«Зэкамерон» Максіма Знака з’явіцца на англійскай мове
Выдавецтва «Scotland Street Press» выпусціць «Зэкамерон» Максіма Знака на англійскай мове.

100 апавяданняў у «Зэкамероне» заснаваны на «Дэкамероне» XIV стагоддзя, але Знак бліжэй да Бекета, чым да Бакача. Банальнасць і жорсткасць супернічаюць з чалавечай здольнасцю пераадольваць прыгнёт, пішуць на сайце выдання.
Кніга з’явіцца ў продажы 1 сакавіка, аднак перадзамову можна зрабіць ужо цяпер.

Максім Знак — вядомы беларускі адвакат і актывіст. На прэзідэнцкіх выбарах 2020-га ён быў юрыстам штаба апазіцыйнага кандыдата Віктара Бабарыкі і чальцом прэзідыума Каардынацыйнага савета апазіцыі, выступаў як адвакат Святланы Ціханоўскай і Марыі Калеснікавай. 9 верасня 2020-га Знак быў арыштаваны, а ў 2021-м асуджаны на дзесяць гадоў паводле сумна вядомых «экстрэмісцкіх» артыкулаў.

— «Зэкамерон» нарадзіўся ў цьмяным святле камеры папярэдняга зняволення, — гаворыцца ў рэцэнзіі да кнігі, якую змясціла «Новая газета Еўропа». — Максім шмат гадоў пісаў для розных беларускіх выданняў і вёў калонку ў «Белгазеце». Вывераны стыль — лёгкая публіцыстычная мова, змяшаная з турэмнай гутарковай — верагодна, тлумачыцца менавіта гэтым вопытам. Назва «Зэкамерон» не проста двайны каламбур, абыгрывае разам і «зэка», і «камеру» — героя і месца дзеяння. Яшчэ і падвойная адсылка. Відавочная — да класічнага твора Джавані Бакача. Менш ясная (магчыма, і для аўтара) — да кнігі пра Калыму Вернана Крэса. Яна так і называлася — «Зэкамерон ХХ стагоддзя», але трохі згубілася ў цені Шаламава і Салжаніцына. Падабенства з Бакача большае: таксама замкнёная прастора, хоць СІЗА, вядома, не віла блізу Фларэнцыі.
100 кароткіх гісторый — толькі ў італьянца навелы, а тут нарысы пра жыццё турмы, камеры і яе вымушаных пастаяльцаў памерам у адну-дзве старонкі.
Галоўнае супадзенне ўсё ж у іншым. Быў у сярэднявечнай літаратуры такі жанр — шэстаднеў, або гексамерон, звязаны з ідэяй чароўнага стварэння свету. У Бакача (праўда, больш не за шэсць, а за дзесяць дзён) «робіцца» новае гуманістычнае таварыства. У камеры папярэдняга зняволення спяшацца няма куды, ды і гадаць пра тэрмін няма чаго. Але ў кнізе Максіма Знака адбываецца нешта падобнае: яна таксама пра тое, як у хаце вымушана нараджаецца новае грамадства — і так шмат у чым гуманістычнае.
