«Гісторыя Ірана і Кубы можа вельмі хутка стаць нашай рэальнасцю»
Тэлеграм-канал «Нашы грошы» тлумачыць, чым небяспечна «зхлопванне» знешняга гандлю Беларусі, і чаму ў нас не атрымліваецца «імпартазамяшчэнне», пра якое мы гаворым не першае дзесяцігоддзе.
Апошнія дадзеныя ад Нацбанка датычацца яшчэ толькі сакавіка гэтага года, але і яны паказваюць, наколькі былі слушныя нашы несуцяшальныя прагнозы па беларускім экспарце: трэнд на зхлопванне рынкаў ужо ў дзеянні.
Сёлета экспарт тавараў рос у студзені і лютым, а ў сакавіку ўпаў да $2 млрд 389 млн — на 23% у параўнанні з сакавіком 2021. Аналагічна з імпартам. У пачатку года ён рос, але ў сакавіку абрынуўся да $2 млрд 467 млн або на 26%.
Мы страцілі ўкраінскі рынак, дый іншыя таксама зхлопваюцца з надзвычайнай хуткасцю. Год таму знешні гандаль таварамі адчуваў сябе значна лепш.
Адзначым некаторыя асаблівасці: цяпер імпарт тавараў зніжаецца нават хутчэй, чым экспарт. У выніку гандлёвае сальда па таварах нібыта нават палепшылася: у мінулым годзе яно складала амаль мінус $300 млн, а цяпер усяго толькі мінус $127 мільёнаў. Але падобныя лічбы можна ўявіць як дасягненне, толькі калі змаўчаць, што пры гэтым тавараабарот у цэлым упаў за тры месяцы на чвэрць.
А што з паслугамі? Падзенне адбываецца і там, але не такое хуткае. Экспарт паслуг у сакавіку знізіўся да $754 млн або на 10%. Адбываецца гэта таму, што рынак паслуг не так хутка перакрываецца, як фізічны рынак тавараў. Імпарт паслуг у сакавіку 2022 года склаў $297 млн, і, такім чынам, упаў на 34% да сакавіка 2021.
У выніку экспарт паслуг знізіўся значна менш, чым імпарт (10% супраць 34%). Зноў жа, гледзячы на знешнегандлёвае сальда па паслугах, можна сказаць, што ў мінулым годзе яно давала плюс $388,5 млн, а ў гэтым — цэлых $456 млн, і што гэта — дасягненне. Аднак важна трымаць у розуме, што на самой справе эканоміка ў цэлым значна зніжае абароты і нічога добрага гэта не абяцае.
Сітуацыя збольшага нагадвае тую, у якой аказалася Расія. Туды працягваюць ліцца нафтадолары, але магчымасці купіць на іх нешта карыснае праз санкцыі ўсё менш. Зніжэнне імпарту — гэта ніяк не сінонім імпартазамяшчэння.
Возьмем для прыкладу красоўкі. Уявім, што з Беларусі сышоў Nike. Не адбудзецца аўтаматычнага імпартазамяшчэння, мы ўсё радасна не пяройдзем на прадукцыю «Лідскай абутковай фабрыкі». На самай справе ў краіне проста стане менш якасных красовак. Ну а лідскія красоўкі ў адсутнасці канкурэнцыі вырастуць у цане, не дадаўшы пры гэтым у якасці. Кошты ж на Nike вырастуць яшчэ больш, таму што іх стане больш складана дастаць.
І калі на ўзроўні абутку сітуацыя выглядае непрыемна, але не трагічна, то зусім іншая справа ў іншых імпартазалежных галінах. Скарачэнне імпарту ў нашым выпадку — зусім не перамога. Некаторыя вытворцы ўжо не змаглі закупіць неабходныя камплектуючыя, без якіх стварэнне канчатковага прадукту часцяком немагчыма. Недахоп замежных камплектуючых многім пагражае поўным спыненнем вытворчасці.
А калі мы перастанем вырабляць тавары, якія прыносяць валюту, вытворчасць прыйдзецца або спыняць, або перакладаць на менш канкурэнтаздольныя ўзроўні. Пры гэтым мы не зможам забяспечваць ні вытворчасць, ні ўнутраны рынак тымі прадуктамі і паслугамі, якія раней куплялі за мяжой.
Пачнецца архаізацыя вытворчасці. Усё гэта можа скончыцца калькулятарамі ад «Інтэграла» замест касавых апаратаў і старымі вагонамі электрычак узору 1980-х замест упадабаных «Штадтлер». У той час як многія краіны кажуць, што ўжо неўзабаве па іх дарогах пачнуць ездзіць аўтамабілі без кіроўцаў, мы адкатваемся да тэхналогій даўніны паўстагоддзя. Гісторыя Ірана і Кубы вельмі хутка можа стаць нашай рэальнасцю. А там і да Паўночнай Карэі недалёка.
Пераклад НЧ