Аляксандр Фрыдман: Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі могуць увесці прэвентыўна

Еўрасаюз абмяркоўвае новы пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Плануецца не толькі зраўнаваць санкцыі супраць афіцыйнага Мінска з антырасійскімі, але і ўдарыць у самае балючае месца — па сельскай гаспадарцы.

_krama_handal_pustyja_polki_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1_.jpg

Польшча, у адказ на пераслед польскай нацыянальнай меншасці, які чыніцца беларускім рэжымам, прапанавала забараніць экспарт заходніх тавараў сельскагаспадарчага прызначэння ў Беларусь. То-бок забараніць экспарт насення, сродкаў абароны раслін, спермы жывёл — усёй лінейкі сельскагаспадарчай вытворчасці, якая не вырабляецца ні ў Беларусі, ні ў Расіі.

Месяц таму афіцыйны Мінск пазбег санкцыйнага ўдару, а менш чым праз месяц чакаецца не толькі выраўноўванне санкцый супраць беларускага рэжыму з антырасійскімі, але і істотнае іх узмацненне. Ці ўпісваюцца анансаваныя меры ў санкцыйную логіку Еўрасаюза?

Сітуацыю «Новаму Часу» пракаментаваў палітычны аглядальнік, гісторык Аляксандр Фрыдман.

— Санкцыі заўсёды вельмі цяжка прымаюцца, таму што іх павінны падтрымаць усе краіны — члены Еўрасаюза. Таму цяжка прагназаваць, ці пройдуць яны гэтым разам, будуць такімі жорсткімі, як распавядае прэса, ці намнога мякчэйшымі?

Санкцыі насамрэч вельмі хвалююць Лукашэнку. Нават знаходзячыся з візітам у Зімбабвэ, ён не змог абысці тэму санкцый: маўляў, дзякуючы ўведзеным супраць Зімбабвэ заходнім санкцыям Беларусь змагла выйсці на зімбабвійскі рынак. Лукашэнка публічна прагаворвае страхі перад санкцыямі, і гэта відавочна.

Калі санкцыі будуць уведзены, то, мне здаецца, гэта будзе азначаць, што Еўрасаюз усё-такі вырашыў пакараць Лукашэнку за ўсё тое, што адбывалася ў другой палове 2022 года, за ўсе тыя крокі, на якія спачатку асаблівай увагі не звярталі, хаця і крытыкавалі, упрошвалі не рабіць. А Лукашэнка рабіў і робіць: запрашаў расійскія войскі на тэрыторыю Беларусі і цяпер аказвае дапамогу Расіі. Мне падаецца, што Еўрасаюз вырашыў пакараць Лукашэнку сімвалічна да першай гадавіны вайны.

Еўропа зыходзіць хутчэй за ўсё з таго, што Лукашэнка з’яўляецца расійскай марыянеткай і выканае любы загад Крамля. Нельга выключаць, што Еўрасаюз дапускае, што ў выпадку чарговага наступу з тэрыторыі Беларусі давядзецца прымаць новыя санкцыі супраць Расіі. А санкцыі супраць Беларусі могуць уводзіцца прэвентыўна. Гэта таксама магчыма.

Але верагоднасць новых санкцый яшчэ рана ацэньваць, паколькі абгрунтаванняў з боку Еўрасаюза пакуль няма. У заявах еўрапейскіх чыноўнікаў прагучала, што санкцыі рыхтуюцца ў якасці адказу на саўдзел Лукашэнкі ў вайне.

Санкцыі супраць Беларусі і ўводзіць лягчэй, бо ўсё ж такі гэта не Расія, такой эканамічнай вагі не мае. Таму і пераадолець супярэчнасці сярод краін Еўрасаюза куды лягчэй.

Увогуле санкцыі супраць Беларусі ўводзіць, прымаць, знаходзіць дзеля гэтага кансенсус, дабівацца згоды ўсіх краін Еўрасаюза куды прасцей.

Але зноў жа, я б пачакаў прыняцця канчатковага рашэння. Але відавочна, што санкцыі актыўна абмяркоўваюцца і не выклікаюць асаблівых пярэчанняў нават з боку Венгрыі.