«Мы яшчэ ўсур'ёз не пачыналі». Новыя санкцыі ЕС закрануць важную для Лукашэнкі сферу

Крыніцы «Нашай Н*вы» ў дыпламатычным корпусе расказалі пра магчымыя нюансы чарговага пакета санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, пра які можа быць абвешчана праз тры тыдні.

2p_semena_1.jpg


Раней брусэльскі карэспандэнт Радыё Св*бода Рыкард Ёзвяк паведамляў, што ўжо на гэтым тыдні ЕС павінен узгадніць чарговы пакет санкцый супраць беларускага рэжыму. Плануецца, што пад іх трапяць тавары і тэхналогіі двайнога прызначэння, якія могуць быць выкарыстаныя ў ваенных мэтах. Таксама пад абмежаванні трапяць цэлыя сектары эканомікі — нафта, вугаль, сталёвая прадукцыя і золата. Акрамя таго, санкцыі, як мяркуецца, закрануць авіяцыйны і энергетычны сектары краіны. Раней аналагічныя санкцыі ЕС увёў супраць Расіі.

А праз пару тыдняў, па інфармацыі Ёзвяка, Еўрасаюз прадставіць дзясяты пакет санкцый супраць Расіі. Іх плануюць узгадніць да першай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Аднак, паводле крыніцаў «Нашай Н*вы», санкцыі, датычныя Беларусі, будуць значна болей сур'ёзнымі.

«Лукашэнка думаў, што Захад ужо зрабіў усё, што мог. Мы хочам сказаць яму той адзінай мовай, якую ён разумее: “Мы яшчэ нават усур'ёз не пачыналі”», — сказаў выданню дыпламат адной з суседніх краін.

Расія «ўсур'ёз яшчэ нічога не пачынала» — гэта фраза Уладзіміра Пуціна, якую ён сказаў у ліпені 2022 года.

«Вельмі цвёрдая пазіцыя ў Варшавы, — адзначае іншы еўрапейскі дыпламат. — Яны абураныя тым, што Лукашэнка робіць з польскай дыяспарай і яе маёмасцю ў Беларусі. У адказ на гэта Польшча ўнесла прапанову аб забароне экспарту ў Беларусь тавараў сельскагаспадарчага прызначэння з Захаду», — расказаў ён.

Маецца на ўвазе насенне, сродкі абароны раслін, сперма жывёл і гэтай далей — гэта тое, чаго сама Беларусь і Расія не вырабляюць.

«Гэтым пакетам мы хочам паказаць, што будзем гаварыць з Лукашэнкам той жа мовай, якой ён з намі, і столькі часу, колькі трэба», — кажа дыпламат.

У Еўропе ўстрывожаныя дэструктыўнай роллю Беларусі адносна Украіны: Мінск працягвае правакацыйныя манеўры, размяшчае расійскія войскі, рыхтуе расійскую армію і рэтранслюе чалавеканенавісніцкую прапаганду. Акрамя таго, рэжым крок за крокам працягвае варожыя адносна суседзяў і Захаду дзеянні.

«У Еўропе ёсць разуменне, што раней не закранутая санкцыямі сельская гаспадарка — крыніца вялізных прыбыткаў Лукашэнкі», — сказаў іншы суразмоўца.

«Сапраўды, прапановы санкцый супраць паставак насення і іншых сельскагаспадарчых тавараў ёсць. Таксама плануецца сінхранізаваць санкцыі супраць Беларусі з санкцыямі, якія ўжо дзейнічаюць супраць Расіі. Прапановы ўжо ляжаць у Бруселі, іх дапрацоўка зойме недзе два тыдні. Пасля гэтага будзе тры "дні цішыні": калі любая краіна можа паглядзець выніковы варыянт і ўнесці пратэст. Калі пратэсту не будзе, то санкцыі будуць прынятыя аўтаматычна», — патлумачыў працэдуру дыпламат.

Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі зрабілі рэжым Лукашэнкі таксічным, падняць голас супраць санкцый не рашаюцца яго ранейшыя лабісты. У краіне заведзена да 12 тысяч крымінальных спраў, праваабаронцы прызналі палітвязнямі больш за 1400 чалавек, дзясяткі тысяч былі вымушаныя шукаць прытулак у Еўропе.

А адносна персаналій, па інфармацыі «Нашай Н*вы», санкцыі будуць уведзены супраць новых суддзяў, чыноўнікаў, прапагандыстаў і дыпламатаў.