Вядомыя ІТ-кампаніі — цяпер у спісе юрасоб з акцыянерамі з недружалюбных краін. Што ім пагражае?
У новым спісе — у прыватнасці, EPAM, Exadel, Easybrain, Intetics, iTechArt, Andersen. У той жа час са спісу выключылі былую юрыдычную асобу Wargaming у Беларусі «Гейм Стрым». Гэтым кампаніям забаронена адчужаць долі (акцыі) у беларускіх юрыдычных асоб без дазволу Мінфіна.
EPAM, Exadel, iTechArt і яшчэ больш чым 30 вядомых ІТ-кампаній трапілі ў абноўлены спіс юрыдычных асоб з акцыянерамі з недружалюбных краін. Ім забаронена адчужаць долі (акцыі) у беларускіх юрыдычных асоб без дазволу Мінфіна, піша devby.
У пашыраным спісе, які зацвердзіў урад новай пастановай, амаль 1900 кампаній — у 10 разоў больш, чым у першым, які быў апублікаваны яшчэ летам мінулага года.
Тады ў спіс уключылі толькі некалькі ІТ-кампаній: «ЭПАМ Сістэмз», «Гейм Стрым», IBA Gomel Park, ТАА «АйТиСаппортМи».
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь паведаміў, што такое рашэнне прынялі “на падставе часткі першай падпункта 2.13 пункта 2” указа беларускага кіраўніка “ад 14 сакавіка 2022 г. № 93 "Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі".
Што гаварылася ў пастанове?
"Для абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь акцыі блакуюцца на рахунках «дэпо» іх уладальнікаў згодна з пералікам на падставе прадпісання Міністэрства фінансаў аб накладанні абмежаванняў па распараджэнні каштоўнымі паперамі", — гаворыцца ў пастанове.
У выпадку ўнясення змяненняў у пералік Міністэрства фінансаў выдае:
- прадпісанне аб накладанні абмежаванняў па распараджэнні каштоўнымі паперамі для забеспячэння блакавання акцый на рахунках "дэпо" новых уладальнікаў, уключаных у пералік;
- прадпісанне аб зняцці абмежаванняў па распараджэнні каштоўнымі паперамі для забеспячэння разблакіроўкі акцый на рахунках «дэпо» ўладальнікаў, выключаных з пераліку.
У пашыраным пераліку аказалася некалькі дзясяткаў ІТ-кампаній, у тым ліку шмат вядомых. Акрамя EPAM у спісе — Exadel, Easybrain, Viber, «Яндэкс Бел», «АндерсенБел» і іншыя. У той жа час са спісу выключылі былую юрыдычную асобу Wargaming у Беларусі «Гейм Стрым». Яшчэ ў мінулым годзе Wargaming паспеў прадаць кампанію расійскай Lesta.