Уводзім прозвішча Знак, а сістэма піша: «Фінансаванне тэрарызму». Інтэрв'ю з бацькам Максіма Знака
Спатканне з сям'ёй праз шкло, адна лядоўня на 30 чалавек, забарона пісаць лісты не сваякам і жоўтая бірка на вопратцы палітвязня — бацька юрыста Максіма Знака распавёў, як сядзіць яго сын, якога рэжым лічыць «датычным да тэрарызму» за тое , што ён патрабаваў выконваць заканадаўства аб выбарах.
«Відаць, да нас нехта прыйшоў», — гэтыя словы сталі апошнімі, якія прэс-сакратар штаба Віктара Бабарыкі Глеб Герман 9 верасня 2020 года пачуў па тэлефоне ад юрыста Максіма Знака. Знак, кандыдат юрыдычных навук і ўдзельнік міжнародных рэйтынгаў (Legal 500, IFLR1000 і Who's Who Legal), працаваў у штабе Бабарыкі, а пасля выбараў і пачатку пратэстаў у Беларусі ў жніўні 2020-га ўвайшоў у прэзідыум Каардынацыйнай рады апазіцыі. Праз імгненне пасля таго, як Знак павесіў слухаўку, Герман атрымаў ад яго смс: «Маскі». Дома ў Знака і ў штабе Бабарыкі сілавікі ў чорных масках правялі ператрусы. Камеры відэаназірання зафіксавалі, як амаль два дзясяткі чалавек выломлівалі дзверы ў офіс штаба.
Максіму Знаку прад'явілі абвінавачванні па артыкулах аб «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (арт. 361), аб змове з мэтай захопу ўлады (арт. 357), аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім (арт. 361-1). 6 верасня 2021 года беларускі суд прыгаварыў Знака да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У маі 2022 года КДБ унёс яго ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Жоўтая бірка палітвязня
Адбываць тэрмін Максіма Знака адправілі ў папраўчую калонію №3 у пасёлак Віцьба Віцебскай вобласці Беларусі. Яго жыццё і кантакты з навакольным светам вызначаюцца рэжымам (у Знака ён узмоцнены) і жоўтай біркай — нашыўкай жоўтага колеру з прозвішчам на вопратцы. Праваабаронцы высветлілі, што такія біркі выдаюць у турмах зняволеным, «схільным да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». «Палітычных» ставяць на такі ўлік амаль адразу ж. Апроч біркі на вопратцы да ложка зняволенага, які стаіць на ўліку, прымацоўваюць жоўтую таблічку.
Жоўтыя біркі нясуць сваім уладальнікам дадатковыя працу, пазбаўленні і кантроль. Зняволеныя з такімі нашыўкамі павінны працаваць у суботу, калі ў астатніх выхадны. Або заставацца на працы даўжэй, калі да гэтага ў іх была другая змена. Для іх ёсць дадатковыя праверкі — «пералік», ім даецца менш званкоў, спатканняў і перадач.
Тэлефонныя званкі сваякам абмежаваныя, але не забароненыя: Максім тэлефануе раз на тыдзень ці раз на дзесяць дзён — чатыры разы на месяц, распавядае Аляксандр Знак. «Тэлефануе ён па чарзе: жонцы, мне, сястры, сыну — раз у месяц хтосьці з нас дзесяць хвілін можа з ім пагаварыць». Каб захоўвалася такая магчымасць, у зняволенага павінны быць грошы на спецыяльным рахунку (Максіму пераводзяць родныя). «Гутарка чыста бытавая адбываецца: ён кажа, калі раптам лекі нейкія патрэбныя. Калі гэта напярэдадні нейкай перадачы, то ўзгадняем, чаго яму больш хочацца, — расказвае Аляксандр Знак. — Іншым зняволеным, у якіх няма жоўтых бірак, дазваляюць карыстацца яшчэ і скайпам. А гэтым [палітвязням] нельга. Забойцам, гвалтаўнікам можна, а гэтым — нельга». Званкоў па тэлефоне таксама можна пазбавіцца, калі адміністрацыя калоніі палічыць, што зняволены нешта парушыў.
Колькасць перадач залежыць ад рэжыму: на ўзмоцненым дазваляецца адна раз у чатыры месяцы — не больш за 50 кг.
«Умоў захоўвання там, вядома, няма, — расказвае Аляксандр Знак. — Ёсць адзін халадзільнік на 30 чалавек, але можаце сабе ўявіць, колькі ў ім месца на кожнага чалавека. Таму мы стараемся перадаваць сухафрукты, арэхі, нейкую сухую каўбасу, якая не патрабуе адмысловых умоў захоўвання.Каб парадаваць, самі солім чырвоную рыбу, адпраўляем сыра кавалачак, які можа ўлезці ў гэты халадзільнік, цукерак нейкіх. Хоць у апошні час я з ім дамовіўся, што ён ужо не маленькае дзіця, абыйдзецца без цукерак. Лепш сала кавалачак з'есць».
Яшчэ два-тры месяцы таму ў сувязі з каранавірусам можна было раз у месяц перадаваць 10 кг гародніны і садавіны: дазваляліся апельсіны, яблыкі, часнык, цыбуля і лімоны. Але зараз гэтую магчымасць адмянілі. Ёсць медыцынская перадача, якую можна перадаваць раз на паўгода, яна ўзгадняецца з урачом у калоніі. Акрамя лекаў у яе ўваходзяць і вітаміны.
Адзенне і гігіенічныя прыналежнасці дазваляецца перадаваць толькі раз у год. «У гэтым годзе мы такую перадачу ўжо перадалі. Нібыта там тыя, хто выходзіць на волю, пакідаюць свае рэчы тым, хто застаецца, і такім чынам гардэробчык таксама крыху абнаўляецца», – кажа Аляксандр Знак.
Зняволеным у калонію можна адпраўляць грошы: тым, хто на ўзмоцненым рэжыме, дазваляюць перавесці пяць базавых велічынь (гэта 160 рублёў ці $63,5). Іх можна траціць у краме на тэрыторыі калоніі. Але пасля таго, як Максіма ўнеслі ў спіс «датычных да тэрарызму», з пераводам грошай узніклі праблемы, расказвае яго бацька: «Раней мы іх адпраўлялі па пошце, але раптам высветлілася, што Максім у нас яшчэ і "тэрарыст" — гэта там, дзе Бэн Ладэн, Аль-Каіда, Хамас і гэтак далей. І зараз, калі на пошце ўводзім прозвішча Знак, яна [сістэма] піша: "Фінансаванне тэрарызму" — і нельга нічога адправіць. Цяпер мы вымушаныя вазіць грошы ў калонію і там праз бухгалтэрыю пераводзіць: трэба прарабіць нейкія такія аперацыі, аддаць ім наяўныя грошы, яны іх кудысьці залічаць — і толькі потым можна іх траціць у краме турэмнай».
«Але Максім там яшчэ і зарабляе ж!» — дадае Аляксандр Знак. У калоніі яго сын працуе памагатым швачкі, але што сапраўды ён робіць, бацька не ведае: «Макс шмат не кажа пра гэта». «Неяк ён сябе назваў "Я хлопец рэзкі" — значыць, рэжа. На ўзбраенні ў яго ёсць нажніцы», — кажа Аляксандр. Вытворчасць, дзе працуе Максім, размешчана ў металічным ангары: летам там горача, а зімой холадна.
За мінулы месяц Максім Знак зарабіў 46 капеек ($0,18). «Адзін раз аж 54 капейкі ($0,21) зарабіў», — распавядае яго бацька. Гэтыя грошы дадаюцца да атрыманых ад сваякоў 160 рублёў. Але аказалася, што і на гэтую суму ёсць абмежаванні. Напрыканцы ліпеня ў адным са сваіх лістоў Максім распавёў, што нічога не змог купіць: «Прыйшоў сёння ў магаз, а мне кажуць: "А чаго гэта вы прыйшлі? Ліміт!" Як вядома, зіма для беларусаў прыходзіць нечакана, вось і я здзівіўся, але памятаючы пра тое, што любыя абмежаванні варта разглядаць як магчымасці, узрадаваўся. Я ўжо пісаў, што павучыцца жыць на 160 рублёў у месяц — гэта нядрэнны навык для звычайнага жыцця. Упэўнены, у мяне атрымаецца».
«Які ж я бацька, што дазволіў апынуцца яму за кратамі?»
Па рэжыме Знаку належаць тры кароткатэрміновыя спатканні ў год па чатыры гадзіны і два доўгатэрміновыя. На тэрыторыі калоніі ёсць нешта накшталт атэля ці інтэрната, куды магла б прыехаць жонка і дзе яны маглі б правесці 2-3 дні. Праўда, аднаго доўгатэрміновага спаткання Максіма Знака ўжо пазбавілі, за што — родныя не ведаюць.
Падчас кароткатэрміновых спатканняў блізкіх аддзяляе ад зняволенага шкло, гавораць яны праз тэлефонную трубку. На адным такім спатканні былі жонка і сын Максіма, на другім — бацька, сястра і сын. «Ён з аднаго боку, мы з другога. Мы пра нешта з ім размаўляем. Але вельмі цяжка пра гэта казаць…» — прызнаецца Аляксандр. Пасля затрымання 9 верасня ён убачыў сына 25 снежня 2020 года, а потым толькі 7 ліпеня 2021-га. «Для мяне гэтае спатканне было псіхалагічна вельмі цяжкім, — расказвае Аляксандр Знак. — Макс выглядаў нармальна. Хаця потым высветлілася, што ён хварэў у гэты час — прастуда ці нешта яшчэ. Але калі не прыглядацца, то ўсё нармальна, спартыўны хлопец. Калі ты бачыш сына за кратамі, то сканцэнтравацца на ягоным вобразе вельмі складана... Таму што ўвесь час думаеш: які ж я бацька, што я дазволіў апынуцца яму за кратамі? І я не магу нічога зрабіць, каб яго адтуль выцягнуць. Гэта мой сын, я ведаю, што ён сядзіць нізавошта — і я нічога не магу зрабіць. А магу толькі глядзець на яго, а потым ехаць і думаць аб гэтым».
Праз лісты мець зносіны з сынам лягчэй, прызнаецца Аляксандр Знак: «Макс тры разы на тыдзень піша мне, я стараюся кожны дзень у працоўныя дні пісаць яму. Бо лісты мы нумаруем, я бачу, што яны не губляюцца. Акрамя мяне яму піша яго жонка, яго сын і яго сястра. І ён нам усім адказвае. Бывае так: каб зэканоміць на канвертах, ён укладвае ліст мне і сястры ў адзін канверт і камусьці з нас адпраўляе».
Тыя ўрыўкі з лістоў, якія могуць быць цікавымі камусьці яшчэ, бацька Максіма публікуе ў сацсетках, таму што ні ад каго, акрамя родных, Максім Знак нічога не атрымлівае. «Паказваем, што чалавек нармальным застаўся. І чым мне па тэлефоне адказваць, мне прасцей напісаць гэтыя дзесяць радкоў з яго ліста: дзе ён разважае, нейкая думка цікавая, можа, кніга нейкая трапілася цікавая, як ён бавіць час. Людзі таксама цікавяцца, што ён там робіць. Ён піша пра фізічныя практыкаванні, пра ёгу, пра нямецкую мову».
Пакуль Максім Знак быў у СІЗА, ён вёў перапіску больш як з тысячай чалавек. Ягоны бацька кажа, што за гэты час сын напісаў каля сямі тысяч лістоў – атрымаў каля шасці з паловай тысяч. «Ясна, што нейкія лісты не аддавалі, але тым не менш гэта была вялікая лічба, і ў галаве гэта не ўкладваецца. Калі мы дзялілі лісты на дні, то атрымалася, што ў дзень ён пісаў каля 15 лістоў».
Пасля таго, як Максім патрапіў у калонію, усё змянілася.
«Я лічу, што гэта вельмі і вельмі крыўдна. Я не ведаю, ці існуе нейкі падзаконны акт, які дазваляе адміністрацыі калоніі рабіць такое — не даваць перапісвацца, — кажа бацька Максіма. — Мы ж чулі, што калісьці ў сталінскія часы быў такі тэрмін "без права перапіскі" — даць 10 гадоў без права перапіскі. Здаецца, цяпер гэтага няма. І я не ведаю, што павінна рабіць грамадства, якога, вядома, тут, у Беларусі, амаль не засталося, каб вырашыць гэтую праблему».
Забарона сыну на перапіску з іншымі людзьмі яго вельмі хвалюе, бо, лічыць Аляксандр, іх лісты натхнялі Максіма на літаратурную творчасць, і гэта надавала знаходжанню ў зняволенні хоць нейкі сэнс:
«Калі яму пісалі тысяча чалавек, разумееце, якую падтрымку і энергію ён адчуваў! Вынікам гэтай падтрымкі сталі тры напісаныя кнігі. Адна з іх — "Зэкамерон". Я лічу, што з часам многія зразумеюць, што гэта добрая літаратура. Другая, пра юрыстаў, яшчэ нідзе "не надрукаваная", яе трэба рэдагаваць і аддаваць у друк. І трэцяя — фантастычная аповесць, але яе ён толькі даслаў».
Патрапіўшы ў калонію, Максім Знак не мае гэтай падтрымкі: «У яго няма лістоў ад іншых людзей, у яго ёсць лісты толькі ад бацькі, які забараняе есць цукеркі, — з горкай іроніяй кажа Аляксандр. — І ў яго зніклі і запатрабаванне, і жаданне нешта тварыць. Можа, там няма часу, але нам лісты ён піша ж, на галаве ён стаіць, а нічога не піша. Калі ён пісаў, то хоць нейкі сэнс быў у тым, што ён там сядзіць: ён не проста сядзеў, а ствараў тое, што будзе жыць пасля яго».
«Макс вельмі верыў у закон, а якія законы ў нашым царстве?»
«Мне ў спадчыну ад Макса дасталіся яго сябры. Іх шмат. Я з імі часам размаўляю — яны быццам бы выконваюць яго наказ і мяне падтрымліваюць. І я вельмі рады таму, колькі разумных і прыемных людзей сярод яго сяброў, у яго асяроддзі, — кажа Аляксандр Знак. — Па-другое, я бачу, колькі людзей не ведаюць ні мяне, ні Макса, а выказваюць мне словы падтрымкі. Напэўна ж ён іх чымсьці зачараваў, і, можа, гэта было нездарма — усе гэтыя дзеянні, калі ў цябе раптам з'явілася столькі прыхільнікаў, людзей, якія паверылі табе і паважаюць цябе».
Але шануючы падтрымку аднадумцаў Максіма, Аляксандр Знак лічыць, што перамены, якія адбыліся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, прывялі толькі да горшага, а камандзе Бабарыкі не варта было працягваць выбарчую кампанію, убачыўшы ўжо першыя парушэнні працэсу.
У час размовы Аляксандр не раз паўтараў, што выказвае свае меркаванні як чалавек, які не мае ніякага дачынення да палітыкі, як звычайны сельскі жыхар, які спрабуе зразумець, чаму так усё склалася з яго сынам. Ён лічыць, што памылка Максіма была ў тым, што ён паверыў у дзяржаву і закон.
«Макс вельмі верыў у закон, а далей яго ўчынкі былі нелагічныя з пункту гледжання палітычных дзеянняў, — лічыць Аляксандр Знак. — Я не кажу, што ён нешта парушыў. Яму спадабаўся Бабарыка, і ён усё зрабіў (магчымае і немагчымае) для яго. Не па іх жа віне Бабарыку не выбралі. Але ён паказаў усяму свету, што няправільна яго не зарэгістравалі — усе ў гэтым пераканаліся. І мне здаецца, на гэтым яго справа павінна была скончыцца. Але ён пачаў мітусіцца».
Аляксандр прызнаецца, што і сам спачатку падзяляў энтузіязм сына: «Ніколі нават не галасаваў на выбарах, але тут паверыў». І паспрабаваў патрапіць ва ўчастковую выбарчую камісію, назіраць за выкананнем закона на выбарах. Яму адмовілі «ў сувязі з тым, што кавід» — і ў камісію ўзялі на два чалавекі менш, чым павінны былі, выключыўшы яго і прадстаўніка ініцыятывы «Сумленныя людзі». На гэтым этапе, мяркуе Аляксандр, трэба было спыніцца і камандзе Бабарыкі: «Напэўна, у іх нейкі азарт з'явіўся, бо нягледзячы на тое, што кандыдата іх арыштавалі, камісіі сфарміравалі не так, пачалі подпісы прызнаваць несапраўднымі, яны працягвалі. Але ўжо было бачна, што ўлада не хоча ніякіх сумленных выбараў».
Ужо пасля затрымання Бабарыкі і пасля выбараў юрыст выбарчага штаба Максім Знак праводзіў стрымы, падчас якіх тлумачыў, як павінен працаваць закон і ў чым парушэнні, дапушчаныя беларускімі ўладамі. «Здавалася, што ўсё проста, што мы зараз усё зробім. А ўлады з самага пачатку сталі казаць, што "часам не да законаў"» (гэтую фразу, «часам не да законаў», Аляксандр Лукашэнка вымавіў на сустрэчы з пракурорамі Беларусі 10 верасня 2020 года).
Навошта Максім і каманда штаба працягвалі дужацца пры ўсіх парушэннях законаў з боку ўлад, Аляксандр зразумець не можа: «Вельмі балюча гэта бачыць, адчуваць бездапаможнасць, балюча адчуваць, што Макс страціў тое, чаму прысвяціў сваё жыццё, — вывучэнню законаў. Якія законы могуць існаваць у нашым царстве? Уявіце, што чалавек 20 гадоў, крыху больш, станавіўся юрыстам, і высветлілася, што нікому тут гэта не трэба. А як можа існаваць дзяржава, у якой не існуе права?»
У маі 2022 года Рабочая група па адвольных затрыманнях ААН прызнала, што пазбаўленне волі Максіма Знака праведзена з парушэннем артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і з'яўляецца адвольным. Максім Знак павінен быць неадкладна вызвалены, яму павінна быць выплачана кампенсацыя, гаворыцца ў заяве працоўнай групы. Ліст аб гэтым накіраваны ўладам Беларусі 21 мая 2022 года.
Па прыгаворы тэрмін Максіма Знака заканчваецца ў студзені 2030 года.
Паводле Current Time