Хронікі рэпрэсій. У спіс «тэрарыстаў» унеслі ўплывовага бізнесмена, а ў «экстрэмісты» — грамадзян Расіі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 27 студзеня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


МУС у чарговы раз абнавіла «спіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У спіс дадалі 20 чалавек — цяпер у ім 2370 асобаў.

Акрамя іншых, у спіс трапілі муж і жонка Дзяніс і Святлана Шарамеццевы, старшыня Незалежнага прафсаюзу на «МАЗ» Арцём Жарнак, а таксама дзве грамадзянкі Расіі — Кацярына Глінская і Алена Яфрэменка.

* * *

Пагаршаецца стан здароўя журналіста Сяргея Сацука. У магілёўскай турме яму наўмысна не даюць неабходныя лекі, паведамляе БАЖ.

Сваякі Сяргея, яны атрымалі ад яго два запар лісты, у якіх ён скардзіцца, што па-ранейшаму мае патрэбу ў неабходнай колькасці таблетак:

«Моцна захварэў, паднялася тэмпература і абвастрыўся гаймарыт. Піша, што ў гэты раз прыхапіла грунтоўна. Але толькі калі з'явіўся рэзкі кашаль, лекар прапісаў антыбіётык і нават дазволіў два дні пасцельнай рэжыму — само па сабе небывалае паслабленне. Па-ранейшаму праблемы з сэрцам, здарыўся прыступ мігацельнай арытміі, бо выкарыстоўвае толькі палову таго, што трэба, каб зэканоміць таблеткі, якія сканчаюцца. Лекі, якое мы адправілі раней, не даюць, хоць ён рэгулярна звяртаецца. На жаль, хваравіты стан ігнаруецца», — адзначаюць сваякі..

Большасць лістоў ад сям'і Сацуку не перасылаюцца. Акрамя таго, палітвязня па невядомых прычынах рэгулярна пераводзяць з адной камеры ў іншую.

Нагадаем, журналіста прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі.

* * *

24 студзеня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю журналіста Алеся Любенчука. У выніку прысуд пакінулі без зменаў, а апеляцыйную скаргу адхілілі. Неўзабаве журналіста перавядуць у калонію.

Алеся Любенчука затрымалі 26 траўня. Яго абвінавацілі па ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). 27 кастрычніка суддзя Алена Ананіч пакарала палітвязьня да трох гадоў пазбаўлення волі.

Алесь шмат займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў сіротам, арганізоўваў турыстычныя паездкі і аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну.

* * *

Палітвязню журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву сёння — 45 гадоў. Гэта ўжо трэці дзень нараджэння, які журналіст, прысуджаны па «справе БелаПАН» да 14 гадоў калоніі, сустракае ў няволі.

Андрэй — заўзятар «Ліверпуля», пераклаў гімн футбольнага клуба на беларускую мову.

* * *

Пра хуткі пачатак ліквідацыі прыватнага выдавецтва «Кнігазбор» паведаміў у сацсетках яго дырэктар Генадзь Вінярскі. «27 гадоў працы, каля 3 тысяч найменяў кніг, сустрэчы з аўтарамі, прэзентацыі, выставы... Сення здаў у Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пасведчанне выдаўца».

Раней Мінінфарм некалькі разоў прыпыняў дзейнасць незалежнага выдавецтва па фармальных прычынах, нібыта за парушэнне тэрмінаў падачы звестак, якія змяніліся. Затым дзяржаўная сетка кнігарняў скасавала з выдавецтвам дагавор на распаўсюд — але кнігі ўсё яшчэ можна купіць на інтэрнэт-пляцоўках і ў некаторых прыватных крамах.

* * *

Мінскі гарадскі суд вынес чарговы прысуд у «справе Зэльцэра». 38-гадовага палітвязня Сяргея Бушыка, які, паводле версіі пракурора, каментарамі ў Інтэрнэце «распальваў іншую варожасць» і «абражаў прадстаўніка ўлады», прысудзілі да 2 гадоў калоніі.

* * *

Праваабаронцам стала вядома імя яшчэ аднаго беларуса, затрыманага пасля размовы ў чат-рулетцы з правакатарам Юрыем Камаром, які прадстаўляецца ўкраінцам. Жыхар Рагачова Дзмітрый Лагуценка падчас размовы папрасіў ва ўкраінцаў зброю. Змітра затрымалі разам з ягоным сябрам, на галовы мужчынам сілавікі надзелі БЧБ-сцягі, а потым прымусілі мыць імі падлогу.

* * *


* * *

Палітвязень прадпрымальнік з Мінска Андрэй Ізотаў, асуджаны на два гады «хіміі» за абразу амапаўца, цалкам адбыў тэрмін пакарання і выйшаў на волю. Яго затрымалі ў 2021 годзе, зняўшы з авіярэйсу на Маскву, і 4 месяцы да суда трымалі пад вартай.

* * *

КДБ унёс у спіс «тэрарыстаў» сузаснавальніка Wargaming і аднаго з найуплвывовых бізнесоўцаў Беларусі Мікалая Кацалапава.

43-гадовы Кацалапаў скончыў фізфак БДУ, пасля ўніверсітэта пайшоў працаваць у кампанію InterVelopers, якая неўзабаве пачала супрацоўнічаць з Wargaming. З 2002 года Мікалай пачаў кіраваць развіццём бізнесу ў кампаніі і займае гэтую пасаду дагэтуль.

Бізнэсовец, па звестках CSE, валодае каля 17% акцый Wargaming (агульны кошт кампаніі больш за мільярд долараў) і займаецца шэрагам інвестыцыйных праектаў. «Ежедневник» традыцыйна ўключаў яго ў спіс найбольш уплывовых беларусіх бізнесоўцаў — у рэйтынгу за 2021 год ён заняў 18 месца.

Цяпер адзін з самых багатых і паспяховых беларусаў прызнаны ўладамі «тэрарыстам» за «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці». Невядома, каму менавіта ахвяраваў грошы Мікалай Кацалапаў.