Лукашэнка спрабуе выратаваць калійную галіну сакрэтнымі ўказамі
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №203 «Аб рэалізацыі калійных угнаенняў», паведамляе ягоная прэс-служба.
Дакументам устанаўліваецца, што экспартная пошліна за калійныя ўгнаенні можа выплачвацца ў расійскіх рублях, кітайскіх юанях, доларах і еўра. Пры гэтым ураду прадастаўлена права ўстанаўліваць памеры вывазной пошліны на ўгнаенні ў 2022-2023 гадах, піша REFORM.by.
Паводле тэксту ўказа, валюту плацяжу па экспартных пошлінах зможа абіраць плацельшчык з улікам курсу Нацбанка на дзень рэгістрацыі мытным органам мытнай дэкларацыі. Такім чынам, экспарцёры калійных угнаенняў змогуць пазбегнуць лішняй канвертацыі пры прыёме плацяжоў у розных валютах.
Акрамя таго, указ утрымлівае тры пункты і адзін падпункт «для службовага карыстання». Дакумент уступае ў сілу са дня падпісання. Пры гэтым дзеянне аднаго падпункта ДСП распаўсюджваецца на адносіны, якія ўзніклі з 6 красавіка.
Нагадаем, раней Лукашэнка падпісваў указ аб экспарце калійных угнаенняў, вялікая частка зместу якога была засакрэчаная. Акрамя таго, з красавіка пастаўляць угнаенні за мяжу могуць не толькі «Беларуськалій» і «БКК», але і іншыя кампаніі па ліцэнзіях, выдадзеных МАРГ. Трэба адзначыць, што пастанова Саўміна аб ліцэнзаванні экспарту калійных угнаенняў увайшла ў дзеянне якраз з 6 красавіка 2022 года.
А нядаўна ад дазволіў браць аплату за экспарт наяўнай валютай.
«Беларуськалій» цяпер відавочна перажывае не самыя лепшыя часы. Прадпрыемства трапіла пад амерыканскія і еўрапейскія санкцыі, вымушана прадаваць прадукцыю прыкметна танней, чым Расія і Канада. Пры гэтым многія звыклыя рынкі збыту альбо застаюцца зачыненымі, альбо пастаўкі на іх знаходзяцца пад вялікім пытаннем. На гэтым фоне «Беларуськалію» прыйшлося скараціць здабычу і заняцца рамонтам на рудніках, які папярэднія гады пераносілі з-за загружанасці на вытворчасці.