Беларускім кампаніям дазволілі атрымліваць аплату за экспарт гатоўкай

Беларускім кампаніям дазволілі атрымліваць аплату за экспарт наяўнай валютай. Адпаведнае рашэнне прынялі Савет міністраў і Нацбанк, паведамляе прэс-служба ўрада.

Аплата за пастаўкі калію цяпер будзе выглядаць прыкладна так / pexels.com

Аплата за пастаўкі калію цяпер будзе выглядаць прыкладна так / pexels.com


За экспарт тавараў, работ і паслуг беларускія юрыдычныя асобы могуць атрымліваць ад нерэзідэнтаў Беларусі наяўную замежную валюту (долары ЗША, еўра, кітайскія юані). Атрыманыя грошы яны павінны пералічваць на банкаўскія рахункі ў Беларусі, піша Еўрарадыё.

Гэтая мера тлумачыцца дзейнасцю ва ўмовах заходніх санкцый «і складанасці правядзення разлікаў у безнаяўнай форме па валютных экспартных дагаворах».

Дзейнічаць гэтае новаўвядзенне будзе пасля афіцыйнай публікацыі пастановы і па 31 снежня 2023 года.

Як вядома, некалькі беларускіх банкаў ужо адключаныя ад SWIFT, да некаторых такія меры яшчэ рыхтуюцца, іншыя знаходзяцца пад санкцыямі. Таксама разлікі ўскладняюцца абмежаванням у ЕС у дачыненні да Нацбанка на аперацыі з еўра.