Здабыча калію ў Беларусі зменшылася на 60%

Здабыча калію ў Беларусі паменшылася на 60%. Аднак гэта ацэначная інфармацыя, таму што амаль усе лічбы эканамічнай статыстыкі сталі засакрэчанымі, піша «Беларусы і рынак».

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__2__logo.jpg

У цэлым здабыча калію ў свеце скарацілася на 6,3 мільёнаў тон у мінулым годзе, да 40 мільёнаў тон, пры гэтым у Расіі яна ўпала на 45% — да 5 мільёнаў тон, а ў Канадзе вырасла на 12,7% — да 16 мільёнаў тон. Таксама нарасцілі здабычу вытворцы Ізраіля, Іарданіі і Іспаніі.

«На сусветныя пастаўкі калію паўплывалі эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і Расіі, што прывяло да росту коштаў і зніжэння спажывання. Паводле ацэнак, сусветнае спажыванне калію ў 2022 годзе для ўгнаенняў знізілася да 35-39 мільёнаў тон з 40,6 мільёнаў тон у 2021 годзе», — гаворыцца ў дакладзе.

У ім таксама адзначаецца, што Беларусь пасля страты літоўскага маршруту арганізавала экспарт калію па чыгунцы праз Расію ў трэція краіны, а пазней і праз расійскія парты, але «экспарт і вытворчасць калію былі значна ніжэйшымі ў 2022 годзе».


Варта адзначыць, што для Беларусі прыводзяцца ацэначныя лічбы, паколькі ў нашай краіне афіцыйныя даныя аб экспарце калійных угнаенняў закрыты з сярэдзіны 2021 года.

Так, напрыклад, вядома, што Індыя імпартавала на 55% менш калійных угнаенняў з-за складанасцей з аплатай і санкцый. А яна доўгія гады была адным з ключавых рынкаў збыту беларускіх калійных угнаенняў. На долю краіны прыпадала 13 адсоткаў экспартных паставак «Беларуськалій».