«Белавія» не зможа лётаць яшчэ і ў Турцыю?

Найбуйнейшая ў Турцыі кампанія Havaş, якая абслугоўвае самалёты ў аэрапортах краіны, папярэдзіла, што можа спыніць прымаць больш за 170 Boeing беларускіх і расійскіх авіякампаній праз санкцыі ЗША. Але супакойвае, што перавозчыкі могуць скарыстацца паслугамі яе канкурэнтаў.

_aeraport__samalet___vylet__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Найбуйнейшы ў Турцыі правайдар паслуг наземнага абслугоўвання ў аэрапортах — Havaş —папярэдзіў пра рызыкі з абслугоўваннем імпартных самалётаў, якія знаходзяцца ў парках у авіякампаній з Расіі, Беларусі, Ірана і бізнесоўца Рамана Абрамовіча, паведамляе РБК і адзначае, што пра гэта гаворыцца ў лісце кіраўніка кампаніі Havaş.

У спісе, прымацаваным да ліста, гаворыцца, што ў абслугоўванні можа быць адмоўлена пераважна самалётам амерыканскай вытворчасці Boeing, а таксама некалькім лайнерам еўрапейскай Airbus. Усяго ў спісе больш за 170 самалётаў расійскіх авіякампаній, сем беларускіх і чатыры іранскія.

У гэтым спісе Havaş пералічаныя самалёты, якія трапілі пад абмежаванні Мінгандлю ЗША, уведзеныя яшчэ вясной 2022 года ў адказ на пачатак вайны Расіі ва Украіне.

Цяпер правайдар вывучае юрыдычныя аспекты сітуацыі і просіць авіякампаніі падаць спісы самалётаў, у вытворчасці якіх выкарыстана не больш за 25% амерыканскіх дэталяў і тэхналогій, вынікае з ліста Havaş.

«Прадастаўленне паслуг па абслугоўванні самалётаў, якія накіроўваюцца ў Расію і Беларусь і сабраных больш чым на 25% з ужываннем тэхналогій амерыканскага паходжання, з'яўляецца парушэннем нормаў экспартнага рэгулявання (Export Administration Regulations, EAR) ЗША, калі такі самалёт эксплуатуецца авіякампаніяй, супраць якой выпушчаны [у ЗША] загад аб часовай адмове ў абслугоўванні (Temporary Denial Orders, TDO)», — піша Havaş.

Кампанія атрымала «інфармацыю аб папераджальных лістах, накіраваных прадстаўнікам турэцкай авіяцыйнай прамысловасці Міністэрствам гандлю ЗША, у якіх гаворыцца аб прыняцці па шэрагу авіякампаній рашэнняў аб часовай адмове ў абслугоўванні ў сувязі з «працягам парушэннямі EAR».

Havaş пачала комплексную праверку, каб ацаніць рызыкі для яе бізнесу і зацікаўленых бакоў. «У выніку гэтага мы можам аказацца не ў стане абслугоўваць некаторыя або ўсе вашы рэйсы. У сувязі з названымі прычынамі мы просім паведаміць пералік самалётаў, што эксплуатуюцца авіякампаніяй, якія створаны з ужываннем менш чым 25% тэхналогій амерыканскага паходжання. < ... > Гэта адзіныя самалёты, якія нам будзе дазволена абслугоўваць пры ўмове, што пры гэтым не выкарыстоўваюцца тэхналогіі амерыканскага паходжання», — адзначаецца ў лісце.


Нагадаем, як пісаў НЧ, у канцы студзеня стала вядома, што Вашынгтон спрабуе націснуць на Анкару з тым, каб спыніць палёты ў Турцыю самалётаў амерыканскай вытворчасці, якія належаць у тым ліку замежным лізінгавым кампаніям, але эксплуатуюцца расійскімі перавозчыкамі і былі перарэгістраваныя ў Расіі летась.

У снежні 2022 года высокапастаўленыя амерыканскія чыноўнікі папярэдзілі аб наступствах, калі турэцкія структуры будуць прадастаўляць паслугі такім расійскім і беларускім перавозчыкам: напрыклад, па запраўцы самалётаў і замене запасных частак. Сярод магчымых санкцый названыя штрафы, страта экспартных прывілеяў, турэмнае зняволенне і іншыя меры.

Расійскія авіякампаніі і беларуская «Белавія» працягваюць лётаць на самалётах Boeing — нягледзячы на намаганні ЗША і ЕС гэта забараніць. Дзейнічаюць санкцыі, якія абмяжоўваюць выхад расійскіх самалётаў у паветраную прастору заходніх краін, а таксама адкліканне кантрактаў на лізінг самалётаў і пастаўку запчастак, неабходных для абслугоўвання самалётаў. Што да беларускай кампаніі «Белавія» — яна пад санкцыямі двойчы: за пасадку Ryanair і за напад на Украіну.


«Тэхнічна гэтыя самалёты скрадзеныя», — лічыць кіраўнік Bosphorus Observer — Стамбульскай кансалтынгавай кампаніі, якая займаецца маніторынгам паветранай і марской актыўнасці.

З 1 кастрычніка 2022 года і да канца студзеня 2023 года авіякампаніі з Расіі і Беларусі выканалі больш за 2,1 тысячы рэйсаў у Турцыю на амерыканскіх Boeing. Гэта беларуская “Белавія”. А сярод расійскіх авіяперавозчыкаў рэйсы туды здзяйсняюць «Аэрафлот», S7 Airlines, «Победа», Red Wings і інш. З Расіі таксама лётаюць турэцкія Pegasus і Turkish Airlines.