад укладу ІТ-сферы ў ВУП на фоне росту аграсектара.

photo_2023_01_30_15_23_02.jpg

Аб чым кажа графік? Па выніках дванаццаці месяцаў бягучага года ВУП Беларусі істотна адстае ад аналагічных паказчыкаў мінулага года. У студзені-снежні 2022 года зніжэнне ВУП склала 4,7%. З верасня глыбіня спаду не змянялася, але па галінах карціна выглядае неаднастайнай.

Мацней за ўсё спад у эканоміцы адбіўся ў сферах транспарту, будаўніцтва і гандлю. Транспартная дзейнасць за студзень-снежань паказала зніжэнне на 16,8%. Месяцам раней паказчык быў аналагічным. Спад да выніках дванаццаці месяцаў захоўваецца ў будаўнічай сферы (мінус 11,4%). За 11 месяцаў сітуацыя была тут амаль такой жа (мінус 11,3%).

Сфера гандлю і рамонту аўтатранспарту ўпала па выніках года на 12,4%, пры тым, што яшчэ ў лістападзе спад складаў 11,7%.

Крыху знізілася адставанне выпуску ў апрацоўчай прамысловасці: мінус 6,1% па выніках снежня супраць мінус 6,6% у лістападзе. Але, тым не менш, аб аднаўленні ў апрацоўчай прамысловасці казаць не даводзіцца. Горназдабыўная прамысловасць знаходзіцца ў зоне росту па выніках мінулага года (+2,7%). Аднак доля апошняй у ВУП вельмі малая і складае толькі 0,8%.

Акрамя таго, пра агульнае пагаршэнне паказчыкаў вытворчасці ўскосна сведчыць працяг спаду ў сферах водазабеспячэння і выдалення адходаў (-2,6% у канцы снежня), забеспячэння электраэнергіяй і газам (-2,0%). Месяцам раней паказчыкі былі крыху лепшыя — мінус 2,5 і мінус 1,5 адпаведна.

І цяпер пра самае характэрнае. Лідарам росту выглядае сфера сельскай гаспадаркі. Калі за студзень-лістапад 2022 года аб'ём вытворчасці прадукцыі, тавараў, работ і паслуг дадаў 3,0% да аналагічных вынікаў мінулага года, то па выніках года стала яшчэ лепш — рост на 4,4%. З іншага боку, відавочным правалам выглядае дынаміка такой сферы, як IT — па выніках дванаццаці месяцаў яна прымудрылася сысці ў адмоўную зону (мінус 2,2%).

Па вялікім рахунку, мы бачым, як вымалёўваюцца контуры архаізацыі эканомікі, калі прарыўныя сучасныя сектара губляюць сваю значнасць, а на першы план зноў выходзяць менш тэхналагічныя, залежныя ад прыроднага патэнцыялу краіны галіны.